Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ААН у Беларусі сустрэлася з актывісткамі «Маці 328»


Кіраўніца прадстаўніцтва ААН у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецкая (у цэнтры) з актывісткамі руху «Маці 328».

24 ліпеня кіраўніца прадстаўніцтва ААН у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецкая сустрэлася з актывісткамі руху «Маці 328». За гадзіну размовы жанчыны абмеркавалі праблему пакараньня па антынаркатычным артыкуле ў Беларусі ды іншыя пытаньні, у тым ліку тое, як лепш наладзіць сацыялізацыю вязьняў, якія ўжо адбылі пакараньне па артыкуле 328.

«Асуджаныя за наркотыкі будуць выходзіць на волю, але большасьць зь іх кажа, што ў Беларусі яны не застануцца. Куды яны паедуць, калі тут ня ўдасца іх вярнуць у грамадзтва? Прадстаўніца ААН прызналася, што ў ААН гэтым вельмі занепакоеныя. Яны разумеюць, што потым нашымі хлопцамі прыйдзецца займацца ў Эўропе і сьвеце, бо яны прыедуць да іх, калі тут ня змогуць сябе знайсьці і вярнуцца да нармальнага жыцьця. Гэтыя праблемы мы таксама абмеркавалі», — кажа пра сустрэчу са спадарыняй Яаннай Казана-Вісьнявецкай актывістка Натальля Шарыпа зь Віцебску.

Натальля Шарыпа
Натальля Шарыпа

Сын Натальлі адбывае пакараньне за распаўсюд наркотыкаў у калёніі ў Бабруйску. Хлопец асуджаны па 4 частцы 328 артыкула. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, паводле якога на 2 гады быў зьніжаны парог пакараньня па 2 і 3 частках гэтага артыкула. Але пакараньне па 4 частцы засталося нязьмененым, хоць актывісткі «Маці 328» дамагаліся і яго перагляду.

«Мы працягваем настойваць на тым, што з 4 часткай артыкула трэба таксама нешта рабіць, і тут дамагаемся лібэралізацыі. Кіраўніца прадстаўніцтва ААН нас у гэтым таксама падтрымлівае. Яна паабяцала, што падчас сустрэч з кіраўніцтвам Беларусі данясе нашы просьбы. Неўзабаве спадарыня Яанна будзе сустракацца зь міністрам унутраных спраў Караевым. Мы шмат казалі пра тое, як палепшыць утрыманьне нашых асуджаных, і яна падрабязна запісала ўсе нашы просьбы», — кажа лідэр руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

Паводле закону аб амністыі на волю цягам 9 месяцаў выйдзе каля 2 тысяч асуджаных. У тым ліку па амністыі зьменшаць на 2 гады пакараньне тым, каго судзілі па 2 і 3 частках 328 артыкула, і некаторыя з гэтых вязьняў змогуць неўзабаве вызваліцца ці разьлічваць на зьмену рэжыму ўтрыманьня. Закране амністыя і непаўналетніх вязьняў. Але актывісткі кажуць, што, па іх дадзеных, ня ўсе з гэтай катэгорыі выйдуць на волю.

Паводле Ларысы Жыгар, таксама з кіраўніцай прадстаўніцтва ААН Яаннай Казана-Вісьнявецкай абмеркавалі такія праблемы:

  • каб паводле амністыі выйшлі на волю ўсе непаўналетнія, хто быў асуджаны па 328 артыкуле. Пакуль «Маці 328» непакояцца, што на частку гэтых вязьняў амністыя не распаўсюдзіцца;
  • каб адміністрацыі калёній не «тармазілі» амністыю для гэтак званых «злосьнікаў» — тых вязьняў, за кім лічацца нязначныя парушэньні рэжыму, але хто пры гэтым паводле закону мае права на амністыю;
  • каб прадумаць і зрабіць захады дзеля рэальнай сацыялізацыі асуджаных па 328 артыкуле, якія выйдуць на волю пасьля скарачэньня тэрмінаў у сувязі з амністыяй;
  • каб праваахоўныя органы больш актыўна заняліся дзейнасьцю банкаў, празь якія дзейнічаюць інтэрнэт-крамы, зьвязаны з распаўсюдам наркотыкаў.

Што рабіць з «працай нявольнікаў»?

У размове асобна закранулі сыстэму працы зьняволеных. Актывісткі «Маці 328» распавялі кіраўніцы прадстаўніцтва ААН, якія тавары вырабляюцца ў беларускіх вязьніцах, куды прадаюцца гэтыя тавары і якія грошы атрымліваюць за сваю працу ў зьняволеньні беларускія вязьні. Па іхніх зьвестках, вельмі малыя. Але справа ня толькі ў грошах, але і ў фактычным прымусе да працы.

«Мы лічым, што гэта праца нявольнікаў. Беларускія вязьні шыюць вопратку, у тым ліку для праваахоўнікаў у краінах Эўропы, у нашых калёніях вырабляюць розныя паліцэйскія прылады. Часта ў вязьняў няма выбару, працаваць ці не. Плюс паўсюль парушаецца працоўнае заканадаўства, вялікі траўматызм. Таму мы заклікалі не карыстацца таварамі зь беларускіх турмаў, і спадарыня Яанна Казана-Вісьнявецкая паабяцала, што данясе нашу пазыцыю», — кажа актывістка «Маці 328» Натальля Шарыпа.

У ліпені актывісткі «Маці 328» сустракаліся з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Качанавай і міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым. Раней чатыры актывісткі трымалі галадоўку, дамагаючыся лібэралізацыі антынаркатычнага артыкула 328. Галадоўка працягвалася 21 дзень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG