Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп зноў заклікаў вярнуць Расею ў «Вялікую сямёрку». Нямеччына і Францыя супраць


Лідэры краінаў «Вялікай сямёркі» на саміце ў Канадзе, 2018 год
Лідэры краінаў «Вялікай сямёркі» на саміце ў Канадзе, 2018 год

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп паўторна выступіў за аднаўленьне ўдзелу Расеі ў саміт G7, хоць тая яшчэ кантралюе ўкраінскі Крым, піша «Голас Амэрыкі».

У час падрыхтоўкі да чарговага саміту G7 у Францыі Дональд Трамп заявіў, што лічыць разумным вяртаньне Ўладзіміра Пуціна на паседжаньні «Вялікай сямёркі» — тая стала «сямёркай» у 2014 годзе, калі Расею выключылі зь «Вялікай васьмёркі» за анэксію ўкраінскага Крыму. Але Трамп адзначае, што анэксія паўвострава адбылася не пры ім, а пры ягоным папярэдніку Бараку Абаму.

«Яны захапілі яго пры Абаму, а не пры мне, — сказаў Трамп. — Справа ў тым, што прэзыдэнт Пуцін цалкам перахітрыў прэзыдэнта Абаму па Крыме і іншым рэчам. Ён зарабляў на тым, што перахітрыў прэзыдэнта Абаму, і, па праўдзе кажучы, Абама быў незадаволены і выгнаў Пуціна з былой «Вялікай васьмёркі», якая ператварылася ў «Вялікую сямёрку».

«Мы так шмат часу трацім на абмеркаваньне Расеі на гэтых сустрэчах, а яе там няма, — дадаў ён у сераду, адказваючы на пытаньні журналістаў у Белым доме. — Думаю, было б добра, калі б Расея там была, і мы маглі б размаўляць наўпрост, а не праз тэлефон».

Цяпер на саміты G7 зьбіраюцца лідэры Вялікай Брытаніі, ЗША, Італіі, Канады, Нямеччыны Францыі і Японіі.

Ня ўсе хочуць Пуціна

Раней Белы дом заяўляў, што прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон нібыта пагадзіўся запрасіць Пуціна на саміт G7, які ў наступным годзе плянуецца ў ЗША.

Аднак у сераду Макрон выступіў рашуча супраць таго, каб Расея проста вярнулася ў «сямёрку» без урэгуляваньня канфлікту ва Украіне, дзе, акрамя анэксіі Крыму, Расея падтрымлівае «сэпаратыстаў» на ўсходзе краіны. Ахвярамі канфлікту за некалькі гадоў сталі тысячы чалавек.

«Мне здаецца, што гаварыць пра тое, што Расея можа вярнуцца за стол безь якіх-небудзь умоваў — значыць прызнаць слабасьць „Вялікай сямёркі“, — сказаў Макрон. — З нашага боку гэта было б стратэгічнай памылкай і ўхвалай цяперашняй эпохі беспакаранасьці».

Прапанову запрасіць Расею на саміт G7 у 2020 годзе адрынуў і ўрад Нямеччыны: яго афіцыйны прадстаўнік Штэфан Зайбэрт нагадаў, што Расею выключылі з «Васьмёркі» за анэксію Крыму і канфлікт на ўсходзе Ўкраіны, і абедзьве гэтыя абставіны па-ранейшаму існуюць. Ён падкрэсьліў, што перамовы аб вяртаньні Расеі могуць ісьці толькі тады, калі гэтыя абставіны зьменяцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG