Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірон: Найвялікшая пагроза незалежнасьці Беларусі — абыякавасьць

абноўлена

Мірон Вітушка

У падкасьце «Бацькі і дзеці» пра каштоўнасьць і пагрозы для незалежнасьці Беларусі разважаюць былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык і студэнт Ліцэю БДУ Мірон Вітушка.


Цалкам дыскусію можна слухаць тут:

Прапануем фрагмэнты дыскусіі

«Халодным ранкам мы прыходзім у клясу, а мой сябра плача, бо яго бацька быў затрыманы»

Мірон Вітушка: Я не засьпеў час, калі за незалежнасьць трэба было змагацца, калі яе магло і не стацца. Але я жыву ў часы, калі незалежнасьць можа апынуцца пад пагрозай. Я нарадзіўся ў 2004 годзе. У сямейных альбомах я ня мог не заўважаць фоткі бацькоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Маці (Крысьціна Вітушка — РС) была старшынёй самай вялікай студэнцкай арганізацыі ў Беларусі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

Я памятаю, як маці літаральна заўсёды змагалася за тое, каб у мяне мог быць садок па-беларуску, школа па-беларуску. Калі я быў малы, гэта здавалася дзіўным, чаму я размаўляю ў сям’і на мове, за якую ў маім садку даводзіцца змагацца. Упершыню акцыя пратэсту дакранулася да мяне вельмі блізка, калі я быў у 1 клясе. Гэта быў 2010 год, прэзыдэнцкія выбары. Адным халодным ранкам мы прыходзім у клясу, а мой сябра плача, бо яго бацька быў затрыманы. Гэта быў мой блізкі сябра Стэфан, сын Зьмітра Саўкі.

На маю думку, адна зь найвялікшых пагрозаў незалежнасьці Беларусі, якая існуе вельмі даўно, гэта абыякавасьць людзей да таго, што адбываецца ва ўласнай краіне. Гэта абыякавасьць да дробных і буйных парушэньняў урадоўцаў, да дзіўных рашэньняў і да лёсу краіны наогул. Моладзьдзю незалежнасьць успрымаецца як каштоўнасьць і як дадзенасьць адначасова.

Галоўнай пагрозай застаецца абыякавасьць і апалітычнасьць, бо апалітычнасьць ва ўнутраных пытаньнях часта выліваецца і ў апалітычнасьць у пытаньнях зьнешніх. Як мне здаецца, зь людзьмі майго веку гэта можна пераадолець і мы здолеем гэта пераадолець, таму што вечна жыць і не заўважаць таго, што адбываецца вакол цябе, становіцца немагчыма ні для якіх маіх сяброў, якія жывуць тут. Жыць з парадыгмай таго, што ўсё добра і ні на што ня трэба зьвяртаць увагу, немагчыма. Я веру, што гэта зьменіцца, і гэтая абыякавасьць перастане пагражаць незалежнасьці.

Ці скончацца заявы кшталту «незалежнасьць звалілася зь неба»?

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык: Пра гэта будзе ведаць Мірон гадоў праз 60, мы ўжо да гэтага не дажывем, а вось ён — пабачыць. Спадзяюся, ён і тады будзе жыць у Беларусі незалежнай. Чаму гучаць такія выказваньні? У лепшым выпадку, з неразуменьня пэўных гістарычных працэсаў, хаця могуць быць і іншыя варыянты. Такія тэзы вельмі лёгка аспрэчваюцца самой гісторыяй Беларусі.

Больш як 200 гадоў беларускі народ быў пад фактычна акупацыяй, і ўвесь гэты час не было такога дзесяцігодзьдзя, каб хтосьці не змагаўся за незалежнасьць, хай бы гэта было нават і толькі дзесяць чалавек ці крыху болей (як сябры Саюзу беларускіх патрыётаў у Паставах і Глыбокім у канцы 1940-х), а часам гэта былі дзясяткі тысяч (як у часе паўстаньня Каліноўскага ці Слуцкага Збройнага Чыну). Змаганьне ішло пастаянна. Таму сказаць, што «незалежнасьць звалілася зь небе» — гэта проста плюнуць у душу ўласнай нацыі, плюнуць у тых людзей, тысячы і тысячы людзей, якія паклалі свае жыцьці, каб дамагчыся незалежнасьці. Я ўжо не кажу пра заснавальнікаў БНР, пра тых, хто пайшоў потым у Курапаты ці быў вымушаны памерці на чужыне. Розныя былі іх лёсы.

Але калі мы гаворым пра 1991 год, дык так, канешне, сэсія Незалежнасьці 24-25 жніўня была скліканая ў выніку правалу путчу, які адбыўся ў Маскве. Хаця патрабавалі мы яе склікаць яшчэ 20 жніўня, калі путч быў у самай моцы. Мы з гэтым патрабаваньнем выступалі на пасяджэньні Прэзыдыюму ВС, між іншым выступаў тады і дэпутат Лукашэнка, асуджаў путч. Ня памятаю, ці ён у той дзень патрабаваў скліканьня сэсіі, мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, яе патрабавалі.

Пазьней Лукашэнка падпісаў у ліку больш як 80 дэпутатаў заяву аб скліканьні нечарговай сэсіі. Тое, што ён ужо потым на сэсіі не галасаваў за незалежнасьць, па-просту не рэгістраваўся — гэта так. Але аддам яму належнае: у ліку 80-ці ён паставіў подпіс пад нашым патрабаваньнем склікаць сэсію.

А калі сэсія пачалася, на Плошчы стаялі тысячы людзей цягам двух дзён. Я заўсёды кажу, што няправільна заяўляць, што толькі 30 дэпутатаў БНФ на чале з Пазьняком дамагліся незалежнасьці. Так, канешне, дамагліся, але ня толькі яны, і ня толькі 265 дэпутатаў, што прагаласавалі, але і тыя тысячы, што стаялі на Плошчы, магчыма, і бацькі Мірона ў тыя дні там былі, там было шмат моладзі. І ніхто з гэтых людзей не пагодзіцца са словамі, што «Незалежнасьць упала зь неба». Гэта было вынікам вельмі цяжкіх высілкаў.

Мірон згадаў, што ягоная маці Крысьціна ўзначальвала ў 1999-м Задзіночаньне беларускіх студэнтаў. Дык вось пры канцы 90-х, калі Беларусь ужо была незалежнай, якраз і быў апагей інтэграцыйных ініцыятываў Лукашэнкі і Ельцына. І вось яны, актывісты студэнцкага руху, таксама мусілі працягваць гэтае змаганьне за Незалежнасьць. За тое, што табе «падае зь неба», так не змагаюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG