Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арбітар Вольга Цярэшка пра сэксісцкія камэнтары на БТ: «Гэта было проста непрафэсійна»


Камэнтатар Павал Баранаў, архіўнае фота
Камэнтатар Павал Баранаў, архіўнае фота

Вольга Цярэшка расказала Свабодзе, як глядзела матч за Супэркубак УЭФА паміж «Чэлсі» і «Арсэналам».

14 жніўня ў Стамбуле адбыўся футбольны матч за Супэркубак УЭФА паміж англійскімі клюбамі «Чэлсі» і «Лівэрпуль». Матч выдаўся напружаным, дайшло да дадатковага часу і сэрыі пэнальці. А таксама гістарычным — упершыню гульню такога ўзроўню судзіла брыгада, цалкам складзеная з арбітраў-жанчын. У Беларусі матч паказваў канал «Беларусь 5», камэнтавалі яго прафэсійны камэнтатар Павал Баранаў і вядомы былы футбаліст Пётар Качура.

Значную частку іхнага рэпартажу занялі камэнтары наконт жаночай судзейскай брыгады:

  • «Напэўна, гэта ўжо фізіялёгія, прабачце. Другі раз затрымліваць з прыняцьцем рашэньня».
  • «Напэўна ж, Фрапар (Стэфані Фрапар, галоўны арбітар сустрэчы. — РС) здала ўсе тэсты, каб адпавядаць тэмпу такой гульні».
  • «Складана футбалістам такога ўзроўню спрачацца з жанчынай. Як яны могуць нешта ёй эмацыйна даказваць?»

Гэта толькі малая частка таго, што нагаварылі камэнтатары ў эфіры.

Паводзіны Баранава і Качуры выклікалі хвалю рэакцыі ў сацсетках і ў СМІ. Свабода зьвязалася з жанчынай-арбітрам Вольгай Цярэшкай, якая працуе ў беларускім чэмпіянаце і мае катэгорыю FIFA.

Вольга Цярэшка, архіўнае фота
Вольга Цярэшка, архіўнае фота

«Як вам сказаць... Гэта быў непрафэсіяналізм, у іхніх словах, — сказала Вольга, якая таксама глядзела матч з камэнтарамі Баранава і Качуры. — Вось і ўсё. Больш я нічога пра гэта гаварыць не хачу, шчыра. Мне нават сорамна было. Такое ўражаньне складалася, што яны не разумеюць, пра што гавораць. Гэта маё асабістае меркаваньне».

Па словах Вольгі, яна сутыкаецца з павышанай увагай да сябе падчас футбольных матчаў. Але гэта яе кранае значна менш.

«Адна справа, калі людзі камэнтуюць з трыбун, — кажа судзьдзя. — Яны прыйшлі паглядзець на відовішча. Гэта адно. А калі гэта спэцыяліст гаворыць, які ня з вуліцы прыйшоў, у мяне рэакцыя зусім іншая. Камэнтары падчас матча ад заўзятараў, выказваньні ў інтэрнэце — на ўсё гэта я не зьвяртаю ўвагі. Але калі прафэсіяналы так выказваюцца — гэта ўжо зусім іншае. Я думаю, што ніводзін з маіх калегаў, маіх настаўнікаў у судзействе ня можа такога сказаць. Ня можа нават дазволіць сабе нешта падобнае».

У Беларусі таксама ёсьць свой футбольны Супэркубак, а таксама фінал Кубка і важныя матчы чэмпіянату. Пакуль жанчынам-арбітрам не даводзілася іх судзіць. Аднак Вольга Цярэшка мяркуе, што гэта толькі пытаньне часу.

«Я думаю, у Беларусі ў будучыні жанчыны будуць судзіць важныя матчы мужчынскіх камандаў, — кажа Вольга. — Такую выснову можна зрабіць са словаў кіраўнікоў фэдэрацыі. Гэта ўсё больш і больш абмяркоўваецца. Таму я не губляю надзеі. Я ня думаю, што існуе нейкі асобны стыль судзейства — мужчынскі ці жаночы. Калі чалавек прафэсіянал сваёй справы, то ён будзе прафэсіяналам незалежна ад полу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG