Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта жывуць беларусы?


Навошта беларусы жывуць на прасторы ад Берасьця да Оршы і ад Глыбокага да Мазыра? А можа лепш ад Берасьця да Уладзівастоку — нафта ж будзе свая, газ, заробак пабольш ізноў жа. Альбо ад Уроцлава да Оршы — там заробак яшчэ больш. І Эўропа ўсё ж.

Сьцісла

  • Дзяржаўная ідэалёгія — гэта пра тое, як трэба любіць Лукашэнку? Не, не пра гэта, можна не любіць.
  • Навошта прасунутаму, гламурно-«зыбіцкаму» Менску жабрацкая правінцыя? А навошта правінцыі гэтая зажраўшаяся і пыхлівая сталіца?
  • Туга ня толькі па ежы. Можа, і не столькі. Таму былому афіцэру ёсьць, што жэрці. А сэнс жыцьця зьнік.

Днямі Арцём Шрайбман апублікаваў свае развагі аб кіслай сытуацыі, у якой апынуўся новы «ідэоляг» Беларусі, намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Кунцэвіч. На думку Арцёма сытуацыя нярадасная ня з той прычыны, што ў нечым дрэнны сам па сабе новапрызначаны «уладар думак» беларусаў. А таму што ў думках, як той казаў, разброд і хістаньне.

На мой погляд, сытуацыя яшчэ горшая, чым яе апісвае Шрайбман.

Ён цалкам справядліва адзначае, што эфэктыўная дзяржаўная ідэалёгія — гэта ідэі, вераваньні, перакананьні, якія аб’ядноўваюць і матывуюць пераважную большасьць народу. Шрайбман канстатуе, што ўсе вераваньні, якія абʼядноўвалі раней, зараз не працуюць. Ён акуратна выказвае меркаваньне, што і альтэрнатывы не задавальняюць крытэру падтрымкі большасьцю — «Беларусізацыя і нацыянальная культура? Частка грамадзтва пляскала б у ладкі такому выбару». Частка, але далёка не ўсе — мяркуе Шрайбман.

Ён кажа пра тое, што некаторыя ідэалягічныя альтэрнатывы ў прынцыпе дасягальныя, напрыклад, аўтарытарная мадэрнізацыя. Але пры гэтым Арцём мякка намякае на тое, што перашкода для рэалізацыі падобных і больш сьмелых альтэрнатываў — гэта Аляксандр Лукашэнка. Не без таго, але ці толькі ў Лукашэнку справа? А не ў беларусах? Крытэрый цалкам правільны — у што павераць, што «купяць» на рынку ідэалёгіяў беларусы, іх большасьць?

Ок, дапусьцім, што сёньня «сацыяльная дзяржава, сытасьць і росквіт, беларускі эканамічны цуд, запаведнік сацыялізму» — гэта «ацтой». Для каго, дарэчы, «ацтой»? Для насельнікаў менскай «IT-краіны» альбо для даяркі з калгасу ў Клімавіцкім раёне? Яна, між іншым, чалавек, беларуска. Магчыма, Арцём мае рацыю, што ўжо і для яе «ацтой». А што не «ацтой» для яе?

Нехта (магчыма, і мой паважаны апанэнт) можа сказаць: ды ў труне беларусы ў прынцыпе бачылі гэтую ідэалёгію, рэлікт «саўку» — самім паесьці ды дзяцей накарміць і вывучыць, вось і ўся ідэалёгія. Не Расея ж, не Амэрыка і не Кітай, навошта беларусам місія?

У Святланы Алексіевіч у кнізе «Час second hand» усе героі — людзі роспачы, краху жыцьцёвых надзеяў, але ў большасьці — гэта людзі, якія да таго ж і прайгралі жыцьцёвую барацьбу ў постсавецкі пэрыяд. Аднак асабліва цікавы адзін — бізнэсовец, былы вайсковец, які гандлюе цяпер італьянскай сантэхнікай. У матэрыяльным сэнсе ён у новым часе выйграў, ён стаў калі не багатым, то вельмі заможным чалавекам. Яго не забілі, не пасадзілі, ня абрабавалі ані дзяржава ані бандыты.

Але ён кажа: раней я ведаў, для чаго жыву, у мяне быў доўг, місія, якая была больш за мяне, за маё прыватнае жыцьцё. А цяпер у чым сэнс — італьянскія сральнікі нашым людзям прадаваць? На самай справе і іншыя героі кнігі Алексіевіч перажываюць такі ж крызіс страты сэнсу. Проста ў іх гэта зьмікшавана тым, што яны сталі горш жыць і ў самым банальным, матэрыяльным сэнсе. Калі няма чаго жэрці, так і засумуеш па сэнсах, гэта проста туга па ежы — напрошваецца тлумачэньне.

На самай справе туга ня толькі па ежы. Можа, і не столькі. Таму былому афіцэру ёсьць, што жэрці. А сэнс жыцьця зьнік. Вось пра гэта і гаворка. І як гэта называецца — на самай справе ўсё роўна. Нацыянальная ідэя — а, гэта пра мову ці пра што — спытае чытач. Не, дакладней, не толькі пра яе. Дзяржаўная ідэалёгія — гэта пра тое, як трэба любіць Лукашэнку? Не, не пра гэта, можна не любіць.

Гаворка пра той самы сэнс. Навошта беларусы жывуць на прасторы ад Берасьця да Оршы і ад Глыбокага да Мазыра? А можа лепш ад Берасьця да Уладзівастоку — нафта ж будзе свая, газ, заробак пабольш ізноў жа. Альбо ад Уроцлава да Оршы — там заробак яшчэ больш. І Эўропа ўсё ж. Ды і наогул — а навошта прасунутаму, багатаму (адносна, але ўсё ж), гламурно- «зыбіцкаму» Мінску гэтая жабрацкая правінцыя? І наадварот — а навошта правінцыі, якая ледзь выжывае, гэтая зажраўшаяся і пыхлівая сталіца? Навошта мы адзін аднаму?

Ды ўсё проста, рынак расставіць усё па сваіх месцах — магчыма скажа мой апанэнт. Можа, і расставіць. Але як адзначаў Альберт Эйнштэйн: Вы кажаце, што ўсё так проста? — Так, усё проста, але зусім не так. Баюся, што рынак не прыдумае сэнс жыцьця для беларусаў. І не ўсталюе справядлівасьць, як яны яе сабе разумеюць.

А гэта — глыбокія рэчы, незалежныя ад таго, квітнее краіна ці бяднее. Добра, вядома, калі квітнее. А калі не? Па-рознаму і ў іншых краінах адбываецца, тлустыя гады зьмяняюцца худымі. А калі сэнсаў няма, то і ў тлустыя гады цяжка. Не кажучы пра худыя. Што спадар Кунцэвіч ці Лукашэнка на схіле гадоў гэтыя сэнсы знойдзе, сфармулюе — у гэта і праўда слаба верыцца. Тут з Арцёмам Шрайбманом можна пагадзіцца. Але бяда ў тым, што іх наогул ніхто не знаходзіць.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG