Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Кебіча і Мясьніковіча ледзь не арыштавалі ў аэрапорце


Вячаслаў Кебіч на трыбуне Вярхоўнага Савету
Вячаслаў Кебіч на трыбуне Вярхоўнага Савету

Факт, пра які забыліся: у красавіку 1994-га, ужо пры Мечыславу Грыбу, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня абмяркоўваў варыянт арышту старшыні Саўміну Кебіча, кіраўніка Нацбанку Багданкевіча і першага Кебічавага намесьніка Міхаіла Мясьніковіча.

Арыштаваць іх маглі адразу ў аэрапорце, па іх вяртаньні з Масквы, дзе яны падпісалі з расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным дамову аб увядзеньні расейскага рубля як адзінага плацёжнага сродку. Была нават вызначаная група пракуратуры і КДБ, якая зрабіла б арышт (КДБ падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету).

Пра тое абмеркаваньне не паведамлялі СМІ, але мы, «простыя» дэпутаты, даведаліся адразу.

За некалькі дзён да гэтага старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб падпісаў новую Канстытуцыю, дзе гаварылася, што Беларусь самастойна вызначае сваю фінансавую палітыку. У выпадку ўвядзеньня расейскага рубля ні пра якую самастойнасьць гаворкі ўжо не было. Мечыславу Іванавічу можна было прад’явіць розныя прэтэнзіі, але кожную літару Канстытуцыі ён ахоўваў як сапраўдны міліцэйскі генэрал (пішу гэта без усялякай іроніі).

Чаму ж арышт не адбыўся?

Выявілася, што Багданкевіч падпісаў пагадненьне з агаворкай, а Кебіч пакляўся, што сувэрэнітэту гэта не пагражае. Гэта задаволіла большасьць членаў Прэзыдыюму.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ, аднак, запатрабавалі адстаўкі падпісантаў, бо лічылі, што ўвядзеньне расейскага рубля — якраз шлях наўпрост да ліквідацыі сувэрэнітэту. Празь некалькі месяцаў рэалізацыя падпісанай у Маскве дамовы зрабілася адной з тэмаў перадвыбарчых дэбатаў Кебіча і Лукашэнкі.

У дужках заўважу, што, па маім перакананьні, прычына правалу ідэі зусім не ў агаворцы Багданкевіча — дамову ён падпісаў, а да гэтага падпісаў яшчэ адну дамову, з кіраўніком расейскага Цэнтрабанку Герашчанкам, і дастаткова было каманды Чарнамырдзіна, каб вагоны з расейскімі рублямі прыбылі ў Беларусь. Думаю, Масква проста чакала, чым скончацца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — а потым чакала, як жа будзе паводзіць сябе новаабраны прэзыдэнт. Ну, а потым ужо ўзьнікла іншая сытуацыя. Не сумняюся, што пазьней у Крамлі кусалі локці: расейскі рубель мог прывязаць Беларусь да РФ мацней за ўсе «саюзныя дамовы»).

Што паказальна ў той гісторыі?

Падаўляючая (ва ўсіх сэнсах слова) большасьць Вярхоўнага Савету на той момант надзейна кантралявалася Кебічам. Шмат якія дэпутаты працавалі ў выканаўчых структурах, у Саўміне і міністэрствах, многія спадзяваліся на прызначэньні пасьля спыненьня дэпутацкіх паўнамоцтваў. Члены ж Прэзыдыюму ВС маглі разьлічваць на самыя высокія пасады. Кебіч (як здавалася) быў безь пяці хвілін прэзыдэнт (пад яго і правялі прэзыдэнцкую пасаду ў Канстытуцыю).

Было б вялікім перабольшаньнем сказаць, што Вярхоўны Савет няспынна дбаў пра мацаваньне незалежнасьці і дзяржаўнасьці — наадварот, большасьць прапаноў БНФ у гэтым кірунку ігнараваліся.
І тым ня менш была нейкая чырвоная лінія, за якую кіраўнікі парлямэнту не заходзілі самі і не дазвалялі заходзіць іншым — сувэрэнітэт. За некалькі гадоў незалежнасьці дэпутаты навучыліся цаніць тое, чаго раней не прымалі.

А яшчэ — яны былі сапраўднымі дэпутатамі, абранымі (пры ўсёй неадназначнасьці кампаніі 1990-га), а не прызначанымі.

І нашмат сьмялейшымі, чым раней, пры камуністах, і пазьней, пры Лукашэнку.

Усё ж нават адносная дэмакратыя станоўча ўплывае на палітычныя арганізмы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG