Менск ніяк не рыхтаваўся да II Эўрапейскіх гульняў з пункту гледжаньня даступнасьці аб’ектаў, заявіў кіраўнік асьветніцкай праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі, паведамляе БелаПАН.
Паводле яго, маніторынг даступнасьці гарадзкой вольнай прасторы для людзей з інваліднасьцю да і падчас правядзеньня ў сталіцы міжнароднага спартыўнага форуму выявіў мноства недахопаў.
«Горад і не зьбіраўся рыхтавацца да таго, што ў ім зьявяцца турысты, больш патрабавальныя, чым беларусы. Гарадзкія ўлады гэтаму ніякай увагі не аддалі», — сказаў Драздоўскі.
Сяргей Драздоўскі адзначыў, што ў Беларусі робіцца шмат для забесьпячэньня даступнасьці гарадзкога асяродзьдзя: паніжаюць бардзюры, будуюць пандусы, кладуць тактыльную плітку. Аднак, на яго думку, пры арганізацыі фан-зонаў, зонаў адпачынку падчас гульняў даступнасьць, бывае, парушаецца.
Драздоўскі прывёў у якасьці прыкладу кораб для правадоў і кабэлю, які інвалідны вазок ня можа пераехаць.
Недасяжнымі для людзей з інваліднасьцю былі летнія вэранды і кавярні. Драздоўскі падкрэсьліў, што не была гатовая да кантактаў і ўзаемадзеяньняў зь людзьмі з інваліднасьцю і інфармацыйная служба.
Кіраўнік офіса адзначыў, што гатэльны фонд сталіцы зрабіўся больш даступны за пяць гадоў, якія прайшлі з часу папярэдняга маніторынгу — перад чэмпіянатам сьвету па хакеі 2014 году. Павялічылася колькасьць адмыслова абсталяваных нумароў. Аднак ёсьць гатэлі, у якіх такія нумары не адпавядаюць стандартам даступнасьці для людзей з інваліднасьцю.
Хостэлы ж як былі недаступныя, так і застаюцца, канстатаваў Драздоўскі.
Зьвярнуў ён увагу і на поўную недаступнасьць для людзей з інваліднасьцю некаторых культурных абʼектаў, у прыватнасьці, Нацыянальнага мастацкага музэю. Прыбудаваны да ўваходнай лесьвіцы пандус Драздоўскі назваў «карыкатурай, пародыяй і зьдзекам са здаровага сэнсу».
У цэлым кіраўнік «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» адзначыў пазытыўны вопыт сумеснай працы пры падрыхтоўцы Менску да Эўрапейскіх гульняў з дырэкцыяй форуму і нэгатыўны — зь Менгарвыканкамам і Міністэрствам спорту і турызму.