Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якім сьвеце прэзыдэнт Туркмэністану


Гурбангулы Бэрдымухамэдаў
Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

Што адбываецца з прэзыдэнтам Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдавым? 10 дзён таму хадзілі чуткі, што ён памёр. Ці ёсьць пэўнае пацьверджаньне ці абвяржэньне гэтых чутак? Пра гэта мы спыталіся вядомага расейскага экспэрта ў пытаньнях Цэнтральнай Азіі Аркадзя Дубнова.

«Аляксандар Рыгоравіч — гэта Борыс Джонсан у параўнаньні з Бердымухамэдавым»

— Аркадзь, наколькі я ведаю, у Туркмэністане паказалі нават відэаролік зь удзелам прэзыдэнта, але незразумела было, як даўно яно было запісанае. Але не было такога, каб ён зьявіўся на нейкім вялікім сходзе ці перад заходнімі журналістамі. Пару гадоў таму хадзіла чутка пра тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі інсульт. Празь некалькі дзён ён зьявіўся на публіцы, там было шмат тэлекамэраў. Сытуацыя з Бэрдымухамэдавым зараз такая ж, як тады была з Лукашэнкам, ці іншая?

— Вы дарма спрабуеце параўнаць сытуацыю ў Беларусі і ў Туркмэністане. Вы спыталіся, ці зьявіўся Бэрдымухамэдаў перад заходнімі журналістамі. Іх там няма наагул. Ёсьць адзін туркмэнскі грамадзянін, які шмат гадоў працуе на Reuters. Усё. Там наагул няма такога паняцьця, каб прэзыдэнт выйшаў да прэсы ці правёў прэсавую канфэрэнцыю. Бэрдымухамэдаў не праводзіць прэсавыя канфэрэнцыі, ён не адказвае на нечаканыя пытаньні журналістаў.

Аляксандар Рыгоравіч — гэта Борыс Джонсан у параўнаньні з Бердымухамэдавым. Што тычыцца стану жыцьця ці сьмерці аркадага (заступніка па-туркмэнску — такі ён мае афіцыйны тытул), то на гэты конт пэўнасьці на 146% няма.

Аркадзь Дубноў
Аркадзь Дубноў

Так, 20 ліпеня зьявіліся чуткі, так, праз пару дзён яны былі дзіўна абвергнутыя амбасадамі ў Маскве і Бішкеку. У Маскве абвяржэньне сыходзіла ад ананімнага прадстаўніка дыпмісіі. У Бішкеку абверг чуткі амбасадар Туркмэністану. Афіцыйны Ашгабад — ані МЗС, ані іншыя дзяржаўныя інстытуцыі — наагул ніяк не камэнтаваў чуткі. Праз пэўны час зьявілася паведамленьне, што ён па тэлефоне, галасам, павіншаваў зь днём нараджэньня прэзыдэнта Ўзбэкістану Мірзіёева. Потым па туркмэнскім ТБ зьявіўся ролік, пра які вы прыгадалі. Нібыта запіс сустрэчы Бэрдымухамэдава з мэрам Ашгабаду.

Але некаторыя пачалі сумнявацца, ці не «кансэрвы» гэты запіс, ці ня зроблены ён значны час таму. Потым у сацсетках Туркмэністану зьявіліся поўныя экзальтацыі заявы дзеячаў культуры краіны, у якіх яны прысаромлівалі «асобных людзей» за чуткі, якія яны распаўсюджвалі пра нашае «сьвяціла», маўляў, гэта падступна і ганьбуе гонар туркмэна. Вось такія ўскосныя абвяржэньні ішлі. На сёньняшні дзень аркадаг не зьяўляўся на публіцы. Ёсьць меркаваньні, што калі ён і жывы, то вельмі хворы ці нават у коме.

Бердымухамэдаў як кот Шродзінгэра

— Я так разумею, што ён зараз такі своеасаблівы «Кот Шродзінгера». Сказаць, жывы кот ці не, немагчыма.

— Так. І гэты кот нават вусамі не паводзіць.

— А ці можна рабіць нейкія ацэнкі сытуацыі па паводзінах іншых вышэйшых кіраўнікоў краіны — прэм’ера, напрыклад?

— У іх няма прэмʼера, у іх амэрыканская сыстэма ўлады. А што тычыцца паводзінаў кіраўнікоў, то ў момант зьяўленьня чутак пра сьмерць Бэрдымухамэдава, то ўсе тыя, хто ў выпадку форс-мажора павінен быў вярнуцца ў свае офісы, заставаліся ў сваіх месцах адпачынку на беразе Касьпійскага мора. Такую інфармацыю я меў ад крыніцы, якая ніколі мяне не падводзіла. Ніякага зьнешняга варушэньня, мітусьні на вуліцах Ашгабаду, танкаў і БТР — нічога такога не было. Сытуацыя альбо знаходзіцца пад кантролем Бэрдымухамэдава ці тых, у каго ён знаходзіцца пад кантролем. Скажу так далікатна.

Ці не былі чуткі пра сьмерць аркадага нечай спэцапэрацыяй?

— Я, як гераіня Агаты Крысьці міс Марпл, на ўсё шукаю аналёгіі ў досьведзе сваёй вёскі. У чутках пра інсульт Лукашэнкі быў выразны расейскі сьлед, расейскія тэлеграм-каналы гэтыя чуткі раскручвалі. У сытуацыі са сьмерцю ці ня сьмерцю Бэрдымухамэдава, ці гэта не магло быць нечай інфармацыйнай спэцапэрацыяй? Магчыма, ініцыяванай і ім самім.

— Ня думаю. Ён не настолькі тонкі, каб прыдумаць такога кшталту апэрацыю. Там ёсьць вакол яго людзі, якія здольныя на такога кшталту ўкіды. Але я мяркую, што ўсё значна прасьцей. Некаму падалося, што доўгая адсутнасьць аркадага на публічнай арэне — дастатковая падстава для такога ўкіду. Які і быў зроблены. І быў шырока падхоплены. Навіна стала віруснай. І гэта зразумела. Нават у Маскве калі наш бясцэны правадыр не зьяўляецца на публіцы больш за тыдзень, то эліта пачынае хвалявацца. І ўсе чакаюць чарговага пагружэньня батыскафу. Мы пакуль не пры Вестмінтэры жывем, а пры Крамлі.

— А спэцапэрацыяй Масквы ці пэўных расейскіх колаў гэты ўкід мог быць?

— Не, гэта выключана. Гэта я ведаю дакладна, паверце мне.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG