Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі праверылі азіяцкія крамы, на якія прадпрымальнікі скардзіліся ў адміністрацыю Лукашэнкі


Крама таннай вопраткі ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Крама таннай вопраткі ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Інспэкцыі Дзяржстандарту за першае паўгодзьдзе 2019 году правялі 249 маніторынгаў і праверак работы гандляроў зь Сярэдняй Азіі, якія прадаюць адзеньне па нізкіх коштах. tut.by даведаўся, якія парушэньні часьцей за ўсё сустракаюцца ў гандляроў з Сярэдняй Азіі.

Спэцыялісты Дзяржстандарту праверылі 3022 найменьні прадукцыі, сярод іх — дарослая і дзіцячая вопратка, бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы. Парушэньні знайшлі ва ўсіх правераных крамах, практычна па ўсіх групах тавараў. За парушэньні, якія не былі ліквідаваныя, па выніках паўторных маніторынгаў склалі 296 пратаколаў.

Паводле Дзяржстандарту, асноўнымі парушэньнямі па-ранейшаму зьяўляюцца:

  • адсутнасьць поўнай ідэнтыфікацыі прадукцыі і, адпаведна, неабходнай інфармацыі для спажыўца
  • адсутнасьць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць бясьпечнасьць прадукцыі і яе адпаведнасьць патрабаваньням тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага саюзу.

«Загады аб канфіскацыі з рэалізацыі небясьпечных тавараў, выяўленых пры маніторынгах, гэтыя крамы выконваюць. Пра гэта яны інфармуюць інспэкцыі. Што датычыцца выкананьня іншых рэкамэндацый, яны часьцяком аддаюць перавагу заплаціць устаноўленыя заканадаўствам штрафы і працягваць працаваць далей. Пры гэтым новая прадукцыя ўвозіцца імі практычна з такімі ж парушэньнямі», — сказалі ў Дзяржстандарце.

На крамы гандляроў з Цэнтральнай Азіі, якія гандлююць танным адзеньнем, ня першы год скардзяцца як прадпрымальнікі, так і прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці. Адны з асноўных прэтэнзій: недаплачваюць падаткі, няма патрэбных дакумэнтаў на тавар і складана канкураваць з такой прадукцыяй зпрычыны яе нізкага кошту.

Улады пацьвярджаюць: парушэньні ў прадаўцоў з Сярэдняй Азіі сапраўды ёсьць, і ня ўсе тавары, якія тут прадаюцца, бяспечныя. Пры гэтым пакупнікоў у крамах з танным таварам з Сярэдняй Азіі хапае.

Пытаньне з азіяцкімі крамамі ўздымалася на сустрэчы старшыні грамадзкага аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG