Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я думала, што бацькі мяне кінулі». Юлія, якая знайшлася праз 20 гадоў, расказала сваю гісторыю


Юлія Маісеенка

У 1999 годзе 4-гадовая беларуска тры тыдні езьдзіла цягнікамі зь невядомымі людзьмі, пакуль тыя ня кінулі яе на пэроне разанскага вакзалу.

2 верасьня МУС Беларусі апублікавала кароткі ролік пра гісторыю Юліі Маісеенкі, якая ў 1999 годзе ў 4-гадовым узросьце зьнікла ў Пухавіцкім раёне. Дзяўчынку безвынікова шукалі 20 гадоў, пакуль у Пухавіцкі РУУС не пазваніў расіянін Ільля Крукаў. Ён расказаў, што зь Юліяй усё ў парадку. Увесь гэты час яна жыла ў Расеі і нічога ня ведала пра сваю сапраўдную сям’ю. У роліку, зьнятым у Пухавічах, дарослая ўжо дзяўчына сустракаецца са сваімі бацькамі. Юлія расказала Свабодзе, як адбывалася сустрэча і якім было яе жыцьцё ўсе гэтыя 20 гадоў.

«Памятаю толькі, як мяне знайшлі»

«Эмоцыі асноўныя былі на мінулым тыдні, — сказала Свабодзе Юлія. — Цяпер я ўжо апамяталася. Відэа толькі зараз апублікавалі, а так усё на мінулым тыдні здарылася. Жыцьцё зьмянілася ў лепшы бок. Ня кожнаму шчасьціць мець дзьве пары бацькоў».

4-гадовая Юля зьнікла 1 кастрычніка 1999 году. Дзяўчынка ехала з бацькам у электрычцы. У нейкі момант мужчына заснуў, а калі прачнуўся, дачкі побач ужо не было. Потым — заява ў міліцыю, безвыніковыя пошукі, падазрэньні міліцыі на адрас бацькі. Увесь гэты час Юля жыла ў новай сям’і і думала, што сапраўдныя бацькі яе кінулі.

«Я памятаю толькі, як мяне знайшлі, — узгадвае Юлія падзеі кастрычніка 1999 году. — Як я трапіла ў Разань. Мяне высадзіў тут зь цягніка незнаёмы мужчына. Пакінуў на вакзале. Памятаю, як ён мяне проста спусьціў з вагона на пэрон і паехаў. Гэта я цяпер памятаю і памятала заўсёды. У дзяцінстве яшчэ расказвала сваім бацькам-апекунам, што я езьдзіла цягнікамі зь нейкай парай. Што мы хаваліся ад міліцыі, доўга хадзілі. Мяне ж згубілі ў Беларусі 1 кастрычніка, а ў Разані знайшлі толькі 21-га. Гэта значыць, я тры тыдні была з гэтымі мужчынам і жанчынай. Зь якімі мы хаваліся ад міліцыі, жабравалі недзе».

«Пачала жыць з новым татам і мамай»

Юля не змагла патлумачыць міліцыянтам, якія знайшлі яе на пэроне, што яна зь Беларусі. Пра гэта яна сама даведалася толькі ў канцы жніўня 2019 году. Дагэтуль была перакананая, што нарадзілася ў Расеі непадалёк ад Разані.

«На вакзале мяне знайшлі расейскія міліцыянты, — працягвае Юлія. — Нават памятаю, як яны мяне адвезьлі ў аддзяленьне і напаілі гарбатай зь печывам. Гэта для мяне было так нечакана. Пасьля мяне накіравалі ў цэнтар, дзе займаюцца дзецьмі, якія трапілі ў складаную жыцьцёвую сытуацыю. Там дзеці знаходзяцца паўгода. І калі не знаходзіцца сям’і, то дзіця накіроўваюць у дзіцячы дом. У маім выпадку сям’я знайшлася вельмі хутка. Дакладна цяпер не скажу, але, магчыма, гэта здарылася ўжо праз два тыдні. Я пачала жыць у Разані, з новым татам, мамай і яшчэ з двума братамі».

Юлія расла, ведаючы, што яе выхоўвае прыёмная сям’я. Кажа, што некалькі разоў спрабавала шукаць сапраўдных бацькоў. Памятала нейкія дэталі, па якіх іх можна было знайсьці. Цяпер разумее, што ў 1999 годзе расейскія міліцыянты маглі б зьвярнуць увагу на некаторыя асаблівасьці знойдзенай імі дзяўчынкі. Аднак гэтага ніхто рабіць ня стаў.

«Я заўсёды памятала, што маю сапраўдную маму завуць Люда, а тату — Віця. Таксама памятала маленькага хлопчыка. Цяпер аказалася, што гэта быў мой брат. У 1999-м яму было ўсяго 6 месяцаў. Я запомніла, як ён спаў у тазіку. Яшчэ я расказвала, што маю старэйшую сястру. Усё гэта аказалася праўдай. Адзінае, чаго я ня памятала, гэта таго, дзе я жыла. Таму мяне шукалі ў Расеі, у Разанскай вобласьці. Я сама таксама шукала, але не ў Беларусі. Ніхто ня мог нават падумаць, што я не з Расеі. Хоць мне расказвалі, што тады, у 1999-м, я часам гаварыла нярускія словы. „Цыбуля“, напрыклад. Але ніхто не надаў гэтаму значэньня. Чаму мяне ня сталі шукаць у Беларусі — гэта вялікае пытаньне, канечне».

Юлія кажа, што ўжо калі знайшла інфармацыю пра сябе на беларускіх сайтах, адразу зьвярнулася ў расейскую паліцыю. Прасіла паінфармаваць беларускі бок. Аднак ніякай рэакцыі на яе зварот не было. Тады яна разам са сваім сябрам пазванілі ў Пухавіцкі РУУС. Рэакцыя беларускай міліцыі была хуткая. Юлія прыехала ў Пухавічы. Там у РУУС яе ўжо чакалі біялягічныя бацькі. Тут жа дзяўчыне зрабілі ДНК-тэст, які даказаў, што яна сапраўды тая 4-гадовая дзяўчынка, якая згубілася ў электрычцы 20 гадоў таму.

«Маім бацькам гэтая гісторыя далася цяжэй»

«Цяпер я жыву ў Разані, маё жыцьцё склалася добра, — расказвае Юлія. — Мяне выхавалі добрыя людзі, я атрымала адукацыю таваразнаўцы, цяпер атрымліваю другую спэцыяльнасьць — фармацэўта. У мяне ёсьць дзіця, я была замужам. Цяпер у разводзе, але сустрэла Ільлю. Мы зь ім ня так даўно пазнаёміліся, дарэчы».

Дзяўчына кажа, што першая сустрэча з роднымі бацькамі і сястрой была вельмі эмацыйная. Пасьля Пухавічаў яны паехалі ў вёску, дзе жыла сям’я да зьнікненьня Юлі. Цяпер родныя бацькі зьбіраюцца прыехаць да яе ў Разань. Клічуць пераехаць назад у Беларусь, але дзяўчына пакуль ня думае пра гэта. Кажа, што адчувае вялікі стрэс ад пераездаў. Юлія мяркуе, што гэтая ўласьцівасьць магла ўтварыцца тады, у 4-гадовым узросьце.

«Усе былі на эмоцыях, усе былі ў шоку, — кажа Юлія. — Бацькі прыехалі да будынку РУУС, яны мяне адразу пазналі. Пра тое, што я насамрэч зь Беларусі і ў мяне там ёсьць бацькі, я даведалася ў пятніцу. У беларускую міліцыю пазванілі ў нядзелю, беларускім бацькам паведамілі пра ўсё толькі ў панядзелак. Таму на момант сустрэчы я ўжо больш спакойная была, праплакала сотні разоў. Увогуле мне падаецца, што ўся гэтая гісторыя цяжэй для бацькоў прайшла. Пражыць столькі гадоў, ня ведаючы, дзе іх дзіця, — гэта, канечне, страшна.

Я жыла ў Разані, у мяне былі новыя бацькі. Яны далі мне ўсё, што маглі. У душы, вядома, быў асадак. Дзе мае родныя бацькі? Я думала, што мяне кінулі. Што тыя мужчына і жанчына, якія вазілі мяне тры тыдні ў цягніках, што гэта мае сапраўдныя бацькі. Што мой бацька тады мяне кінуў на вакзале ў Разані. Заўсёды пытала сябе, ці шукае ён мяне. Цяжка было гэта ўсё ўсьведамляць. Думала, што родныя бацькі бамжы, алькаголікі. Хацелася проста паглядзець ім у вочы. Даведацца, што адчуваюць гэтыя людзі. А тут атрымліваецца, што мяне шукалі, мяне чакалі... Я была ў шоку».

Прыехаўшы ў родную вёску, дзе не была 20 гадоў, Юлія нечакана для сябе ўзгадала поле, дзе бачыла кароваў у 4-гадовым узросьце. Чым вельмі ўразіла родных.

«Мы гадзіны тры праразмаўлялі ў РУУС Пухавічаў з бацькамі, — кажа Юлія. — Потым паехалі ў тое месца, дзе я нарадзілася, каля Пухавічаў. Бацькі праз два гады пасьля майго зьнікненьня пераехалі ў Чэрыкаўскі раён. Я паглядзела на станцыю, зь якой мяне зьвезьлі. У дом, дзе нарадзілася, схадзіла. Успомніла крыху. Пра кароваў успомніла, нават паказала маці, дзе яны пасьвіліся. Карцінка ў галаве была. Я адразу паказала, дзе было іх поле».

«Я знайшоў інфармацыю пра яе за 15 хвілін»

Юлін сябар Ільля, які дапамог ёй знайсьці родных бацькоў, расказаў Свабодзе, што быў прыемна ўражаны працай беларускай міліцыі. Ён кажа, што калі б усё адбывалася ў Расеі, нікога знайсьці б не ўдалося.

«Зь Юліяй мы пазнаёміліся некалькі месяцаў таму, — кажа Ільля. — Яна расказала мне пра сваю гісторыю. Я вырашыў паспрабаваць пашукаць у інтэрнэце. Забіў у пошукавік яе імя, гісторыю. Знайшоў праз 15 хвілін усю інфармацыю. На партале Tut.by. Потым яшчэ празь іншы сайт, там была арыенціроўка з 1999 году. Пазваніў у Пухавіцкі РУУС, у дзяжурную частку. У сераду пазваніў, у нядзелю мы ўжо прыехалі туды. Вырашылі самі паехаць».

Ільля расказвае, што быў прыемна зьдзіўлены працай беларускіх міліцыянтаў, якія адразу пачалі спраўджваць яго інфармацыю і вельмі хутка знайшлі Юліных бацькоў.

«Юлія раней сама спрабавала шукаць родных праз інтэрнэт, — кажа ён. — Але яна шукала толькі па Расеі, на Расею арыентавалася. А я адразу агульным пошукам скарыстаўся — і ўсё, знайшоў. Яшчэ дапамагло тое, што ў вас справы аб зьнікненьні людзей не аддаюць у архіў. Каб гэта было ў Расеі, то ніхто б не шукаў. Усе забылі б даўно, нафіг каму трэба тут такія справы. А ў вас — не, у вас усіх працягваюць шукаць».

Расіянін настолькі ўразіўся працай беларускай міліцыі, што нават даслаў у МУС ліст з просьбай узнагародзіць супрацоўнікаў Пухавіцкага РУУС. Для сябе Ільля ўзнагароды ня просіць. Кажа, што пра гэта неяк і не падумаў.

Працяг гісторыі:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG