Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намоленае месца: Зяленскі прапанаваў Пуціну перамовы ў Менску


Уладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін, каляж

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну правесьці перамовы ў Менску.

Украінскі лідэр прапанаваў весьці дыялёг з удзелам лідэраў краін Захаду — ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыны і Францыі. «Абмяркуем, чый Крым і каго няма ў Данбасе?» — так сфармуляваў Зяленскі парадак дня перамоваў.

«Думаю, Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненьнем прыме нас з вамі ў Менску», — дадаў украінскі прэзыдэнт.

Ці прыме прэзыдэнт Расеі гэтую прапанову? У бліжэйшым часе, да выбараў ва Ўкраіне — не. Гэта можна сказаць з поўнай упэўненасьцю.

Зусім нядаўна, падчас візыту ў Італію Пуцін сфармуляваў свае ўмовы дыялёгу зь Зяленскім — спыненьне эканамічнай блякады сэпаратысцкіх рэспублік і прамыя перамовы Кіева зь лідэрамі сэпаратыстаў. Выконваць гэтыя ўмовы, прынамсі ў найбліжэйшым часе, Зяленскі не зьбіраецца.

Расея неаднаразова на самых розных узроўнях заяўляла, што пытаньне тэрытарыяльнай прыналежнасьці Крыму наогул не падлягае абмеркаваньню, «Крымнаш» і кропка.

Зразумела, на любых перамовах пазыцыя запыту, зыходны набор патрабаваньняў бакоў могуць моцна адрозьнівацца ад іх выніку.

Аднак менавіта цяпер Пуцін ня будзе весьці перамовы зь Зяленскім незалежна ад зьместу прапановаў Кіева — да выбараў ва Ўкраіне зусім незразумела, якой рэальнай уладай валодае новы прэзыдэнт Украіны.

Адмовы Вярхоўнай Рады прыняць заканадаўчыя прапановы Зяленскага, іншыя канфлікты адміністрацыі прэзыдэнта з парлямэнтам, спрэчка прэзыдэнта зь міністрам замежных справаў — усё гэта сьведчыць пра тое, што магчымасьці кіраваць у Зяленскага пакуль невялікія. Прынамсі да выбараў.

Уяўляецца, што прапанова Зяленскага Пуціну пра перамовы — гэта ў большай ступені як раз ход у выбарчай кампаніі.

Рэйтынг яго партыі «Слуга народу» надзвычай высокі, яна — бясспрэчны лідэр гонкі. Але магчымыя нечаканасьці, згодна з самымі апошнімі апытаньнямі ён крыху зьнізіўся. Чым яго можна павысіць?

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Зяленскі быў здольны фармуляваць сваю пазыцыю такім чынам, каб сустракаць разуменьне з боку самых розных груп украінскага насельніцтва.

Прапанова Пуціну, такая, якой яна была сфармуляваная, таксама задавальняе гэтаму крытэру. Перамовы з удзелам лідэраў Захаду, перамовы зь нязьменнай пазыцыяй (Крым — украінскі, у Данбасе — расейская акупацыя) — пасланьне праэўрапейскай частцы ўкраінскага грамадзтва. Прапанова аб прамых перамовах з Пуціным — пасланьне Ўсходу і Поўдню Ўкраіны: я прапаную дыялёг, прапаную пагаварыць, я іду насустрач, я гэта абяцаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Ну а калі Пуцін не жадае — што ж, я зрабіў усё, што мог.

Прапанова аб месцы правядзеньня перамоваў — таксама частка пасланьня. Лукашэнка досыць папулярны ва Ўкраіне, прычым асабліва на Ўсходзе і на Поўдні. Адсюль, у прыватнасьці, і найменьне лідэра Беларусі зь імем па бацьку.

Ну і Менск — месца, так бы мовіць, намоленае. Стаўленьне да Менскіх пагадненьняў ва Ўкраіне амбівалентнае, некаторыя ўспрымаюць іх як ледзь не капітуляцыю, іншыя — як адзіны рэальны фармат дыялёгу з Масквой. Зрэшты, усе памятаюць, што менскія пагадненьні ў 2015 годзе прадухілілі ваенную катастрофу Ўкраіны. Да таго ж, да Менскіх пагадненьняў апэлюе і Захад. Ніякай рэальнай альтэрнатывы ім на Захадзе не прапаноўваюць. Таму Зяленскі прапануе звыклае месца, месца, якое ва ўкраінцаў асацыюецца зь мірнымі перамовамі.

Гэтае шматмэтавае пасланьне можа і паўплываць на настрой выбаршчыкаў, трохі падняць рэйтынг «Слугі народу» на выбарах праз два тыдні.

Гэта — галоўная мэта. Магчыма, ёсьць і дадатковая — наладзіць адносіны з Лукашэнкам. Яны ня тое каб дрэнныя, але ня надта цёплыя. Падчас перадвыбарчай кампаніі ва Ўкраіне беларускі лідэр некалькі разоў публічна выказваўся аб большай верагоднасьці і збольшага — пажаданасьці — перамогі суперніка Зяленскага Пятра Парашэнкі. На інаўгурацыю Зяленскага Лукашэнка не паехаў, хоць на інаўгурацыю Парашэнкі ў 2014 годзе, у разгар вайны, езьдзіў. Нарэшце, Зяленскі не паехаў ні на адкрыцьцё, ні на закрыцьцё Эўрапейскіх гульняў у Менск. Пуцін на закрыцьцё паехаў, а Зяленскі — не. Дробязі, здавалася б, але якія маюць значэньне.

Ну і ў гэтай сытуацыі суседу падносіцца раскошны піяр-падарунак. Калі прапанова Зяленскага ўсё ж будзе рэалізаваная, хай і пасьля ўкраінскіх выбараў, то ўраджай палітычных дывідэндаў Лукашэнку цяжка нават сабе ўявіць.

Зрэшты, калі не атрымаецца, то сам факт менавіта такой прапановы паказвае, што Менск можа і ня «донар рэгіянальнай бясьпекі», але як мінімум карысны для мірнага працэсу, і новы прэзыдэнт Украіны разглядае яго ў такой якасьці і публічна паведамляе аб гэтым і Маскве, і заходнім сталіцам.

Ураджай больш сьціплы, але таксама не перашкодзіць, асабліва ў сьвятле няпростых перамоваў паміж Беларусьсю і Расеяй.

Пэўны час таму Лукашэнка паведаміў, што мае намер у сярэдзіне ліпеня паехаць з Пуціным на Валаам памаліцца. Пакуль складваецца ўражаньне, што ў вырашэньні што беларуска-расейскіх, што ўкраінска-расейскіх супярэчнасьцяў застаецца спадзявацца толькі на Бога.

Перадрук з парталу TUT. BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG