Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Расея правядуць перамовы аб новай ядзернай дамове


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’яўляе дэнансацыю Дамовы аб зьнішчэньні ракет сярэдняй і меншай далёкасьці з прычыны яе парушэньня Расеяй. 20 кастрычніка 2018 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’яўляе дэнансацыю Дамовы аб зьнішчэньні ракет сярэдняй і меншай далёкасьці з прычыны яе парушэньня Расеяй. 20 кастрычніка 2018 году

Прадстаўнікі ЗША і Расеі сустрэнуцца 17 ліпеня ў Жэнэве з мэтай ацаніць пэрспэктывы заключэньня новай дамовы аб абмежаваньні ядзерных узбраеньняў, —​ пагадненьня, да якога пасьля зможа далучыцца Кітай, паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі Дональда Трампа.

Белы дом спадзяецца, што ў выніку перамоваў на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных спраў зьявіцца большая яснасьць наконт намераў Крамля і поглядаў расейскага кіраўніцтва на магчымасьць заключэньня трохбаковага пагадненьня аб абмежаваньні ядзерных арсэналаў з удзелам Кітаю.

Аб пажаданасьці такой дамовы, якой бы рэгуляваліся ўсе тыпы ядзернай зброі, неаднаразова казаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён уздымаў гэтае пытаньне падчас сустрэч з Уладзімірам Пуціным і Сі Цзіньпінам падчас саміту G20 у Осацы ў чэрвені.

Паводле крыніцы агенцтва Reuters у Белым доме, на сустрэчы ў Жэнэве не плянуецца абмяркоўваць Дамову аб забароне ракет сярэдняй і меншай далёкасьці, у парушэньні якой ЗША абвінавацілі Расею і якая была дэнансаваная Вашынгтонам.

Амэрыканская дэлегацыя не плянуе і абмяркоўваць падаўжэньне дамовы СНВ-3 (паміж Расеяй і ЗША наконт далейшага ўзаемнага скарачэньня арсэналаў разгорнутых стратэгічных ядзерных узбраеньняў, падпісаная Мядзьведзевым і Абамам 8 красавіка 2010 году ў Празе), дзеяньне якой спыняецца ў лютым 2021 году. Прэзыдэнт Трамп, паводле яго, робіць стаўку на дамову «новага пакаленьня» з удзелам трох краінаў.

Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД

ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.

  • Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
  • Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG