Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна краіна падтрымала будаўніцтва «Паўночнага патоку»


Канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу, 3 кастрычніка 2018

Канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц выступіў у падтрымку будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток-2» і пры гэтым падкрэсьліў важнасьць працягу паставак газу праз Украіну. Пра гэта паведамляе Associated Press.

Адпаведную заяву кіраўнік аўстрыйскага ўраду зрабіў 3 кастрычніка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Курц таксама заклікаў вывесьці з Сырыі усе замежныя войскі — перш за ўсё іранскія.

У сваю чаргу расейскі прэзыдэнт заклікаў еўрапейцаў «змагацца» за праекты, падобныя да «Паўночнага патоку», і запэўніў, што Расея «была і будзе самым сапраўдным пастаўшчыком» энэрганосьбітаў. Камэнтуючы адмову Баўгарыі ад будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток», ён выказаў меркаваньне, што яна зрабіла гэта «пад ціскам звонку» і тым самым «праявіла слабасьць і няздольнасьць адстаяць свае нацыянальныя інтарэсы». Пуцін сказаў, што для эўрапейцаў было б «марнатраўствам» купляць амэрыканскі звадкаваны газ.

Аўстрыйская кампанія OMV, якая ўдзельнічае ў фінансаваньні газаправоду «Паўночны паток-2», ужо накіравала 500 мільёнаў эўра на фінансаваньне будоўлі. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня праўленьня карпарацыі Райнэр Зэле. Паводле яго словаў, пабудавана ўжо каля 50 кілямэтраў марскога ўчастку газаправоду ў Фінляндыі і Нямеччыне.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы неаднаразова папярэджвалі, што Вашынгтон можа ўвесьці санкцыі супраць «Паўночнага патоку-2», нагадвае агенцтва. Амэрыка і шэраг краін Эўразьвязу баяцца, што збудаваньне газаправоду павялічыць энэргетычную залежнасьць Эўропы ад Расеі. ЗША таксама зацікаўленыя ў пастаўках свайго звадкаванага прыроднага газу на эўрапейскі кантынэнт. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, аднак, нядаўна абверг намер ўвесьці абмежавальныя меры супраць удзельнікаў «Паўночнага патоку-2».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG