Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская міліцыя падала ў суд на гамафобную газэту. «У Лукашэнкі больш жорсткая рыторыка»


Налепкі магілёўскай ініцыятывы ЛГБТ+ «Новыя рэгіёны», у тым лику з сатырай на газэту «Вечерний Могилев»
Налепкі магілёўскай ініцыятывы ЛГБТ+ «Новыя рэгіёны», у тым лику з сатырай на газэту «Вечерний Могилев»

Суд Ленінскага раёну Магілёва пачаў разгляд заявы мясцовага райаддзелу міліцыі аб прызнаньні публікацыяў газэты «Вечерний Могилев» экстрэмісцкімі матэрыяламі. У іх ужываецца мова варажнечы супраць супольнасьці ЛГБТ. Такі працэс першы ў Беларусі.

Выданьне трапіла пад адміністрацыйны перасьлед пасьля заключэньня экспэртнай камісіі Міністэрства інфармацыі. Экспэрты ў дзьвюх публікацыях выявілі прыкметы экстрэмізму і зьвярнулася да праваахоўнікаў, каб тыя прыцягнулі газэту да адказнасьці. Газэце пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1275 рублёў).

На выданьне ў Міністэрства інфармацыі паскардзіўся актывіст ЛГБТ з Маладзечна Валянцін Цішко. Ён даслаў у ведамства 14 матэрыялаў, у якіх пабачыў гамафобныя выказваньні.

Прадстаўнік газэты: «Заява міліцыі супярэчыць ідэалягічнай палітыцы Лукашэнкі»

Прадстаўнік газэты Станіслаў Леўчанка назваў заяву міліцыі неабгрунтаванай, а заключэньне экспэртаў «палітычнай замовай».

Паводле яго, у публікацыях адсутнічаюць заклікі да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу ды гвалту над асобамі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі таму, «яны ня могуць быць экстрэмісцкімі».

Ён настойваў: заява Ленінскага аддзелу міліцыі «падрывае прынцыпы ідэалягічнай палітыкі, якая праводзіцца прэзыдэнтам і міністэрствам унутраных спраў у вобласьці традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў».

На каго спасылаўся прадстаўнік газэты

У хадайніцтвах суду Станіслаў Леўчанка штораз апэляваў да гамафобных выказваньняў найвышэйшага чынавенства.

  • Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка дапускаў больш жорсткую гамафобную рыторыку, чым ёсьць у публікацыях газэты. «Лепей быць дыктатарам, чым «голубым», — спаслаўся ён на словы кіраўніка дзяржавы;
  • Згадаў былога міністра Ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які называў «асоб нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі «дырявымі»;
  • Прыгадаў словы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, якога ад «гендэра і гендэрнага балянсу ванітуе»;
  • Цытаваў біблейскія каноны і слоўнікавыя тлумачэньні тэрмінаў, якія ўжываліся ў публікацыях.

На суд прывялі дзяцей

Экспэртнае заключэньне Міністэрства інфармацыі і пазыцыя Ленінскага аддзелу міліцыі, які прадстаўляе маёр Яўген Слаўнікаў, на судзе не агучваліся. Судзьдзя Аляксандар Бушкевіч перапыніў разгляд адміністрацыйнай справы пакуль ня стане вядомым вырак у Эканамічным судзе Менску, дзе «Вечерний Могилев» намагаецца прызнаць экспэртнае заключэньне Міністэрства інфармацыі незаконным.

Група падтрымкі “Вечернего Могилева” каля суду
Група падтрымкі “Вечернего Могилева” каля суду

На судовае пасяджэньне падтрымаць газэту прыйшлі два дзясяткі чалавек. Сярод іх быў праваслаўны сьвятар і двое непаўналетніх дзяцей, якіх з судовай залі выдалілі. Па сканчэньні пасяджэньня прысутных на ім сустрэлі абразамі.

Валянцін Цішко: «Мая мэта закрыць газэту»

Прыехаў на працэс супраць «Вечернего Могилева» і сам пазоўнік Валянцін Цішко. У інтэрвію Свабодзе ён выказаў спадзеў, што суд прызнае матэрыялы газэты экстрэмісцкімі.

Валянцін Цішко
Валянцін Цішко

На ягоную думку, «чакаць ад яе зьмяншэньня гамафобных выказваньняў бессэнсоўна». Ён лічыць, што выданьне шмат гадоў вядзе «вайну супраць ЛГБТ-супольнасьці».

«Мая мэта дамагчыся закрыцьця газэты "Вечерний Могилев", ліквідацыі такой юрыдычнай асобы», — кажа Валянцін Цішко.

Сьцісла пра газэту «Вечерний Могилев»

  • Недзяржаўнае інфармацыйна-рэклямнае выданьне. Выходзіць 2 разы на месяц. Рэдакцыя месьціцца ў магілёўскім Доме друку разам зь дзяржаўнымі газэтамі.
  • Паводле маніторынгаў ініцыятывы «Журналісты за талерантнасьць», гэта лідэр па ўжываньні мовы варожасьці.
  • Судовы працэс газэта лічыць палітычнай замовай з боку «голубого лобби». Так гаворыцца ў звароце да чытачоў «Укантакце».
  • Публікацыі, якія сталі нагодай для суду, застаюцца даступнымі на інтэрнэт-сайце выданьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG