Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара Пружанскага заводу радыёдэталяў засьпелі на хабары ў 1200 даляраў


Ілюстрацыйнае фота

Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй затрымала дырэктара ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» пры атрыманьні хабару.

Імя затрыманага не называецца, але на сайце прадпрыемства пазначана, што пасаду дырэктара займае Віктар Каліх. Праваахоўнікі адзначаюць, што затрыманы таксама зьяўляецца дэпутатам Берасьцейскага абласнога савету — Каліх падыходзіць пад апісаньне.

Паводле ГУБАЗіК, затрыманы атрымаў гатоўкай 1200 даляраў ЗША ад заснавальніка камэрцыйнай структуры за «спрыяльнае рашэньне пытаньняў» зь ягонай кампэтэнцыі ў «гаспадарчых узаемаадносінах між дзьвюма арганізацыямі». Выявілася, што ён браў хабар «сыстэматычна», цягам некалькіх гадоў.

Кіраўнік заводу арыштаваны, яму пагражае да 15 гадоў турмы паводле арт. 430 КК. Давальнік хабару таксама фігуруе ў крымінальнай справе паводле арт. 431 КК РБ (ці затрымалі яго, не ўдакладняецца).

За студзень–травень 2019 году, паводле Белстату, у Беларусі зафіксавана 1188 выпадкаў хабару, і гэта на траціну больш, чым было за той жа пэрыяд летась.

Аляксандар Лукашэнка абяцаў перамагчы карупцыю яшчэ ў 1994 годзе, пра што сам згадваў у 2018-м. У рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі Transpatency International Беларусь займала на 2018 год 70-е месца са 180 краінаў, хоць за год да таго была на 68-м, двума гадамі раней — на 79-м, трыма — на 106-м.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG