Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская міліцыя не знайшла падстаў адмяніць высылку расейца, які 26 гадоў пражыў у Беларусі


УУС Гомельскага аблвыканкаму адказала на скаргу жыхара Буда-Кашалёўскага раёну, грамадзяніна Расеі Ўладзімера Траўтэра. Абласная міліцыя не знайшла падстаў адмяніць рашэньне аб высылцы.

Расеец пражыў у Беларусі 26 гадоў. У Буда-Кашалёўскім раёне ён мае жытло, сталую працу, жонку, сына і вялікую гаспадарку. Праз адміністрацыйнае правапарушэньне Ўладзімер падпаў пад высылку з забаронай уезду на тэрыторыю Беларусі цягам пяці гадоў.

У адказе за подпісам намесьніка старшыні УУС Анатоля Васільева гаворыцца, што пры вынясеньні рашэньня Буда-Кашалёўскай міліцыяй былі ўзятыя пад увагу «як абставіны, якія характарызуюць вашу асобу, так і той факт, што вы папярэджваліся аб неабходнасьці выкананьня заканадаўства».

Міліцыя нагадала, што замежныя грамадзяне абавязаныя выконваць законы Беларусі і «паважаць яе нацыянальныя традыцыі».

38-гадовы Ўладзімер сьцьвярджае, што яму няма куды ехаць у Расею. Ён жыве ў Беларусі з 1993 году. Уладзімер пабраўся шлюбам зь беларускай Марыяй. Цяпер іх сыну 17 гадоў. У суседняй вёсцы жывуць старая хворая маці Ўладзімера і яго айчым.

Траўтэры зрабілі ў сваім доме рамонт, трымаюць сьвіней і курэй, апрацоўваюць 70 сотак зямлі. Уладзімер 17 гадоў робіць жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы, ягоная жонка — прыбіральшчыцай у школе.

У лютым яго аштрафавалі і забралі правы за размову па тэлефоне за рулём і астаткавы алькаголь.

Пасьля гэтага Аддзел па грамадзянстве і міграцыі РАУС вырашыў выслаць Траўтэра на пяць гадоў.

Цяпер Уладзімер зьбіраецца абскарджваць рашэньне аб высылцы ў судзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG