Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя: вяртаньне Расеі на саміты «сямёркі» залежыць ад Украіны


Эманюэль Макрон і Ўладзімір Пуцін
Эманюэль Макрон і Ўладзімір Пуцін

Францыя па-ранейшаму лічыць дасягненьне прагрэсу ва ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны ключавой умовай запрашэньня Расеі да супрацоўніцтва ў рамках «Вялікай сямёркі».

Пра гэта агенцтву Reuters паведаміла высокапастаўленая крыніца ў францускай дыпляматыі, камэнтуючы паведамленьні СМІ аб тым, што прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон дамовіўся з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам аб запрашэньні Расеі на саміт «сямёркі» ў наступным годзе. Па словах крыніцы, апошняе развіццё падзей вакол Украіны дае асцярожныя падставы для аптымізму.

Саміт мае прайсьці ў Нью-Ёрку. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова выказваўся за вяртаньне Расеі за стол перамоваў «сямёркі». Макрон раней на гэтым тыдні перад сустрэчай з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў, што ключавым пытаньнем для магчымага адраджэньня фармату «Вялікай васьмёркі» застаецца сытуацыя ва Ўкраіне. Крыніца Reuters пацьвердзіла, што пазыцыя Францыі не зьмянілася.

Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава, камэнтуючы паведамленьні, заявіла, што ў Маскве чакаюць фармальных прапановаў з боку краін «сямёркі» аб фармаце супрацоўніцтва. Сам Пуцін раней казаў, што «васьмёркі» цяпер не існуе, і таму абмяркоўваць удзел Расеі ў ёй ня мае сэнсу.

  • «Вялікая васьмёрка» фактычна перастала існаваць ў 2014 годзе, калі лідэры краін «Вялікай сямёркі» — ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады, Нямеччыны і Японіі — адмовіліся прыехаць на саміт у Сочы пасьля анэксіі Крыму. З тых часоў іх сустрэчы праходзяць без удзелу прэзыдэнта Расеі.
  • Сёлета саміт G7 пройдзе ў гэтыя выходныя ў Францыі — таксама без расейскага ўдзелу. Прэзыдэнт Макрон пацьвердзіў, што, як і летась, па выніках ня будзе падпісана супольнага камюніке — з прычыны разыходжаньняў па шэрагу пытаньняў, у тым ліку вакол Ірану і Парыскага пагадненьня аб клімаце. Саміт, тым ня менш, выклікае цікавасьць назіральнікаў перш за ўсё ў сувязі з удзелам новага брытанскага прэм’ера Борыса Джонсана, які паабяцаў вывесьці краіну з ЭЗ да 31 кастрычніка незалежна ад таго, будзе заключанае пагадненьне з Эўразьвязам або не. З асаблівай цікавасьцю чакаецца яго сустрэча з Дональдам Трампам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG