Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дамагліся незалежнасьці ў жніўні 1991. НЕВЯДОМАЕ ВІДЭА


Людзі зь бел-чырвона-белым сьцягам бягуць да Дому ўраду пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі, 25 жніўня 1991 году

25 жніўня 1991 Вярхоўны Савет прагаласаваў за незалежнасьць Беларусі — гэта стала магчымым дзякуючы намаганьням дэпутатаў і актывістаў Беларускага Народнага Фронту.

Нягледзячы на тое, што з ХХ стагодзьдзе чалавецтва ўступіла, маючы і фатаграфію, і кіно, шмат якія важныя падзеі засталіся не зафіксаванымі. У выпадку беларускай гісторыі — гэта акт 25 сакавіка 1918 года і абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 года.

Так, я не памыліўся, кажучы пра падзею зусім нядаўнюю. Галасаваньне дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якое адбылося ўвечары, як і ўсю надзвычайную сэсію, здымалі мінімальна пяць тэлевізійных камэр, некалькі фатографаў, ішла наўпроставая радыётрансьляцыя на ўсю Беларусь, але вось менавіта гэтыя хвіліны — не запісаныя (калі не лічыць тэкст стэнаграмы). Няма аўдыё ці відэазапісу і вызначальнага выступу Зянона Пазьняка перад самым галасаваньнем, і прамоваў тых дэпутатаў (у тым ліку і Кебіча), якія падтрымалі лідэра Апазыцыі БНФ.

Ва ўсялякім разе, за амаль тры дзесяцігодзьдзі мне нічога знайсьці не ўдавалася.

І толькі цяпер ад вэтэрана БНФ Сяргея Чырыка атрымаў відэазапісы, на адным зь якіх можна пачуць, як у 20 гадзінаў 08 хвілінаў вядоўца сэсіі Станіслаў Шушкевіч абвяшчае вынікі галасаваньня за незалежнасьць: 256 — «за», «супраць» — няма, «устрымаліся» — няма. Гэтыя словы гучалі па трансьляцыі на Плошчу, і вы можаце пабачыць, як Віктар Івашкевіч з бел-чырвона-белым сьцягам бяжыць да Дому ўраду.

Відэазапіс падзеі, якая адбылася ў Авальнай залі раніцай таго дня і пераламала хаду сэсіі, захаваўся, і яго вы таксама ўбачыце: дэпутаты сагналі з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева, і тое нагэтулькі шакавала камуністаў, што яны былі вымушаныя абвясьціць перапынак і самі ўгаварылі Мікалая Дземянцея падаць у адстаўку з пасады старшыні ВС. Далей сэсію вёў Шушкевіч, і справа, як гаворыцца, пайшла шпарчэй. Гэтыя кадры былі паказаныя ў фільме Аляксандра Лукашука і Юрыя Гарулёва «Дэпутаты» — як і фрагмэнты прамовы Лукашэнкі, дзе ён кажа пра «адсечаны неадкладна палец» у кожнага, хто асьмеліцца ўзьняць яго на Канстытуцыю.

Магчыма, калі-небудзь знойдуцца і іншыя відэазапісы з Авальнай залі тых гістарычных дзён.Але і тыя кадры, зробленыя Сяргеем Чырыкам на Плошчы 24-25 жніўня 1991, даюць поўнае уяўленьне пра настрой, які панаваў у тыя дні, і пра падзеі, якія адбываліся.

Вось Лявон Баршчэўскі распавядае, што ў дні путчу Шклоўскі завод атрымаў замову на 250 тысяч кайданкоў. Яўген Глушкевіч заклікае людзей «стаяць насьмерць» на плошчы і не разыходзіцца.

Вось дружына БНФ бярэ ў кола аховы сакратара ЦК КПБ Ціхіню — перад гэтым людзі яго абплявалі.

Пад крыкі «Хунта!», «Ганьба!» выходзяць з Дому ўраду дэпутаты-камуністы, якія ў першы дзень сэсіі адмовіліся галасаваць за роспуск КПБ і незалежнасьць, сярод іх і цяперашні старшыня палаты прадстаўнікоў, а тады першы сакратар Верхнядзьвінскага райкаму Андрэйчанка.

Некалькі сотняў чалавек ад Дому ўраду ідуць да будынку ЦК КПБ і блякуюць яго.

І, нарэшце, Плошча слухае вынікі галасаваньня за наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону, і Івашкевіч бяжыць са сьцягам, і — воклічы «Жыве Беларусь!», якімі сустракаюць шчасьлівых дэпутатаў Апазыцыі БНФ, і Пётра Садоўскі сьпявае «Тры дарожанькі», і гучыць на Плошчы усхваляваная, эмацыйная прамова Зянона Пазьняка — у першыя хвіліны незалежнай Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG