Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У генэральнай пракуратуры Ўкраіны заявілі пра абмен вязьнямі «35 на 35» з Расеяй

абноўлена

Кірыл Вышынскі пакідае суд. 28 жніўня 2019.

Прэсавая сакратар генэральнага пракурора Ўкраіны Ларыса Сарган напісала ў Фэйсбуку, што ўрад рыхтуецца да абмену вязьнямі з Расеяй у фармаце «35 на 35».​

Сарган таксама заявіла, што галоўны рэдактар „РИА Новости Украина“ Кірыл Вышынскі — адзін з гэтых зьняволеных.

«Сёньня на судовым пасяджэньні зьмяненьне меры стрыманьня Вышынскаму адбылося ў рамках рыхтаваньня да абмену» 35 на 35 «і са згоды самога Вышынскага», — напісала Сарган, прымацаваўшы да допісу заяву, падпісаную Вышынскім, паведамляе «Настоящее время».

Пазьней публікацыя была выдаленая.

Суд у Кіеве 28 жніўня пагадзіўся з прапановай пракуратуры вызваліць Вышынскага з СІЗА і прызначыць яму меру стрыманьня ў выглядзе абавязаньня яўкі.

У інтэрвію „Настоящему времени“ ён заявіў, што не падпісваў дакумэнтаў на абмен.

«Зь першых дзён, з таго моманту, як некаторыя ўкраінскія чыноўнікі і палітыкі настойвалі на маім абмене, я заявіў, што наўрад ці гэта магчыма ў дачыненьні да невінаватага чалавека», — сказаў Вышынскі.

  • Кірыл Вышынскі быў затрыманы ў Кіеве 15 траўня 2018 году пасьля ператрусаў у офісе «РИА Новости Украина». У той жа дзень Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла, што падазрае яго ў дзяржаўнай здрадзе. Сьцьвярджалася, што ў журналіста знайшлі працоўную дамову з мэдыягрупай «Россия сегодня», вялікую суму грошай і агнястрэльную зброю. Вышынскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Сам ён віну адмаўляе.
  • Расейскія ўлады і блізкія да Крамля мэдыя асуджаюць арышт Вышынскага. У верасьні 2018 году Саюз журналістаў Расеі завочна ўзнагародзіў яго прэміяй «Камэртон» імя Ганны Паліткоўскай. Сам Вышынскі зьвяртаўся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай надаць яму праўную абарону.

***

Раней ва Ўкраіне паведамлялі, што 22 грамадзянамі Расеі напісаныя заявы на імя прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна з просьбай абмяняць іх на ўкраінскіх палітвязьняў. Паводле інфармацыі прэс-службы ўкраінскага амбудсмэна, усе гэтыя заявы Міністэрства замежных справаў Украіны дыпляматычнай поштай даставіць у адміністрацыю прэзыдэнта Расеі.

Паводле зьвестак украінскага МЗС, у Расеі і Крыму ўтрымліваюць больш за 70 грамадзянаў Украіны. У ліпені Кіеў падаў сьпіс з 23 расейцаў на абмен вязьнямі з Расеяй. Але, паводле ўкраінскага амбудсмэна Людмілы Дзянісавай, адказу ад расейскага боку няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG