Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На банкнотах 50 брытанскіх фунтаў будзе партрэт «бацькі кампутарнай навукі»


Алан Т'юрынг

Банк Англіі апублікаваў дызайн новых банкнотаў 50 фунтаў — на іх будзе партрэт і цытата знакамітага матэматыка Алана Т’юрынга.

Прэм’ер-міністарка Брытаніі Тэрэза Мэй напісала на сваёй старонцы ў Твітэры:

«Наватарская праца Алана Т’юрынга ў матэматыцы і кампутарнай навуцы адыграла ключавую ролю ў завяршэньні Другой Сусьветнай вайны. Вельмі дарэчна, што мы згадваем на новым 50-фунтавым банкноце ягоную спадчыну і цудоўны ўнёсак, які зрабілі ў нашую краіну ЛГБТ-людзі».

У 2013 годзе, а​маль праз 60 гадоў пасьля сваёй сьмерці брытанскі матэматык Алан Т'юрынг, якога лічаць адной з цэнтральных фігураў у стварэньні кампутару, атрымаў афіцыйнае памілаваньне ад брытанскай каралевы Лізаветы ІІ.

Т'юрынга асудзілі ў 1952 годзе за гомасэксуалізм, які тады быў у Брытаніі крымінальным злачынствам.

Сярод найбольш яркіх навуковых дасягненьняў Т'юрынга – удзел у стварэньні машынаў і альгарытмаў, якія дазволілі расшыфраваць нібыта непрыступны код «Энігма», які немцы выкарыстоўвалі падчас Другой Сусьветнай вайны.

Алан Т'юрынг скончыў самагубствам у 1954 годзе ва ўзросьце 41 году, зьеўшы яблык з цыяністым каліем, праз два гады пасьля прысуду за «грубую непрыстойнасьць». Яго прысудзілі ў якасьці альтэрнатывы турэмнаму зьняволеньню да хімічнай кастрацыі — сэрыі ін'екцый жаночых гармонаў. Пасьля прысуду ён згубіў доступ да ўсіх сакрэтных праграмаў, у якіх працаваў.

У 2009 годзе лейбарысцкі прэм'ер-міністар Брытаніі Гордан Браўн выступіў з афіцыйнымі прабачэньнямі, назваўшы абыходжаньне з Т'юрынгам «жахлівым» і «цалкам несправядлівым». Пад інтэрнэт-пэтыцыяй аб памілаваньні сабралі больш за 35 тысяч подпісаў, і гэтую кампанію падтрымалі шмат якія вядомыя навукоўцы, у тым ліку знакаміты астраном Стывэн Гоўкінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG