Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі 8 жніўня мог выбухнуць рухавік на ядзерным паліве, — Reuters


Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

Аварыя на вайсковым палігоне ў Архангельскай вобласьці 8 жніўня, пры якой загінулі супрацоўнікі «Расатама» і Мінабароны, магла адбыцца ў выніку выбуху ракетнага рухавіка зь ядзерным палівам, паведамляе Reuters са спасылкай на амэрыканскіх экспэртаў.

Паводле словаў гэтых экспэртаў, аварыя адбылася хутчэй за ўсё ў час выпрабаваньняў крылатай ракеты з ядзернай устаноўкай, пра якую згадваў Уладзімір Пуцін у мінулым годзе. Расея называе ракету 9М730 «Буревестник», NATO пазначае яе як SSC-X-9 Skyfall.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што ў чацьвер загінулі два чалавекі і шэсьць атрымалі раненьні ў выніку выбуху так званага вадкаснага ракетнага рухавіка. Мінабароны заявіла, што пры аварыі не адбылося выкіду небясьпечных рэчываў. «Росатом» паведаміў аб гібелі пяці сваіх супрацоўнікаў.

Прэс-служба адміністрацыі Северадзьвінску, за 40 км ад якога адбыўся выбух, паведамляла аб «кароткачасовым павышэньні радыяцыйнага фону» пасьля выбуху: «Па стане на 14:00 паказаньні лічыльнікаў не перавышаюць 0,11 мікразывэртаў у гадзіну пры максымальна дапушчальных 0,6 мікразывэртаў у гадзіну. Радыяцыйны фон у Северадзьвінску нармальны». Да якога значэньня павысіўся радыяцыйны фон, улады не ўдакладнілі.

«Росатом» ня кажа пра радыяцыю, але сьцьвярджае, што аварыя адбылася падчас работаў, «зьвязаных з інжынэрна-тэхнічным суправаджэньнем ізатопных крыніцаў сілкаваньня на вадкаснай рухальнай устаноўцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG