Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выцесьняць амэрыканскія нафта і газ Расею з эўрапейскага рынку


Танкер Clean Ocean даставіў першую партыю амэрыканскага звадкаванага газу ў польскі порт Свінаўйсьце 8 чэрвеня 2017 году

Што азначае прыбыцьцё першай буйной партыі амэрыканскай нафты ва Ўкраіну? Чаму напалову патаньнеў прыродны газ у Эўропе? Амэрыканскія нафта і газ выцясьняюць расейскія з сусьветных рынкаў? Ці безнадзейнае адставаньне Расеі ад вядучых нафтаздабываючых краін?

На пытаньні карэспандэнта Расейскай рэдакцыі радыё Свабода ў ЗША Юрыя Жыгалкіна адказвае амэрыканскі экспэрт, старэйшы навуковы супрацоўнік Атлянтычнай рады ў Вашынгтоне Агнія Грыгас. Яе апошняя кніга «Прыродны газ і новая геапалітыка» прысьвечаная наступствам амэрыканскай сланцавай рэвалюцыі.

У апошнія дні ў амэрыканскай прэсе амаль незаўважна, паколькі такія навіны сталі рутыннымі, праскочылі некалькі загалоўкаў, якія тым ня менш абяцаюць вялікія праблемы для Крамля. Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва Reuters, у пачатку ліпеня Ўкраіна атрымала першыя 80 тысяч тон амэрыканскай нафты, якія былі выгружаныя ў адэскім нафтавым тэрмінале. Наступны груз нафты павінен прыйсьці ў апошнія дні ліпеня, яшчэ некалькі танкераў заплянаваныя на жнівень.

Першая партыя амэрыканскай нафты, дастаўленая ва Ўкраіну, як тлумачаць трэйдары, толькі фрагмэнт цалкам новай карціны маштабнага ўварваньня амэрыканскай нафты на эўрапейскі рынак. Каля чатырох месяцаў назад амэрыканскія экспарцёры нафты імгненна прапанавалі эўрапейскім імпарцёрам сваю нафту, як толькі зьявіліся паведамленьні пра паступленьне ў Эўропу забруджанай расейскай нафты. У выніку Эўропа цяпер імпартуе каля двух з паловай мільёнаў тон амэрыканскай нафты ў месяц, і пакупнікамі амэрыканскай нафты сталі нават надзейныя і даўнія расейскія кліенты Харватыя і Грэцыя.

Героем яшчэ аднаго загалоўка быў «Газпром», даходы якога ад экспарту газу паваліліся ў другім квартале сёлета на 40 працэнтаў. Відавочная прычына была названая ў загалоўку некалькімі днямі раней: «Эўропа стала сьведкай самых нізкіх за дзесяцігодзьдзе коштаў на газ».

Каля трох з паловай гадоў назад ад газавага тэрміналу ў Тэхасе ў Бразылію адправіўся амэрыканскі супэртанкер зь першай партыяй амэрыканскага прыроднага газу. Сёньня ЗША сталі трэцім у сьвеце экспарцёрам звадкаванага газу.

ЗША цяпер энэргетычная супэрдзяржава

— Доктар Грыгас, можна сказаць, што амэрыканская сланцавая рэвалюцыя, пачатак экспарту амэрыканскай нафты і газу, ператрэсьлі энэргетычныя рынкі і забясьпечылі падзеньне коштаў энэргарэсурсаў?

— Гэта, без сумневу, зьяўляецца фактарам, — кажа Агнія Грыгас. — Ад 2010 году мы сталі сьведкамі ўнікальнай трансфармацыі глябальнага рынку энэргарэсурсаў, падчас якой Злучаныя Штаты ператварыліся ў энэргетычную супэрдзяржаву, аднаго зь вядучых вытворцаў нафты, вядучага сусьветнага вытворцу прыроднага газу, яны апярэдзілі Расею.

ЗША таксама сусьветны лідэр у вытворчасьці паліва і розных прадуктаў перапрацоўкі нафты і газу. Адначасова мы бачым рост попыту на прыродны газ у параўнаньні з попытам, скажам, на нафту і вугаль, што збольшага зьяўляецца вынікам заклапочанасьці з нагоды зьмены клімату. Усё гэта ператварае ЗША ў вядучага гульца на сусьветным рынку энэргарэсурсаў, які фармуецца зараз у выніку ўзьдзеяньня самых розных фактараў.

— Вы ўжылі словазлучэньне «энэргетычная супэрдзяржава». Гадоў пятнаццаць таму Ўладзімір Пуцін заяўляў пра намер ператварыць Расею ў энэргетычную супэрдзяржаву. Супэрдзяржавай сталі ЗША, прычым у лічаныя гады. Галоўнай прычынай многія называюць сланцавую рэвалюцыю, якая прывяла да стварэньня тэхналёгій, якія дазволілі здабываць нафту і газ са сланцавых парод. Як атрымалася гэтага дасягнуць?

— Пачатак намаганьням забясьпечыць ЗША самадастатковасьць у вытворчасьці нафты і прыроднага газу быў дадзены ў сямідзесятых гадах падчас так званага нафтавага крызысу. Амэрыканскі ўрад тады інвэставаў значныя сродкі ў дасьледаваньні, але рэальны рывок у гэтым кірунку быў зроблены амэрыканскімі прадпрымальнікамі, у асноўным дробнымі кампаніямі, якія ўзялі на ўзбраеньне тагачасныя тэхналёгіі і здолелі на фоне вельмі высокіх коштаў на нафту палепшыць гэтыя тэхналёгіі ў небывала кароткія тэрміны, справакаваўшы сланцавы бум. Прычым гэта датычыцца вытворчасьці і прыроднага газу, і нафты.

Цікава, што пакуль незразумела, ці могуць іншыя краіны паўтарыць гэты посьпех. Пакуль толькі ў чатырох краінах сьвету былі зробленыя пасьпяховыя спробы здабычы сланцавай нафты і газу — Злучаных Штатах, Канадзе, Кітаі і Аргентыне, прычым у Кітаі і Аргентыне аб’ёмы здабычы вельмі малыя. Укараненьне такіх тэхналёгіяў аказалася няпростай справай.

Чаму здабыча сланцавага газу рэнтабельная толькі ў ЗША

— Усяго дзясятак гадоў таму кіраўніцтва «Газпраму» сьцьвярджала, што сланцавы газ — гэта блеф, яго здабыць рэнтабельна немагчыма. У чым заключаецца цяжкасьць?

— «Газпрам» тады выдаваў жаданае за сапраўднае. Гэтаксама ён ставіўся і да экспарту звадкаванага газу. Адна зь цяжкасьцяў у тым, што тэхналёгіі сланцавай здабычы ствараліся, зыходзячы з геалягічных асаблівасьцяў амэрыканскіх радовішчаў. Напрыклад, менавіта таму спробы камэрцыйнай здабычы прыроднага газу ў Польшчы сталіся няўдалымі.

Плюс надзвычай важны доступ да фінансаваньня. Амэрыканскія вытворцы змаглі атрымаць значнае крэдытаваньне, нягледзячы на рызыку, зьвязаную з магчымым правалам новых тэхналёгій.

Да гэтага трэба дадаць права ўласнасьці на зямлю і нетры. У ЗША ў гэтай здабычы глыбока зацікаўленыя ўладальнікі зямлі, якія атрымліваюць прыбытак ад здачы зямлі ў арэнду. У іншых краінах тое, што знаходзіцца пад паверхняй зямлі, не належыць яе ўладальніку. І гэта таксама важны фактар.

— Што вядома пра сабекошт гэтай нафты і газу? Лічыцца, што немалая частка вытворцаў усё яшчэ працуюць са стратамі?

— Можна сказаць, што амэрыканская вытворчасьць сланцавай нафты і газу вельмі эфэктыўная і эканамічная. Гэта прыйшло з часам. Тэхналёгіям сланцавай здабычы ўжо больш за сто гадоў. Прарыў у іх паляпшэньні адбыўся ў апошнія гады.

Адказ на ваша пытаньне дае практыка. Амэрыканскі прыродны газ выявіўся канкурэнтаздольным на сусьветным рынку. Пасьля пачатку экспарту амэрыканскага звадкаванага газу ў 2016 годзе ён знайшоў спажыўцоў па ўсім сьвеце. Спачатку яго спажыўцамі зьяўляліся азіяцкія краіны, дзе кошты прыроднага газу былі вышэйшыя, чым у Эўропе, але цяпер ён экспартуецца і ў Эўропу.

Ці здольная Эўропа прымаць амэрыканскі газ

— Тэрміналы па прыёме звадкаванага газу існуюць у Эўропе. Але яны ў асноўным сканцэнтраваныя ў паўднёвай і паўднёва-заходняй частках Эўропы. Таму для цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскіх краін, якія хацелі паменшыць або пазбавіцца ад залежнасьці ад расейскага прыроднага газу, пытаньне заключалася ў тым, як атрымаць доступ да амэрыканскага газу.

У апошні час былі пушчаныя ў эксплёатацыю тэрміналы па прыёме звадкаванага газу ў Польшчы, Літве, у іншых краінах Балтыі і Фінляндыі ёсьць пляны пабудовы такіх тэрміналаў. Але, акрамя гэтага, у апошнія дваццаць гадоў Эўразьвяз мэтадычна стварае адзіную сыстэму энэргазабесьпячэньня кантынэнта, якая дазволіць атрымліваць, скажам, амэрыканскі газ любой эўрапейскай краіне, падключанай да эўрапейскіх трубаправодах.

І трэба сказаць, што амэрыканскі газ ужо ўплывае на кошты прыроднага газу ў Эўропе. Бо яшчэ ў пачатку дзьвюхтысячных гадоў было нямала прагнозаў аб тым, што ў сілу росту эканомікі, росту спажываньня энэргарэсурсаў ЗША будуць імпарцёрам прыроднага газу. Да 2019 году ЗША сталі трэцім у сьвеце па абʼёмах экспарцёрам звадкаванага газу. Няма сумненьняў, што такі прыток газу на сусьветныя рынкі зрабіў уплыў на кошты.​

Суседзі Расеі атрымалі альтэрнатыву

— Што можна сказаць пра Расею: адстае па ўсіх пунктах?

— Расея не здабывае сланцавы газ. Расейскія вытворцы тлумачылі, што ў іх няма патрэбы ў гэтым, паколькі ў іх ёсьць дастаткова, так бы мовіць, традыцыйных запасаў прыроднага газу. Але Расея сурʼёзна адстала ў тым, што тычыцца экспарту звадкаванага газу. Крэмль гэта прызнаў. У расейскай нацыянальнай энэргетычнай стратэгіі заяўленая задача ператварэньня Расеі ў лідэра па вытворчасьці і экспарту звадкаванага газу. Але цяпер яны прыблізна на сёмым месцы ў вытворчасьці звадкаванага газу. Пытаньне, ці адбудзецца гэта, застаецца адкрытым.

— Іншымі словамі, Расея губляе пазыцыі?

Масква страціла манаполію на дыктат умоў газавых кантрактаў
Яе пазыцыі на рынку прыроднага газу саслаблі, асабліва ў тым, што тычыцца эўрапейскага рынку. Расея была ня гэтак даўно найбуйнейшым вытворцам прыроднага газу, яна пакуль застаецца найбуйнейшым экспарцёрам. Яна своечасова не прызнала прынцыповую важнасьць сланцавай здабычы газу і нафты, яна позна ўсьвядоміла значнасьць звадкаванага газу як экспартнага прадукту. Так, яна пакуль экспартуе больш за ўсіх, але ў краін — суседзяў Расеі зьявіліся альтэрнатыўныя варыянты.

Масква страціла манаполію на дыктат умоваў газавых кантрактаў, а разам з гэтым магчымасьць выкарыстоўваць газ у якасьці палітычнай прылады. Цяпер эўрапейскія краіны могуць імпартаваць прыродны газ з ЗША, Катару, Касьпійскага рэгіёну, гэта значыць іх выбар значна пашырыўся.

Нешта падобнае адбываецца і ў Азіі. Некаторы час таму прыродны газ быў свайго роду казырнай картай Расеі ў адносінах з Кітаем, але цяпер і ў Кітая зьявіліся розныя варыянты. Яны збудавалі газаправод, які злучыў іх з Цэнтральнай Азіяй, яны імпартуюць газ з Мʼянмы, яны імпартуюць амэрыканскі звадкаваны газ, плюс Кітай спрабуе стварыць сваю ўласную сланцавую індустрыю. Пакуль гэтая індустрыя ў зачаткавым стане, але мэта Кітаю — паспрабаваць задаволіць свой попыт за кошт унутранай вытворчасьці газу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG