Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую тэхніку паказалі Лукашэнку на аб’екце ўрадавай сувязі КДБ


Аляксандр Лукашэнка наведвае аб'ект ўрадавай сувязі КДБ, 9 жнiўня 2019 году

Аляксандар Лукашэнка 9 жніўня наведаў адзін з аб’ектаў урадавай сувязі КДБ. Паводле ягонай прэс-службы, яму паказалі айчынныя ўзоры тэхнікі спэцыяльнай сувязі і апаратуры шыфраваньня, у тым ліку абароненай мабільнай тэлефоннай сувязі. Паведамляецца, што ад старога аналягавага перайшлі да лічбавага абсталяваньня.

Што яшчэ паказалі Лукашэнку:

  • рухомы вузел урадавай радыёсувязі зь дзьвюх машын і з экіпажам зь сямі чалавек. На ўзбраеньне ў 2020 годзе будзе прыняты вузел сувязі новага пакаленьня на базе мікрааўтобуса з экіпажам з трох чалавек.
  • рухомы комплекс тэхнічнага кіраваньня контратэрарыстычнай апэрацыяй, які можа запускаць дроны, выяўляць і нэўтралізоўваць бесьпілётнікі. Цяпер ён праходзіць выпрабаваньні.

«На гэта грошай шкадаваць ня трэба», — сказаў Лукашэнка начальніку Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Андрэю Паўлючэнку. — Тут нам трэба дасканаласьць, каб не было разбою: захацеў нейкі начальнік некага праслухаць — праслухаў, потым прадаў інфармацыю або некаму распавёў. Гэтага быць не павінна», — удакладніў кіраўнік краіны.

Звычайных людзей праслухоўваць няма складанасьці

«Найперш гаворка вялася пра абароненасьць урадавай, вайсковай сувязі», — пракамэнтаваў паказанае БелТА вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.

Паводле яго, праслухаць звычайных людзей, якія карыстаюцца неабароненай, некадаванай сувязьзю, няма вялікай цяжкасьці.

«Усе мабільныя апэратары падпісваюць адпаведныя абавязаньні зь сілавымі органамі, для таго каб даваць ім магчымасьць праслухоўваць цікавых ім абанэнтаў ці запісы іх размоў і СМС за пэўны пэрыяд. У выключных выпадках, калі ідзе агентурная праца, сачэньне за агентамі ці тэрарыстамі, прымяняюцца спэцсродкі, якія дазваляюць здымаць гук з вокнаў праз шкло», — кажа Алесін.

«Працэдура не заўсёды працуе так, як яна прапісаная ў законе»

Праслухоўваньне грамадзян Беларусі рэгулюецца законам аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Дазвол на праслухоўваньне выдаецца пракурорам, старшынём Сьледчага камітэту альбо старшынём КДБ.

Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк кажа, што ў Беларусі здараюцца парушэньні заканадаўства. У прыклад ён прывёў нядаўнюю «справу БелТА», калі праслухоўваліся тэлефонныя размовы журналістаў парталу Tut.by.

«Справа пачалася адной датай, але ў ёй фігураваў запіс размовы паміж журналістамі, зроблены больш як за месяц, — згадвае ён. — Там не было згадак пра санкцыю пракурора ці іншыя законныя падставы для такога праслухоўваньня. Прынамсі, гэтага не прагучала ў залі суду, хоць і было прамое пытаньне адваката.

Гэта можа сьведчыць пра тое, што працэдура не заўсёды працуе так, як яна прапісаная ў законе. Яна сьведчыць пра непразрыстасьць сыстэмы і пра парушэньне права на асабістую недатыкальнасьць».

Паводле Казьлюка, сама працэдура дазволу на праслухоўваньне не адпавядае стандартам правоў чалавека:

«Гэтая працэдура магла б праходзіць пра суд, калі судзьдзя вырашае, ці варта ў такой сытуацыі праслухоўваць тэлефонныя размовы. І, адпаведна, гэта робіцца да таго, як гэтыя размовы праслухоўваюцца. Калі ў нас няма судовай санкцыі на гэта, то можа быць такая сытуацыя, калі спачатку праслухоўваюць, а потым атрымліваюць санкцыю ў сваім жа ведамстве. Таму сама працэдура патрабуе перагляду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG