Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Палітвязьня Алега Сянцова прывезьлі ў Маскву «ў рамках абмену»


Алег Сянцоў, архіўнае фота

Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, засуджаны ў Расеі на 20 гадоў турмы па абвінавачаньні ў тэрарызьме, дастаўлены ў адну з маскоўскіх турмаў з калёніі ў Лабытнангі, паведамляюць крыніцы агенцтваў «Інтэрфакс» і крыніца ТАСС.

Паводле крыніцы «Інтэрфаксу», Сянцова прывезьлі ў Маскву і зьмясьцілі ў СІЗА-2, вядомы як «Бутырка»; ТАСС не ўдакладняе, у якой турме знаходзіцца Сянцоў. Ананімны тэлеграм-канал Baza, які першым паведаміў пра этапаваньне Алега Сянцова ў Маскву, сьцьвярджае, што палітвязень знаходзіцца не ў «Бутырцы», а ў сьледчым ізалятары «Лефортава».

Адвакат Сянцова Дзьмітрый Дынзе пакуль не пацьвердзіў і не зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю. Аднак маці Сянцова апавяла «Крым.Реалии», што сын упершыню за доўгі час ёй не патэлефанаваў, хоць раней заўсёды зьвязваўся зь ёй у канцы месяца:

«Не, не пазваніў, хоць учора, 28-га, быў якраз месяц, як ён тэлефанаваў у той раз. Званка няма. Я чула толькі адно: будзе нейкі абмен, — сказала яна. — А калі я размаўляла з кіяўлянамі пазаўчора, дык сказалі, што ён у Лабытнангі ў турме, у той жа калёніі. Алег паштоўку паслаў, першы раз за ўсе 5 гадоў, зь віншаваньнямі, і сказаў: «Мама, ты вер, мы хутка абдымемся».

Раней адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага прапанавала Крамлю вызваліць Сянцова адначасова з вызваленьнем у Кіеве кіраўніка «РИА Новости Украина» Кірыла Вышынскага. 28 жніўня Кіеўскі апэляцыйны суд адпусьціў Вышынскага з-пад варты.

Алег Сянцоў — ураджэнец Крыму, неаднаразова выступаў супраць анэксіі паўвострава Расеяй. У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яму 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў рыхтаваньні тэрарыстычных актаў у Крыме.

Рэжысэр віны не прызнае. 14 траўня ён абвясьціў галадаваньне з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў з расейскіх турмаў, аднак вымушаны быў спыніць яго праз 145 дзён у сувязі з пагрозай прымусовага кармленьня, якое міжнародныя праваабаронцы прызнаюць катаваньнем. У часе галадаваньня ён страціў 20 кіляграмаў вагі і сур’ёзна падарваў здароўе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG