Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства навукі Расеі не рэкамэндуе навукоўцам заставацца з іншаземцамі сам-насам

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства навукі і адукацыі Расеі зрабіла больш жорсткімі правілы ўзаемадзеяньня расейскіх навукоўцаў з замежнымі калегамі. Гэта параўноўваюць з абмежаваньнямі, якія дзейнічалі за савецкім часам.

  • Зь імі не рэкамэндавана заставацца сам-насам.
  • Іх візыты трэба ўзгадняць загадзя з урадам.
  • Прапаноўваецца забараніць замежным навукоўцам карыстацца мабільнымі тэлефонамі, відэакамэрамі і біноклямі на тэрыторыі расейскіх навуковых установаў.

Аб гэтым піша газэта для навуковых супрацоўнікаў «Троицкий вариант», яна публікуе фрагмэнты ведамаснага загаду.

Загад падпісаны 11 лютага, але разасланы ў ліпені па арганізацыях, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству навукі і адукацыі, паведамляе выданьне. У дакумэнце, у прыватнасьці, забараняецца праводзіць сустрэчы з замежнымі навукоўцамі без дазволу кіраўніцтва. Работнікі расейскіх навуковых арганізацыі могуць удзельнічаць у сустрэчах толькі паводле загадзя складзенага сьпісу, з іншаземцамі забаронена заставацца сам-насам і выходзіць за межы працы без дазволу начальства.

На тэрыторыі падведамасных міністэрству арганізацый іншаземцам забаронена без дазволу карыстацца бытавой электронікай, біноклямі і фотаапаратамі і сродкамі навігацыі, калі гэта не прадугледжана расейскімі дамовамі, адзначаецца ў загадзе. Аўтар газэты «Троицкий вариант», загадчык лябараторыі Упраўленьня складанымі сыстэмамі Інстытуту праблем машыназнаўства РАН Аляксандар Фрадкоў, просіць міністэрства адмяніць гэты загад, спасылаючыся на тое, што ён незаконны.

Загад, які жорстка ўзмацняе правілы ўзаемадзеяньня расейскіх навукоўцаў з замежнымі калегамі, носіць не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар. Пра гэта пазьней паведаміла агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу Міністэрства навукі і адукацыі Расеі.

  • У 2018 годзе ў падмаскоўным Цэнтральным навукова-дасьледчым інстытуце машынабудаваньня быў арыштаваны 74-гадовы навуковец Кудраўцаў праз падазрэньне ў выдаваньні дзяржаўнай тайны. Ён настойвае, што абвінавачаньні будуюцца на санкцыянаваным дзяржавай навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. У ліпені яшчэ адным абвінавачаным у справе стаў 77-гадовы супрацоўнік таго ж інстытуту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG