Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагражаюць забраць дзіця ў апазыцыянэраў? У Беларусі такое ўжо было


Алесь Лагвінец з жонкай і малодшым сынам у судзе, 2017 год

Гісторыя расейцаў Дзьмітрыя і Вольгі Праказавых, якіх пракуратура намагаецца пазбавіць бацькоўскіх правоў, бо яны бралі ўдзел у акцыі 27 ліпеня ў Маскве разам зь дзіцем аднаго году, нагадала, што такое было і ў Беларусі.

Пагрозы прызнаць сем’і нядобранадзейнымі і забраць дзяцей у прытулак раней ня раз гучалі на адрас беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў.

2010

Пасьля падзей на плошчы 19 сьнежня і затрыманьня кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ягонай жонкі журналісткі Ірыны Халіп сацыяльныя службы спрабавалі забраць іхнага сына Данілу. Хлопчыку тады было 3 гады. Усё было настолькі сур’ёзна, што маці Ірыны — Люцыне Халіп прапаноўвалі аформіць афіцыйнае апякунства на ўнука.

Андрэй Саньнікаў з сынам Данікам і жонкай Ірынай Халіп, 2012 год
Андрэй Саньнікаў з сынам Данікам і жонкай Ірынай Халіп, 2012 год

Журналістка Вольга Чайчыц была затрыманая пасьля Плошчы сярод соцень іншых удзельнікаў акцыі пратэсту. Яна казала, што ў пастарунку пагражалі пазбавіць яе мацярынскіх правоў, калі яна не падпіша пратакол аб удзеле ў «несанкцыянаванай акцыі».

2014

У 2014 годзе да кіраўніцы грамадзянскай кампаніі «Наш дом» віцяблянкі Вольгі Карач пасьля нараджэньня сына прыйшлі кантралёры, каб праверыць умовы ўтрыманьня немаўляці.

Вольга Карач з сынам і мужам, 2014 год
Вольга Карач з сынам і мужам, 2014 год

На думку жанчыны, праверкі былі зьвязаныя зь яе грамадзкай дзейнасьцю. Неўзабаве яна атрымала ліст з аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, што яе непаўналетні сын «не прызнаны тым, хто знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы».

2015

Сям’ю намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрася Беленькагазалічылі ў праблемныя. Справу разглядаў суд. Адзінай дачцэ Беленькага тады было 15 гадоў. Раней палітыка прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за арганізацыю мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Лошыца.

Праз канфлікт зь міліцыянтам прымусова адабралі дзіця ў прадстаўніцы Цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў, маладачанкі Алесі Садоўскай. Яна намагалася давесьці, што яе катавалі ў міліцэйскім пастарунку. Саму жанчыну зьмяшчалі ў псыхіятрычную лякарню. Толькі ў выніку судовых спрэчак выснову аб неабходнасьці прымусовага лекаваньня зьнялі, а дзіця вярнулі маці.

2017

Перад Днём Волі-2017 былога намесьніка старшыні руху «За свабоду», заснавальніка праваабаронча-асьветніцкага аб’яднаньня «Дзея» Алеся Лагвінца зьбілі, а пасьля і арыштавалі па адміністрацыйнай справе «за брыдкаслоўе».

Дадому прыйшлі сацыяльныя пэдагогі са школы, да якой прыпісаны малы сын палітыка, каб «праверыць», якая сытуацыя ў сям’і, дзе бацька «ня ёсьць узорам для перайманьня». Пагражалі паставіць сям’ю на ўлік як «сацыяльна неўладкаваную».

Алесь Лагвінец на судзе, 2017 год
Алесь Лагвінец на судзе, 2017 год

На мастака Алеся Пушкіна міліцыя склала тры пратаколы за акцыю «Дзень гісторыі» у Слуцку. Тады ён разам з сынам Мікалаем ушанаваў памяць слуцкіх паўстанцаў на могілках, дзе пахаваны паэт Альгерд Абуховіч.

Пушкіна абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі, а таксама ў парушэньні правілаў утрыманьня населеных пунктаў і ў невыкананьні бацькоўскіх абавязкаў — ягоны сын у Дзень ведаў ня быў у школе ў Крупскім раёне, дзе пражывае.

У тлумачэньні Алесь Пушкін напісаў, што гэта быў сьвядомы ўчынак — выхоўваць свайго сына патрыётам Беларусі на прыкладзе слаўнай гісторыі Случчыны. Наступстваў для Міколы, акрамя пагрозаў «разабрацца зь нядбайным бацькам», не было.

Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

Міліцыя пагражала журналістцы тэлеканалу «Белсат» Ларысе Шчыраковай, што сына забяруць у інтэрнат, калі яна ня спыніць «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

«Стаўленьне, канечне, не чалавечае, але ніхто і не чакае ад рэжымаў што ў Беларусі, што ў Расеі гульні па правілах, па нормах маралі, — згадвае тую сытуацыю Ларыса Шчыракова. — Выкарыстоўваюцца любыя сродкі, каб уплываць на палітыкаў, журналістаў, каб прымусіць іх адмовіцца ад поглядаў, прафэсіі. Ня грэбуюць нічым: міліцэйскі ціск, судовы перасьлед, кампрамэтуючыя матэрыялы, а кульмінацыя — пагрозы адабраць дзіця. Любыя сродкі добрыя, каб расправіцца з тым, хто не даспадобы. Ніякіх ілюзій наконт гэтага няма».

Ларыса Шчыракова, 2017 год
Ларыса Шчыракова, 2017 год

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG