Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КНДР пацьвердзілі запуск дзьвюх ракет новага тыпу


Ілюстрацыйнае фота. Запуск ракет у КНДР 26 ліпеня

Паўночная Карэя пацьвердзіла тэставы запуск двух ракет сярэдняй далёкасьці новага тыпу. На выпрабаваньнях прысутнічаў лідэр КНДР Кім Чэн Ын, паведаміла дзяржаўнае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва КНДР 11 жніўня.

Ніякіх падрабязнасьцяў пра новыя ракеты агенцтва не паведаміла.

10 жніўня пра запуск дзьвюх балістычных ракет блізу горада Хамхын на ўсходнім узьбярэжжы КНДР паведаміў офіс прэзыдэнта Паўднёвай Карэі. Як сьцьвярджае Паўднёвая Карэя, гэта ўжо пятыя ракетныя выпрабаваньні, якія правёў Пхэньян, пачынаючы з 25 ліпеня.

У канцы ліпеня Пхеньян заяўляў, што згаданыя пускі — гэта папярэджаньне «паўднёвакарэйскім мілітарыстам» у сувязі з правядзеньнем вайсковых вучэньняў сумесна з ЗША на Карэйскім паўвостраве.

Афіцыйнае паведамленьне аб новым ракетным запуску было апублікавана празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што атрымаў «вельмі добры ліст» ад Кім Чэн Ына.

«У лісьце, які мне даслаў Кім Чэн Ын, ён вельмі ветліва заявіў, што хацеў бы сустрэцца і пачаць перамовы, як толькі скончацца сумесныя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі», — напісаў Трамп у Твітэры.

Апошняя сустрэча Трампа і Кім Чэн Ына адбылася 30 чэрвеня ў дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі адразу пасьля заканчэньня саміту краін — членаў «Групы дваццаці».

Рада Бясьпекі ААН забараняе КНДР весьці распрацоўкі і выпрабаваньні ядзернай зброі, а таксама балістычных ракет пад пагрозай жорсткіх эканамічных санкцый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG