Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 тысяч чалавек пацярпелі ад кляшчоў. Гэта як немалы беларускі горад. Што раяць дактары


Чым небясьпечныя кляшчы; чаму абавязкова трэба здаць кляшча на аналіз і колькі гэта каштуе; які шанец захварэць на клешчавы энцэфаліт і хваробу Лайма; чаму нельга піць сырое казінае малако і ці варта прышчапляцца ад кляшчоў? Свабода сабрала 10 фактаў пра кляшчоў.

18 тысяч чалавек пацярпелі ад кляшчоў за паўгода, першыя ахвяры зьявіліся ў лютым

За першае паўгодзьдзе па мэдычную дапамогу зьвярнуліся больш за 18 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад кляшчоў — гэта на 5% больш, чым летась. Больш за ўсё выпадкаў у Менску, Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, найменш — у Гомельскай вобласьці, паведамляе Мінздароўя.

Сёлета першыя ўкусы кляшчоў зафіксаваныя ў лютым, да лекараў яшчэ зімой зьвярнуліся 6 чалавек.

Часьцей кляшчы нападаюць у лесе, у полі, на лецішчах — 70% выпадкаў, на тэрыторыі населеных пунктаў — 15%.

Але далёка ня ўсе зьвяртаюцца ў мэдычныя ўстановы. Шмат хто пазбаўляецца ад кляшча самастойна і ў лепшым выпадку апрацоўвае месца ўкусу.

Сьпяшацца варта ня толькі ловячы блох, але і пазбаўляючыся кляшчоў

Чым даўжэй клешч застаецца на скуры, тым большая рызыка займець хваробу Лайма ці энцэфаліт. Бактэрыі пры ўкусе кляшча трапляюць у кроў, толькі калі клешч застаецца ў вас на скуры 36–48 гадзін або даўжэй.

Кляшча трэба як мага хутчэй выдаліць. Лепш зьвярнуцца ў мэдычную ўстанову да адмыслоўца. Але можна дзейнічаць і самому — пінцэтам, пятлёй зь ніткі, іголкай. Нельга толькі сьціскаць ці раздушваць кляшча. Яго выцягваюць асьцярожна і паступова.

Ёсьць адмысловыя прыстасаваньні выдаляць кляшчоў. Прадаюцца ў аптэках.

Выцягнуўшы кляшча, месца ўкусу трэба апрацаваць антысэптыкам.

Пацярпеламу ад кляшча мэдыкі раяць абавязкова здаць аналізы

У 2018 годзе ўзбуджальнікі хваробы Лайма знайшлі ў 27% кляшчоў, прынесеных жыхарамі Беларусі ў лябараторыі, вірус клешчавога энцэфаліту — у 3%.

«Наяўнасьць інфэкцыі ў кляшча яшчэ не азначае, што чалавек захварэе. Аналіз патрэбны дзеля спакою пацыента ў выпадку адмоўнага выніку і дзеля пільнасьці — у выпадку станоўчага», — кажа Анатоль Астапаў, дацэнт катэдры дзіцячых інфэкцыйных хваробаў БГМУ.

Самы надзейны спосаб выявіць захворваньне — здаць аналіз крыві: праз 14 дзён пасьля ўкусу — на антыцелы (IgM) да віруса клешчавага энцэфаліту, праз 3 тыдні — на антыцелы (IgM) да барэліяў (клешчавы барэліёз, хвароба Лайма), — кажуць мэдыкі. Калі здаваць раней, магчыма, што антыцелы яшчэ не пасьпеюць выпрацавацца, і тады аналіз дасьць памылкова адмоўны вынік.

Аналіз кляшча каштуе 16 рублёў

Калі чалавек «злавіў» кляшча, інфэкцыяністы раяць як мага хутчэй выцягнуць яго і здаць на аналіз.

У сталіцы здаць кляшчоў на дасьледаваньне можна ў будзённыя дні ў Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі (вуліца Петруся Броўкі, 13) і ў аналягічны цэнтар Заводзкага раёну (вуліца Пляханава, 18).

Вынік можна даведацца праз 3 дні. Кошт аналізу кляшча — каля 16 рублёў.

Нельга піць сырое казінае малако

Паводле дасьледаваньняў, кляшчы, якія водзяцца ў Беларусі, могуць быць заражаныя ўзбуджальнікамі 9 інфэкцыйных захворваньняў (анаплязмоз, рыкетсіёз, ліхаманка Ку, тулярэмія, бабезіёз, бартаналёз, эрліхіёз, клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма), часьцей за ўсё фіксуюцца ўзбуджальнікі дзьвюх хваробаў — хваробы Лайма і клешчавага энцэфаліту.

Узбуджальнікі клешчавога энцэфаліту і хваробы Лайма перадаюцца чалавеку часьцей за ўсё праз заражаных іксодавых кляшчоў, якія прысмоктваюцца да цела.

Але заразіцца клешчавым энцэфалітам можна і пры ўжываньні сырога казінага малака. Калі да казы прысмакталася шмат кляшчоў, вірус можа знаходзіцца ў малацэ. Каб вірус загінуў, дастаткова пракіпяціць малако 2–3 хвіліны.

Рызыка захварэць пасьля ўкусу кляшча — прыкладна 1:350 па энцэфаліце і 1:25 па хваробе Лайма

Штогод у Беларусі ў сярэднім рэгіструецца 2 тысячы выпадкаў захворваньня людзей на Лайм-барэліёз і 100 выпадкаў заражэньня клешчавым энцэфалітам.

«Рызыка захварэць пасьля ўкусу кляшча — прыкладна 1:350 па энцэфаліту і 1:25 па хваробе Лайма», — казаў загадчык аддзелу эпідэміялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Ўладзімер Пашковіч летась на прэсавай канфэрэнцыі.

Хвароба Лайма цалкам вылечная — антыбіётыкамі

Сымптомы хваробы могуць выяўляцца на працягу месяца пасьля заражэньня. Сымптомы: ліхаманка, дрыжыкі, стомленасьць, галаўны боль. боль у суставах. Можа зьявіцца і сып.

Калі вы пачняце прымаць антыбіётыкі на раньняй стадыі захворваньня, ёсьць вялікая верагоднасьць хутка паправіцца. Калі лячэньне пачынаецца на пазьнейшых стадыях, выздараўленьне можа зацягнуцца.

Пры адсутнасьці лячэньня хвароба Лайма можа выклікаць ускладненьні: артрыт ці захворваньні нэрвовай сыстэмы.

Ад клешчавога энцэфаліту можна прышчапіцца

Клешчавы энцэфаліт праяўляецца дрыжыкамі, моцным галаўным болем, млосьцю, ванітамі, ныючымі болямі ў суставах. Ліхаманкавы стан трымаецца 4–5 дзён, часова зьнікае, праз 1–2 тыдні можа аднавіцца ў выглядзе паражэньня мазгавых абалонак: галаўныя болі ўзмацняюцца, адчуваецца напружанасьць цягліц патыліцы, сьвятлабоязь, пачуцьцё аглушанасьці^; магчымыя так званыя вялыя паралічы і парэзы шыйна-плечавой мускулятуры.

Лячэньне — антыбіётыкі, прызначае іх толькі лекар-інфэкцыяніст.

Вакцынацыя неабавязковая і платная

Ад клешчавога энцэфаліту можна засьцерагчыся, зрабіўшы прышчэпку. Супраць хваробы Лайма і іншых клешчавых інфэкцый вакцына пакуль не распрацаваная.

Калі вы зьбіраецеся ў небясьпечныя на кляшчоў падарожжы ў сыбірскую тайгу ці на Далёкі Ўсход, для паўнавартаснага і працяглага (ня менш як на 3 гады) імунітэту патрэбныя 3 дозы: першая — за 1,5 месяца да пачатку падарожжа, празь месяц — другая, праз год — трэцяя. Праз 14 дзён пасьля другой прышчэпкі можна ехаць у небясьпечны рэгіён.

Рэальную абарону атрымліваюць каля 95% прышчэпленых. У астатніх захворваньне калі і ўзьнікае, то працякае лягчэй, зь меншымі наступствамі.

У Беларусі прышчапляюць дзьвюма вакцынамі — «Энцэвір» і «Клешч-Э-Вак», абедзьве вытворчасьці Расейскай Фэдэрацыі.

Як не «злавіць» кляшча

Зьбіраючыся ў лес, трэба апрануцца так, каб было як мага менш адкрытых участкаў цела. Штаны павінны быць запраўленыя ў шкарпэткі ці ў боты. Майка ці кашуля павінна быць запраўленая ў штаны, а абшэўкі рукавоў шчыльна прылягаць да рукі. На галаву надзець капюшон або хустку, якая закрые валасы на галаве. Лепш, каб адзеньне было аднатоннае і сьветлае, бо на ім кляшчы больш прыкметныя.

Пасьля вяртаньня зь лесу трэба агледзець усё цела і адзеньне: кляшчы рэдка прысмоктваюцца на бачных месцах, часьцей запаўзаюць пад вопратку. Пры гэтым яны даволі доўга выбіраюць, дзе прысмактацца. Кляшча можна пасьпець выявіць да таго, як ён прымацаваўся да скуры. Аглядаць сябе і сваіх блізкіх трэба кожную гадзіну, што вы ў лесе.

Можна ўжываць для апрацоўкі адзеньня спэцыяльныя хімічныя сродкі. Яны бываюць двух відаў: адны адпужваюць (рэпэлентныя), другія забіваюць (акарыцыдныя).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG