Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы канцлер Аўстрыі ўвайшоў у раду дырэктараў расейскай дзяржаўнай кампаніі


Былы канцлер Аўстрыі Крыстыян Керн
Былы канцлер Аўстрыі Крыстыян Керн

Былы канцлер Аўстрыі Крыстыян Керн стаў незалежным сябрам рады дырэктараў расейскай дзяржаўнай кампаніі «РЖД» (Расейскія чыгункі). Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на Цэнтар раскрыцьця карпарацыйнай інфармацыі агенцтва «Інтэрфакс».

Паводле дадзеных парталу, першым у сьпісе незалежных дырэктараў кампаніі лічыцца нейкі «Керн К.», які паводле цьверджаньня Deutsche Welle і ёсьць былым канцлерам Аўстрыі. Акрамя яго у «Расійскіх чыгунак» яшчэ двое незалежных і адзінаццаць дырэктараў, якія прадстаўляюць адзінага акцыянэра кампаніі — Расейскую Фэдэрацыю. Пры гэтым толькі ў выпадку Керна адсутнічае інфармацыя аб займанай па-за структурай «РЖД» пасады.

Інфармацыю пра ягонае прызначэньне пакуль не пракамэнтавалі ні прадстаўнік кампаніі, ні сам былы лідэр Аўстрыі.

Крыстыян Керн узначальваў аўстрыйскі ўрад з траўня 2016 да сьнежня 2017 году. У гэты час Керн таксама быў старшынёйм Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі. Раней ён кіраваў аўстрыйскай чыгуначнай дзяржаўнай кампаніяй ÖBB. Пасьля сыходу ў адстаўку палітык стаў сузаснавальнікам грамадзкага форуму «Сочынскі дыялёг», аб стварэньні якога ў сакавіку 2019 году афіцыйна абвясьцілі кіраўніка МЗС Аўстрыі і Расеі.

20 чэрвеня ў раду дырэктараў нафтавай кампаніі «Лукойл» увайшоў былы канцлер ад кансэрватыўнай Аўстрыйскай народнай партыі Вольфганг Шусэль. З 2005 году пасаду старшыні камітэту акцыянэраў Nord Stream AG займае былы канцлер Нямеччыны Герхард Шрэдэр, шэраг расьсьледаваньняў сьцьвярджае, што ён сябруе з Уладзімірам Пуціным. Кантрольны пакет у кампаніі, якая кіруе газаправодам «Паўночны паток», належыць расейскаму «Газпрому».

27 мая парлямэнт Аўстрыі вынес вотум недаверу канцлеру Сэбастыяну Курцу і ўсяму ўраду на фоне палітычнага крызісу пасьля адстаўкі былога віцэ-канцлера Гайнца-Крыстыяна Штрахе. Ён сышоў у адстаўку 18 траўня пасьля публікацыі ў нямецкай прэсе відэазапісу яго перамоваў аб атрыманьні грошай ад нейкай жанчыны, якая называла сябе «пляменьніцай Ігара Макарава, расейскага алігарха, блізкага да Пуціна». На сустрэчы абмяркоўвалася магчымае фінансаваньне партыі Штрахе з боку Расеі перад выбарамі ў аўстрыйскі парлямэнт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG