Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім пасёлку было два выбухі, — нарвэскі інстытут Norsar


Узьбярэжжа Белага мора каля Нёнаксы, архіўнае фота
Узьбярэжжа Белага мора каля Нёнаксы, архіўнае фота

Дасьледчыкі нарвэскага інстытуту NORSAR лічаць, што ў расейскім пасёлку Нёнакса ў пачатку жніўня адбыліся два выбухі, а не адзін. Пра гэта Радыё Свабода сказала выканаўца абавязкаў дырэктара Norsar Ані Ліке.

Паводле яе, маніторынгавыя станцыі інстытуту перадалі першыя сэйсмічныя паказаньні 8 жніўня прыкладна а 9-й раніцы па мясцовым часе ў Архангельску. Паводле гэтых дадзеных, выбух адбыўся бліжэй да паверхні плянэты — на зямлі ці на вадзе.

Дзесьці празь дзьве гадзіны, каля 11-й раніцы, іншы датчык, прызначаны для ўлоўліваньня інфрагуку, заўважыў іншую акустычную падзею. Дасьледнікі лічаць, што гэта быў хутчэй выбух, які адбыўся ў паветры.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расіі Дзьмітрый Пяскоў заявіў 26 жніўня, што праз аварыю ў Нёнаксе няма ніякай пагрозы забруджваньня, і ніякіх сыгналаў, у тым ліку з вымяральных станцый іншых дзяржаў, не паступала.

Выбух на палігоне ў Архангельскай вобласьці адбыўся 8 жніўня. Загінулі як найменей пяць супрацоўнікаў дзяржаўнай карпарацыі «Росатом». Расейскае міністэрства абароны не раскрыла падрабязнасьцяў выпрабаваньняў. «Росатом» настойвае, што гэты выбух адбыўся падчас працаў з рэактыўнай устаноўкай. «Росгидромет» паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзвьінску кароткачасова вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся.

Пасьля выбуху 8 жніўня ў вайсковай частцы ў пасёлку Нёнакса Архангельскай вобласьці Расеі чатыры расейскія станцыі маніторынгу радыяцыйнага фону нечакана перасталі перадаваць дадзеныя і дзяліцца імі з замежнымі калегамі.

Пасьля таго, як інфармацыя пра гэта трапіла ў мэдыі, Расея зноў ўключыла дзьве з чатырох станцый: пра гэта 20 жніўня паведаміў у Twitter выканаўчы сакратар камісіі Арганізацыі Дагавору аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў Ласіна Зэрба.

Расейскія ўлады адмаўлялі, што станцыі былі адключаныя наўмысна. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі 20 жніўня заявіў, што ў Крамлі не нясуць адказнасьці за станцыі.

Былы супрацоўнік Агенцтва абаронных дасьледаваньняў Швэцыі Ларс-Эрык Дэ Гер (цяпер ён на пэнсіі), які ў 1997-2006 гадах працаваў у міжнародным цэнтры дадзеных Арганізацыі Дагавору аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў, распавёў тэлеканалу «Настоящее время», што, паводле ягонага досьведу, станцыі пры падобных абставінах, як правіла, не адключаюцца адначасова.

«Я ніколі не чуў пра тое, каб дзьве (ці нават адна) станцыі, разьмешчаныя па кірунку ветру ад чагосьці падазронага, раптам пераставалі працаваць», — заявіў Ларс-Эрык Дэ Гер.

Пры гэтым, паводле яго, станцыі ў розных краінах часам усё ж адключаюцца. Але выключыць іх можна, да прыкладу, па рашэньні мясцовых уладаў, і гэта, як падкрэсьлівае Дэ Гер, парушае правілы і кантракты, якія дзейнічаюць у рамках Арганізацыі Дагавору аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў.

«Прычына, па якой яны былі адключаныя, — гэта, без сумневу, для таго, каб інфармацыя аб тым, што на самой справе адбылося ў Нёнаксе, не распаўсюджвалася», — падкрэсьліў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG