Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На каго і як уплывае відэаблогер Улад Бумага, у якога 10 млн падпісчыкаў?


Відэаблог Улада Бумагі
  • На каго і як уплывае відэаблогер, уладальнік дыямантавай кнопкі на Youtube, Улад Бумага?
  • Ці яго аўдыторыя — выключна падлеткі?
  • Чый Улад Бумага — беларускі ці расейскі?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць журналісткі і мэдыяэкспэрткі Анастасія Пілюгіна і Ірына Чарняўка. Вядзе гутарку Юры Дракахруст.

Дракахруст: Нядаўна беларускі відэаблогер Улад Бумага атрымаў дыямантавую кнопку Youtube, колькасьць падпісчыкаў яго каналу на Youtube перавысіла 10 мільёнаў чалавек.

На кастрычнік 2018 году каналаў-уладальнікаў такой кнопкі ў сьвеце было ўсяго 294. Цяпер сярод іх — і беларус Бумага.

Папулярных блогераў называюць часам лічбавымі інфлюэнсэрамі — ад ангельскага influence — уплыў.

Але на каго ўплывае Бумага і як? Неяк недарэчным здаецца казаць пра ўплыў. Вось Матолька, Пальчыс, Лосік, NEXTA — гэтыя так, уплываюць. А Бумага што — скача ды крыўляецца, скажа іншы. Але нават у NEXTA — 150 тысячаў падпісчыкаў, у астатніх пералічаных — яшчэ менш. А ў Бумагі — у 66 разоў больш. І ён не ўплывовы?

Ірына Чарняўка
Ірына Чарняўка

Чарняўка: Зразумела, Улад Бумага — уплывовы блогер. Ён мае 10 мільёнаў падпісчыкаў і яшчэ прыкладна столькі ж яго глядзяць без падпіскі.

Адна фраза, сказаная ім, можа прадаць апошнюю мадэль iPhone на мільёны даляраў, машыны, брэндавыя рэчы. Дастаткова яму паказаць нейкую забаўку ў сваім відэа — і прадажы гэтага рэзка ўзрастуць.

Пілюгіна: Улад Бумага збольшага працуе ў забаўляльным жанры. Але варта лічыць падпісантаў і ў ягоным інстаграме. Цяпер іх 2,8 мільёны. Аднак ён спрабуе дэманстраваць і сваю грамадзянскую пазыцыю, прыгадаем рэклямную інтэграцыю «Беларусь не Белоруссия», якая ў расейскай аўдыторыі выклікала нэгатыўную рэакцыю.

Дракахруст: Як атрымаць 10 мільёнаў падпісчыкаў на сваім канале ў Youtube? І ў Беларусі, і ў Расеі, і ў іншых краінах ёсьць шмат падобных да Бумагі, шмат жадаючых. Можна назваць хаця б беларусаў Ермузевіча і Гадунову. Але ім да дыямантавай кнопкі далёка. У Расеі толькі адзін відэаблогер мае «дыямант» — Івангай, 14 мільёнаў падпісчыкаў,

Ну так, блогеры калібру Бумагі і Івангая — гэта насамрэч вялікія карпарацыі, магчыма сотні людзей, якія працуюць на праект. Ну а на іншых не працуюць. А на Ўлада працуюць. Нейкія грашовыя мяхі проста вырашылі ўкласьціся ў яго, ці ўсё ж у ім справа?

Пілюгіна: Цяпер пераважна з YouTube- і Instagram-блогерамі працуюць агенцыі, якія таксама і разьвіваюць гэтыя акаўнты. Празь іх праходзяць усе рэклямныя інтэграцыі. Самі блогеры зацікаўленыя ў разьвіцьці сваіх каналаў і ў тым, каб аддаць частку задач на аўтсорс. Тут выгада двух бакоў.

Чарняўка: Бумага дакладна трапляе ў сваю аўдыторыю. Калі вы паглядзіце ягоныя ролікі за два гады, вы ўбачыце, што там з 20 хвілінаў кантэнту прыкладна 5 хвілінаў прысьвечаныя запрашэньням падпісвацца на канал. Гэта пэўная стратэгія.

Бумага сапраўды супрацоўнічае з прафэсіяналамі, з кампаніяй MediaCube. Але гэта не карпарацыя з шалёнай колькасьцю людзей. Гэта не такая вялікая кампанія, пару гадоў таму ў іх было каля 50 чалавек пэрсаналу.

Па роліках Бамагі бачна, што ён выдатна ведае ўнутраную статыстыку сваёй аўдыторыі, ведае, калі яго лайкнуць, хто яго лайкне, што трэба даць гэтаму чалавеку.

За гэтым заўважныя мазгі і праца. І праца ня толькі каманды, але і асабіста Ўлада Бумагі.

Досьвед падказвае, што немагчыма проста ўкласьці грошы ў ляльку і зрабіць зь яе зорку. Чалавек павінен мець харызму, мець свае ідэі, урэшце шмат працаваць. Калі гэтага няма, то ніякія грошы не дапамогуць.

Дракахруст: Нехта скажа: Бумага — гэта ж прымітыў для падлеткаў. Сапраўды, пару гадоў таму ён сабраў у менскай залі 3 тысячы сваіх аматараў. Усе — моладзь, падлеткі, па сутнасьці — дзеці. Але вось тыя ж пару гадоў таму было праведзенае апытаньне пра папулярных блогераў. На першым месцы — той жа Бумага. А яно праводзілася сярод дарослых, 18+. А самы папулярны — ён. Ды можа ня толькі для падлеткаў?

Чарняўка: Відэаканалу Ўлада Бумагі — 5 гадоў. Ён яго пачаў у 18 гадоў, цяпер яму 23. Ягоная аўдыторыя, якая пачынала зь ім, за гэтыя гады таксама пасталела. Ён актыўна шукае новую аўдыторыю ў групе старэйшых школьнікаў.

Хаця для 16-гадовага хлопца 23-гадовы хлопец — гэта ўжо дядзька. Улад Бумага будзе мяняцца, будзе мяняць кантэнт і адаптаваць яго да аўдыторыі.

Бацькі цікавяцца тым, што глядзяць іх дзеці і даведваюцца пра Ўлада Бумагу.

Яго прадактплэйсмэнт разьлічаны на людзей з гаманцом, у тым ліку і на бацькоў гэтых дзяцей.

Анастасія Пілюгіна
Анастасія Пілюгіна

Пілюгіна: Мне здаецца, што сам Улад Бумага зацікаўлены ў сваім «старэньні». Чым старэйшая аўдыторыя, тым па меркаваньні рэклямадаўцаў яна больш плацежаздольная. Але хто ведае, мо Бумага зь цягам часу заснуе сваю «карпарацыю» па вырабу кантэнту і YouTube-каналаў пад ключ, як гэта зрабіў расейскі блог «Дзёньнік Хача».

Дракахруст: А можа справядліва і адваротнае — Матолька, Пальчыс, іншыя лічбавыя інфлюэнсары — гэта такія Ўлады Бумагі, толькі для моладзі крыху старэйшай за тынэйджараў? Улад — для да 16-ці гадоў, а гэтыя — да тых, каму да 30-ці. А для старэйшых — гэта таксама моладзевая субкультура?

Чарняўка: Я нязгодная ў прынцыпе з параўнаньнем таго ж Эдуарда Пальчыса ці NEXTA да Ўлада Бумагі. Гэта як параўноўваць кілішак кан’яку з заводам Кока-колы.

Гэта зусім розны бізнэс. Той жа Пальчыс вядзе свае блогі саматужна, спрабуючы самастойна разабрацца ў альгарытмах. У яго палітычны кантэнт, які ніколі ня будзе манэтызаваны, у яго ня будзе даходаў ад гэтай дзейнасьці.

А Бумага — гэта бізнэс, скіраваны на манэтызацыю. Гэта некарэктнае параўнаньне.

Пілюгіна: Я думаю, што і цяпер ёсьць шмат блогераў, мэтавая аўдыторыя якіх сталыя людзі: і 40, і 50+. Зноў жа можам згадаць блогера Nexta. Сацыяльна-палітычная тэматыка цікавіць і бацькоў і дзяцей, і яна можна манэтызавацца, у гэтым я ня згодная зь Ірынай. Сам Nexta казаў, што YouTube прыносіць яму каля 100 даляраў у месяц. Блог Улада Бумагі — гэта іншы тып кантэнту, іншы сэгмэнт аўдыторыі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Чый Бумага? Сярод падпісчыкаў яго каналу пераважная большасьць — расейцы. Дык чый ён? Можа ёсьць пэўная аналёгія паміж ім і такімі пэрсанажамі мінулага і сучаснасьці, як Касьцюшка і Алексіевіч? Вось цяпер ідуць спрэчкі — а ці беларускі Касьцюшка? За Рэч Паспалітую ж ваяваў, нават беларусам сябе не называў. Ці Алексіевіч — дык па-расейску ж піша і чытаюць яе пераважна ў Расеі. А з Бумагам ня тое самае?

Чарняўка: Улад Бумага — гэта камэрцыйны праект з разьлікам на постсавецкую расейскамоўную аўдыторыю, гэта прыкладна 300 мільёнаў.

Акрамя эпізоду з валошкавым марозівам і тлумачэньня наконт Беларусь/Белоруссия, нейкай ідэнтыфікацыі, як беларуса, у Бумагі не прыгадваецца.

І з камэрцыйных меркаваньняў яму наўрад ці было б выгадна пэдаляваць гэты чыньнік.

Ну так, ён вырас тут, ён жыве тут, ён гаворыць, што ён менскі блогер, што ён працуе з менскімі партнэрамі.

Мне складана сказаць. Калі мы будзем разважаць пра гэтых супэрблогераў з пункту гледжаньня іх ангажаванасьці ў моўныя і палітычныя працэсы ў Беларусі, то ня варта на гэта спадзявацца.

Мы рыхтуем праект, зьвязаны з падтрымкай беларускай мовы. І мы запрашалі паўдзельнічаць у ім і Ўлада Бумагу, і Ціму Беларускіх. Абодва яны адмовіліся. Магчыма, іх не задаволіў кошт, які мы прапанавалі. Ад Цімы, напрыклад, мы атрымалі адказ: «Я не магу супрацоўнічаць з апазыцыйнымі СМІ».

Пілюгіна: Калі мы кажам пра ідэнтыфікацыю блогераў, праблема ў тым, што ў нас у Беларусі няма свайго ўнутранага рынку забаваў, шоў-бізнэсу. Гэтак жа і музыкам, каб стаць папулярнымі, трэба спачатку выйсьці на расейскі рынак, а пасьля ўжо зьбіраць залі ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG