Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі суд адмяніў рашэньне аб высылцы грамадзяніна Расеі, які кіраваў машынай нецьвярозы


Грамадзянін Расеі, жыхар Хойнікаў Сяргей Рэзчык застанецца ў Беларусі. Хойніцкая міліцыя, а ўсьлед за ёй і раённы суд прынялі рашэньне аб высылцы расейца зь Беларусі на 10 гадоў за правапарушэньні. Гомельскі абласны суд 20 жніўня адмяніў гэтыя рашэньні.

40-гадовы Сяргей Рэзчык нарадзіўся ў Хойніках. Пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС сям’я Сяргея пераехала ў Расею, і там ён атрымаў грамадзянства. Затым вярнуўся ў Хойнікі, знайшоў працу, прыдбаў кватэру, займеў сям’ю. Сяргей з жонкай-беларускай выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей.

У красавіку 2019 году Хойніцкі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы расейскага грамадзяніна зь Беларусі на максымальны тэрмін — 10 гадоў. Прычына — дапушчаныя ім правапарушэньні. Сяргей кіраваў аўтамабілем у нецьвярозым стане, перавозіў дзіця без адмысловага крэсла, пераходзіў вуліцу ў неналежным месцы.

Па юрыдычную дапамогу расеец зьвярнуўся ў незалежны прафсаюз РЭП. Інтарэсы Сяргея Рэзчыка ў судзе абараняў прававы інспэктар прафсаюзу Леанід Судаленка. У камэнтары Свабодзе ён зазначыў, што праваабаронцы не ўхваляюць такія паводзіны іншаземнага грамадзяніна, як кіраваньне аўто ў нецьвярозым стане. Разам з тым высылка на максымальны тэрмін, 10 гадоў — «гэта празьмернае ўмяшаньне дзяржавы ў прыватнае жыцьцё канкрэтнай сям’і».

«Пры прыняцьці рашэньня аб высылцы міліцыя не ўлічыла лёс непаўналетніх дзяцей Сяргея, ягонай жонкі. На судзе выступаў прадстаўнік Хойніцкага РАУС. На пытаньне, чаму да расейскага грамадзяніна прыменены максымальны тэрмін высылкі, ён адказаў, што на калегіі МУС на той час міністар Ігар Шуневіч запатрабаваў ад падначаленых высылаць замежнікаў на максымальныя тэрміны. Выходзіць, што вусны загад — вышэйшы за нормы заканадаўства», — заўважыў Леанід Судаленка.

Гэта ня першая перамога гомельскіх правааабаронцаў у справах аб высылцы замежнікаў. 7 лютага Гомельскі абласны суд адмяніў рашэньне аб высылцы 40-гадовага жыхара Буда-Кашалёва, грамадзяніна Ўкраіны Сяргея Працэнкі.

Разам з тым 8 жніўня Гомельскі абласны суд пакінуў правамоцным рашэньне суду Буда-Кашалёўскага раёну аб высылцы на 5 гадоў у Расею жыхара вёскі Губічы Ўладзімера Траўтэра.

У сьнежні 2018 — студзені 2019 году ў Гомельскай вобласьці скончылі жыцьцё самагубствам трое грамадзян Расеі, якіх міліцыя пастанавіла выслаць зь Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG