Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка анансаваў паездкі па «аддаленых раёнах». Дзе ён яшчэ ня быў за 25 гадоў ва ўладзе?

абноўлена

Іўе, архіўнае фота

У час паездкі ў Івейскі раён Горадзенскай вобласьці 21 жніўня Аляксандар Лукашэнка адзначыў «вялікую памылку» абласнога кіраўніцтва, якое «тапталася на захадзе» і не надала дастаткова ўвагі ўсходу рэгіёну, піша БелТА.

«Гэтым самым я хачу паказаць, пачынаючы з Іўя, што ўскраіны любой губэрні — таксама раёны, якія павінны разьвівацца як сьлед», — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе, верагодна, не губэрні (у Беларусі няма такой тэрытарыяльнай адзінкі), а вобласьці.

Ён адзначыў, што ўжо пабываў у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці і на паўднёвым усходзе Магілёўскай — і анансаваў наступныя візыты:

«А вось такія раёны ў абласьцях, як Івейскі або Глуск Магілёўскай вобласьці, я таксама хачу туды паехаць, або Капыль у Менскай вобласьці, таксама туды паеду… — разважаў Лукашэнка. — Цяпер я прайдуся па гэтых раёнах, якія ня валаўтваральныя, якія недзе там... Але там жа нашыя людзі жывуць! Таму асаблівасьць гэтай паездкі ў тым, што я хачу цяпер наведаць аддаленыя раённыя цэнтры ў кожнай вобласьці».

Пазьней Лукашэнка таксама папрасіў заплянаваць яму «недзе праз тыдзень» паездкі ў Карэлічы і Дзятлава, дзе працуюць ільнозаводы.

Паводле зьвестак з адкрытых крыніцаў, Лукашэнка прынамсі аднойчы за 25 гадоў кіраваньня дзяржавай бываў і ў Івейскім, і ў Глускім раёнах, некалькі разоў у Капыльскім.

Свабода налічыла 16 раёнаў, дзе не ступала нага Лукашэнкі, і ўжо зьезьдзілі ў некаторыя зь іх — на Сеньненшчыну, Воранаўшчыну і Шклоўшчыну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG