Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дала Беларусі 2 млн даляраў на ўмацаваньне дэмаграфіі. Як зь ёй справы?


Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Дапкюнас 23 жніўня сустракаўся з амбасадарам Расеі Дзьмітрыем Мезенцавым. Паводле МЗС, Дапкюнас выказаў амбасадару падзяку за фінансавую дапамогу расейскага ўраду.

Расейскі бок даў беларускаму 1,95 млн даляраў «на зьдзяйсьненьне праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі ва ўмацаваньні нацыянальнага патэнцыялу Беларусі ў галіне дэмаграфіі». Што за праект, МЗС не ўдакладняе — толькі дадае, што ён «стане працягам праектаў у галіне дэмаграфічнай бясьпекі, якія сёньня рэалізуюцца ў Беларусі пры падтрымцы ўраду Расеі і Фонду ААН у галіне народанасельніцтва».

З дэмаграфіяй і праўда ёсьць праблемы

У Беларусі па-ранейшаму скарачаецца колькасьць насельніцтва: толькі за І паўгодзьдзе 2019 году Беларусь страціла 19,9 тысячы чалавек, за першую палову мінулага году — 15,5 тысячы чалавек.

Людзей становіцца меней па ўсіх рэгіёнах акрамя 10 раёнаў, але толькі ў Менскім раёне насельніцтва вырасла на 3397 чалавек, у Астравецкім і Смалявіцкім на 275 і 235, у астатніх прырост меншы за сотню чалавек.​

Міграцыйны прырост насельніцтва не кампэнсуе гэтага: за першае паўгодзьдзе 2019 году ў Беларусі стала ўсяго на 899 чалавек больш за кошт мігрантаў (летась за паўгода было плюс 1843).

Беларусы менш нараджаюць (42,6 тысячы нараджэньняў у І паўгодзьдзі 2019 году супраць 46,7 тысячы ў першай палове 2018-га) і больш паміраюць (62,5 тысячы супраць 62,2). Таксама стала менш шлюбаў (24,2 тысячы супраць 24,4) і больш разводаў (бяз малага 17 тысячаў супраць 16,3).​

Улады Беларусі гэта заўважаюць. Напрыклад, у лютым 2019 году Аляксандар Лукашэнка праводзіў нараду аб дэмаграфіі і запатрабаваў ад міністра аховы здароўя «прыняць комплексныя захады для зьніжэньня сьмяротнасьці», даручыў распрацаваць «дзейсныя меры» для павелічэньня нараджальнасьці, «надаць увагу фармаваньню ў грамадзтве пазытыўнага і паважлівага стаўленьня да мацярынства і сямейных каштоўнасьцяў». У 2017 годзе Лукашэнка загадваў павялічыць насельніцтва Беларусі да 15 млн чалавек. Але колькасьць насельніцтва толькі зьменшылася і за 2017, і за 2018 год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG