Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэрыя Масквы не дазволіла апазыцыйнае шэсьце 17 жніўня


Падчас акцыі 10 жніўня ў Маскве

Мэрыя Масквы адмовілася ўзгадніць шэсьце за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу, якое плянавалі правесьці 17 жніўня, паведаміў адзін з арганізатараў акцыі, кіраўнік акругі Якіманка Андрэй Мораў.

Адмову патлумачылі парушэньнем тэрмінаў падачы паведамленьня. Аднак, як адзначыў Мораў, паводле закону муніцыпальныя дэпутаты маюць права падаваць заяўкі за пяць дзён да падзеі.

«Цяпер мэрыя, каб зьбіць хвалю пратэсту, прымяняе двайныя стандарты, спрабуе выцесьніць пратэст і па сутнасьці забараніць правядзеньне ўзгодненых акцый», — напісаў Мораў у «Фэйсбуку». Гэта памылка ўлады, арганізатары акцыі накіруюць мэрыі афіцыйнае пярэчаньне, дадаў ён.

Заяўку на шэсьце з чаканымі 30 тысячамі ўдзельнікаў муніцыпальныя дэпутаты Алена Філіна, Ільля Азар і Андрэй Мораў падалі 9 жніўня. Пры гэтым раней мэрыя Масквы ўзгадніла на 17 жніўня мітынг КПРФ за сумленныя выбары на праспэкце Сахарава.

Акцыі апазыцыі ў цэнтры Масквы за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў у Масгардуму працягваюцца ужо месяц. Усяго за гэты час паліцыя затрымала каля трох тысяч чалавек. Пасьля акцыі 27 ліпеня Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу аб масавых беспарадках, у якой арыштавалі 14 чалавек. Праваабаронцы і юрысты адзначаюць, што нічога з таго, што можна кваліфікаваць як «масавыя беспарадкі», у Маскве не адбывалася.

Мітынг апазыцыі на праспэкце Акадэміка Сахарава 10 жніўня стаў найбуйнейшым за апошнія некалькі гадоў. Паводле «Белага лічыльніка», на яго прыйшлі каля 50 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG