Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэр з-пад Добруша спрабаваў забіць суседку бомбай. Яго асудзілі на 11 гадоў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні 15 ліпеня асудзіў 60-гадовага жыхара Добрускага раёну на 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за спробу забойства суседкі грамадзка небясьпечным спосабам.

Мужчыну прызналі вінаватым ня толькі ў спробе забойства, але і ў наўмысным пашкоджаньні чужой маёмасьці грамадзка небясьпечным спосабам (шкоду ацанілі ў 900 рублёў), незаконным вырабе і захаваньні выбуховай прылады. Прысуд яшчэ не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Як раней паведамляў Сьледчы камітэт, мужчына казаў, што матывам злачынства была рэўнасьць.

Абвінавачаны сабраў бомбу ў сваім хляве з выкарыстаньнем прынамсі двух патронаў і бяздымнага пораху, пісала пракуратура. Увечары 15 верасьня 2018 году мужчына трапіў на тэрыторыю прыватнага дому сваёй суседкі ў вёсцы Насовічы, што пад Добрушам, паклаў на падваконьне самаробную бомбу і падарваў яе, схаваўшыся за рог дому. Пацярпеў 34-гадовы госьць гаспадыні, а яе самой у той час дома не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG