Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прынцып адзін і той жа: ня важна, хто абгадзіўся, каровы ці сілавікі». Праваабаронца пра сакрэтны даклад


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, 20 жніўня 2019 году
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, 20 жніўня 2019 году

Нічога новага і «сакрэтнага» ў дакладзе пра стан спраў у праваахоўных органах няма, — кажа праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Аляксандар Лукашэнка 20 жніўня ўчыніў «разнос» на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якую назваў «гістарычнай»: маўляў, «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Ён агучыў дэталі з «сакрэтнага дакладу».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Гэта сыстэма, якая выпрацавана ў краіне цягам шматлікіх гадоў. Прынцып адзін і той жа: тут ня важна, хто абгадзіўся, каровы ці сілавікі. То бок прыяжджае прэзыдэнт, на ўсіх лаецца, робіць усім наганяй. Але гэта ўсё ручное кіраваньне. Каб мінімізаваць і змагацца з такімі зьявамі, як катаваньне, жорсткае бесчалавечнае абыходжаньне, і іншымі злоўжываньнямі праваахоўнікаў, ня трэба выдумляць ровар», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Паводле праваабаронцы, усе неабходныя рэкамэндацыі «даўным-даўно сфармуляваныя, у тым ліку і дагаворнымі органамі ААН». Ён згадаў Камітэт супраць катаваньняў і Камітэт па правах чалавека ААН, дзе па выніках справаздачаў пра сытуацыю ў Беларусі былі выпрацаваныя рэкамэндацыі ўладам.

«Гэтыя рэкамэндацыі вельмі канкрэтныя і ўсёабдымныя. Калі ласка, бярыце і зацьвярджайце, уключайце ў нацыянальны плян па правах чалавека і рэалізуйце. То бок без рэформаў сыстэма ў Беларусі застанецца такой, як яна ёсьць».

Агучаныя кіраўніком Беларусі фрагмэнты сакрэтнага дакладу, паводле Валянціна Стэфановіча, даюць падставы казаць, што меліся на ўвазе і тыя справы, якімі займаліся праваабаронцы. Адна зь іх — гэта справа доктара Дзьмітрыя Серады, да якога ў кватэру 4 жніўня 2016 году ўварваліся АМАПаўцы ў масках, выламалі ўваходныя дзьверы, разьбілі шкло бальконных дзьвярэй на кухні. Дзьмітрыя паклалі тварам на падлогу на вачах у жонкі і малога дзіцяці, жорстка зьбілі, завезьлі ў Заводзкае РУУС, потым у Сьледчы камітэт. Трымалі паўтара сутак, не кармілі.

«Гэтая гісторыя цягнецца ўжо ня першы год, і доктар, які ні ў чым не вінаваты, не атрымаў ніякіх прабачэньняў і ніхто не пакараны за такія злоўжываньні. Нядаўна быў чарговы суд, які скасаваў адмову распачаць крымінальную справу, і цяпер павінны быць праведзеныя дадатковыя праверкі. Але, як паказвае наш досьвед, такія справы цягнуцца гадамі. Адзінкавыя даходзяць да суду, калі супрацоўнікаў праваахоўных органаў прызнаюць вінаватымі ў злоўжываньнях і караюць».

Сам Дзьмітры Серада ў адказ на пытаньне Свабоды, ці паўплываюць словы Лукашэнкі на разгляд ягонай справы, адказаў: «Не па словах трэба меркаваць, а па справах. Паглядзім».

Паводле статыстыкі, якую праваабаронцы перадалі ў Камітэт па катаваньнях ААН, з усяго аб’ёму пададзеных скаргаў толькі па адзінкавых насамрэч былі прынятыя рашэньні.

«Гэта сыстэмная праблема. У нас не працуе належным чынам ні пракуратура, якая павінна весьці нагляд за законнасьцю, у тым ліку праваахоўных органаў, ні іншыя структуры. А нацыянальных праваабарончых інстытутаў няма. Я маю на ўвазе ўпаўнаважанага па правах чалавека зь ягоным офісам, які мае магчымасьць наведваць месцы зьняволеньня ў любы час і без папярэджаньня. Альбо адсутнічаюць прэвэнтыўныя мэханізмы супраць катаваньняў, якія ёсьць у іншых краінах. У нас не крыміналізаваныя ўсе віды катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў Крымінальным кодэксе. Усё гэта вядома, і ня першы год», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Паводле праваабаронцы, калі ўлады не рэалізуюць рэкамэндацыі, то гэта будзе «песьня без канца».

«І каровы будуць надалей абгаджаныя стаяць, і сілавікі будуць абгаджвацца рэгулярна», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч лічыць, што ў сакрэтны даклад, частку якога агучыў Аляксандар Лукашэнка, трэба дадаць «справу «Белага легіёну». (Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго як 21 сакавіка 2017 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. 30 лістапада 2017 году паведамілі пра спыненьне справы).

«Людзей пратрымалі ў СІЗА па некалькі месяцаў, а потым у судовым парадку адмовілі ў выплаце кампэнсацыі маральнай шкоды. Сказалі — маўляў, трымалі пад вартай паводле закону. Маўляў — і што, што справу спынілі, а іх вызвалілі за адсутнасьцю складу злачынства па рэабілітуючых абставінах? Людзям не заплацілі ні капейкі за тое, што іх па некалькі месяцаў пратрымалі ў СІЗА», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Якія яшчэ справы можна дадаць да сакрэтнага дакладу?

Справа Ігара Пцічкіна

Ігар Пцічкін у 2013 годзе памёр у турме нібыта ад сардэчнай хваробы. Сваякі не пагадзіліся з высновамі афіцыйнай экспэртызы аб прычынах сьмерці вязьня, бо ўбачылі на яго целе сьляды катаваньняў. Суд па справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна адбыўся ў 2016 годзе. У выніку лекар турмы на вуліцы Валадарскага ў Менску Аляксандар Крылоў быў асуджаны на 2 гады і 9 месяцаў абмежаваньня волі за невыкананьне службовых абавязкаў.

Справа Дзьмітрыя Качановіча

16 кастрычніка мянчук Дзьмітры Качановіч быў затрыманы і дастаўлены ў гарадзкі аддзел міліцыі № 2 Менску пасьля адпачынку ў кавярні. Паводле Качановіча, міліцыянты прышпілілі яго кайданкамі да крука, замацаванага ў пакоі, дзе не вядзецца відэаназіраньня, і пачалі жорстка зьбіваць, у тым ліку нагамі. Толькі на наступны дзень, калі Качановіча перавезьлі ў Заводзкі РУУС, адтуль яму выклікалі хуткую дапамогу. Мэдыкі зафіксавалі ў яго пералом носа, сьляды ад кайданкоў, гематомы на твары і руках.

Справа Аляксандра Акуліча

У 2012 годзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня Сьветлагорску памёр мясцовы жыхар Аляксандар Акуліч. Больш за 3 гады маці нябожчыка Валянціна Акуліч дамагалася завядзеньня крымінальнай справы супроць мясцовых турэмшчыкаў. Жанчына спасылалася на сьляды траўмаў на целе памерлага сына, якія лічыла сьлядамі катаваньняў. Таксама яна даводзіла, што сыну несвоечасова выклікалі хуткую дапамогу.

Справа Алега Багданава

Жыхар Менску Алег Багданаў памёр у 2014 годзе ў Жодзінскай турме, паводле афіцыйнай вэрсіі — ад сардэчнай хваробы. Маці нябожчыка Марына Багданава мяркуе, што яе сын-інвалід памёр з прычыны злачыннага абыходжаньня зь ім супрацоўнікаў установы.

Толькі ў кастрычніку 2016 году пасьля асабістага прыёму старшыня Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч загадаў распачаць па факце сьмерці ў Жодзінскай турме крымінальную справу па 162 артыкуле Крымінальнага кодэксу — неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдычнымі працаўнікамі, якое мела сваім наступствам сьмерць чалавека. Аднак праз паўгода папярэдняе расьсьледаваньне па гэтай справе спынілі ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства ў дзеяньнях службовых асоб.

Справа братоў Барбашынскіх

22 верасьня 2016 году ў Слуцку пахавалі 39-гадовага Ігара Барбашынскага, былога слуцкага міліцыянта, які памёр зь невядомых прычын пад сьледзтвам у Жодзінскай турме № 8. Разам з братам Іванам Ігара абвінавачвалі ў «непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, супраціве і зьбіваньні супрацоўнікаў РАУС». Маці братоў Барбашынскіх у інтэрвію Свабодзе казала, што, на яе думку, Ігара забілі ў турме наўмысна.

19 сакавіка 2016 году Ігара Барбашынскага разам з братам Іванам па дарозе дадому з начной кавярні затрымалі міліцыянты. Братоў абвінавацілі ў знаходжаньні нецьвярозымі ў грамадзкім месцы і даставілі ў мэдвыцьвярэзьнік. На наступны дзень да мэдвыцьвярэзьніка выклікалі хуткую мэдычную дапамогу. Рэнтгенаўскія здымкі паказалі ў абодвух братоў пераломы рэбраў, таксама былі зафіксаваныя шматлікія гематомы.

Пасьля таго як браты напісалі заяву ў Слуцкі РАУС пра зьбіцьцё іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх распачатая крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да міліцыянтаў. Праз два месяцы Барбашынскіх зноў затрымалі і да суду зьмясьцілі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. У верасьні таго ж году Ігар Барбашынскі ў вязьніцы памёр.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG