Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінус 26 тысяч за год. Як скарачаецца насельніцтва Беларусі. ІНФАГРАФІКА


Самымі шпаркімі тэмпамі насельніцтва скарачаецца ў Віцебскай вобласьці — мінус 6,8 тысячы за год. Свабода паглядзела, у якіх беларускіх гарадах жыхароў усё ж становіцца больш.

За год насельніцтва Беларусі скарацілася па ўсіх абласьцях і ў Менску: мінус 26 011 чалавек, паводле Белстату, за 2018 год. Найбольшае скарачэньне — у Віцебскай вобласьці: мінус 6846 чалавек. Найменшае — у Менску: мінус 13 чалавек.

Найбольшымі тэмпамі скарачаецца насельніцтва на вёсцы: мінус 22 720 чалавек за год. У горадзе скарачэньне не такое імклівае: мінус 3291 чалавек за год. Глядзім, дзе насельніцтва расьце, нягледзячы на агульную адмоўную дынаміку, а дзе скарачаецца.

Дзе расьце

У Берасьці за год дадалося 1011 чалавек, а сельскае насельніцтва па ўсёй вобласьці скарацілася на 3655 чалавек. Гэта значыць, што жыхары вёсак пераяжджаюць у гарады. Найбольш прывабным, мяркуючы па статыстыцы, выглядае абласны цэнтар.

Такая дынаміка ўласьцівая для ўсіх гарадоў — напрыклад, у Бярозе прыбавілася 67 жыхароў, а вясковае насельніцтва па ўсім раёне зьменшылася на 275 чалавек. А вось у Берасьцейскім раёне сельскіх жыхароў паболела на 18 чалавек — гэта зьвязана з блізкасьцю абласнога цэнтру.

Гарады, дзе найбольш прырасло насельніцтва:

  • Берасьце (+1011 чалавек)
  • Горадня (+848)
  • Жлобін (+331)
  • Пінск (+202)
  • Фаніпаль (+135)
  • Жодзіна (+90)
  • Салігорск (+86)
  • Янаў (+85)
  • Кобрынь (+75)
  • Дзяржынск (+73)
  • Стоўпцы (+70)
  • Івацэвічы (+69)

Дзе скарачаецца

Найбольш насельніцтва скарачаецца ў вёсках, але ёсьць і гарады, дзе гэты працэс адбываецца даволі імкліва. Вось у гэтых гарадах насельніцтва за год скарацілася найбольш:

  • Ворша (—585)
  • Бабруйск (—570)
  • Барысаў (—299)
  • Наваполацак (—286)
  • Полацак (—254)
  • Сьветлагорск (—252)
  • Маладэчна (—150)
  • Рэчыца (—130)
  • Гарадок (— 116)
  • Крычаў (—96)

А так выглядае скарачэньне насельніцтва па абласных цэнтрах:

  • Віцебск (—879)
  • Гомель (—474)
  • Магілёў (—243)
  • Менск (—13)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG