Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя склала на Алеся Пушкіна тры пратаколы, у тым ліку за невыкананьне бацькоўскіх абавязкаў


Алесь Пушкін, архіўнае фота

Мастака Алеся Пушкін і палітыка Алеся Лагвінца будуць судзіць за акцыю Дзень гісторыі, якая прайшла 1 верасьня ў Слуцку.

16 кастрычніка мастак Алесь Пушкін атрымаў зь міліцыі адразу тры пратаколы за ўдзел ў акцыі «Дзень гісторыі», якую правёў у Слуцку 1 верасьня.

Тады Алесь Пушкін і Алесь Лагвінец з сынамі ўшанавалі памяць слуцкіх паўстанцаў вывешваньнем іх партрэтаў на плоце вакол мясцовага краязнаўчага музэю, а таксама наведалі могілкі, дзе пахаваны ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага паэт Альгерд Абуховіч.

«Гэта быў сьвядомы ўчынак мяне як бацькі — каб выхоўваць свайго сына патрыётам Беларусі, каб ён практычна ведаў гісторыю роднай краіны на прыкладзе слаўнай гісторыі Случчыны. Так мы будзем рабіць і далей: выяжджаць у іншыя рэгіёны Бацькаўшчыны, праводзіць 1 верасьня Дзень гісторыі», — напісаў Алесь Пушкін у тлумачэньні наконт выстаўленьня яму абвінавачаньня ў адміністрацыйных парушэньнях.

Алеся Пушкіна абвінавацілі ня толькі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі, але яшчэ і ў парушэньні правілаў утрыманьня населеных пунктаў (за тое, што павесіў партрэты на плот) ды ў невыкананьні бацькоўскіх абавязкаў (за тое, што ягоны сын Мікалай у Дзень ведаў быў ня ў школе ў Крупскім раёне, дзе пражывае, а ў Слуцку).

Дзень, калі адбудзецца суд над Алесем Пушкіным, пакуль не прызначаны, паведамляе газэта «Новы час».

Палітыка Алеся Лагвінца за гэтую ж акцыю будуць судзіць у Маскоўскім раённым судзе Менску 18 кастрычніка. На наступны дзень заплянаваны суд над ягоным сынам Антосем.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG