Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі апублікаваныя першыя імёны загіблых маракоў


Здымак меркаванага апарату «Лошарик».

Усе чатырнаццаць маракоў, якія загінулі ў выніку пажару на навукова-дасьледчым глыбакаводнай апараце, лічыліся ў сьпісах асабістага складу вайсковай часткі 45707, якая дысьлякуецца ў прыгарадзе Санкт-Пецярбургу — Пецяргофе.

Пра гэта паведамляе «Коммерсант». Падразьдзяленьне мае статус сакрэтнага, у адкрытых крыніцах яно названа эксплёатантам атамных глыбакаводных станцый і падпарадкавана Галоўнаму ўпраўленьню глыбакаводных дасьледаваньняў Міністэрства абароны Расеі.

Падрабязнасьцяў ня будзе

Улады ня будуць паведамляць, на якім канкрэтна глыбакаводнай апараце 1 ліпеня адбыўся пажар, у выніку якога загінулі 14 маракоў. Гэтая інфармацыя — абсалютна сакрэтная. Пра гэта заявіў прэсавы сакратар прэзыдэнта Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Яго цытуе агенцтва «Інтэрфакс».

Пяскоў заявіў, што Крэмль ня будзе раскрываць і заданьне, якое выконвалі маракі. Пры гэтым улады прызналі, што ў катастрофе, якая адбылася ў Баранцавым моры, загінулі афіцэры з Санкт-Пецярбургу. Пра гэта ў сераду заявіў у сваім блогу выканаўца абавязкаў губэрнатара гораду Аляксандр Бегла.

Што за апарат гарэў

Пажар адбыўся 1 ліпеня, але вядома пра яго стала ў аўторак. Як паведаміла Міністэрства абароны Расеі, маракі ўчадзелі ад прадуктаў гарэньня на борце навуковага глыбакаводнага апарата, прызначанага для вывучэньня марскога дна.

Паводле паведамленьняў шэрагу СМІ, гаворка можа ісьці аб глыбакаводнай атамнай падлодцы АС-12, вядомай як «Лошарик». Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэты карабель прызначаны для Акіянаграфічных дасьледаваньняў. Паводле неафіцыйнай — для дывэрсій аб’ектаў, разьмешчаных на марскім дне, напрыклад, кабэляў сувязі і станцый сачэньня за расейскім флётам.

Атамная падводная лодка пачала будавацца яшчэ ў Савецкім Саюзе, але на ваду была спушчана толькі ў 2003 годзе. Яна ні разу не трапляла на афіцыйныя фатаграфіі і, паводле ацэнак СМІ, можа быць самым сакрэтным і самым дарагім праектам на расейскім флёце.

Калі і дзе здарылася трагедыя

Не паведамляецца таксама час і месца катастрофы. Выданьне «Северпост» распавядае, што сьведкамі ўсплыцьця лодкі сталі браканьеры, якія лавілі рыбу на выхадзе з Кольскага заліву. Паводле іх, у панядзелак, 1 ліпеня, каля 21:30 яны ўбачылі, як на паверхню мора паднялася вялікая падводная лодка, да якой неўзабаве падышлі вайсковы карабель і два буксіры.

Міністар абароны Сяргей Шайгу распавёў, што частка экіпажа выжыла. Паводле яго слоў, вайскоўцы эвакуіравалі з палаючага адсека станцыі прадстаўніка грамадзянскай прамысловасьці, задраілі за сабой люк і да канца змагаліся з пажарам. Усе загіблыя будуць прадстаўленыя да ўзнагародаў.

Што вядома аб загіблых

  • Сямёра з загіблых былі капітанамі 1-га рангу, а трое — капітанамі 2-га рангу, — сказаў Шайгу. Гэта старэйшы камандны склад у сыстэме афіцэрскіх званьняў расейскага флёту. Двое мелі званьне Героя Расеі. Тыя, што засталіся чацьвёра, як мяркуецца, былі капітанамі 3-га рангу.
  • Выданьне Baza назвала імёны Герояў Расеі, якія загінулі пры пажары: гэта капітан 1-га рангу Дзяніс Далонскі і выпрабавальнік глыбакаводнай ваеннай тэхнікі капітан 1-га рангу Мікалай Філін.
  • Яшчэ адзін загіблы — капітан першага рангу Андрэй Васкрасенскі. Ён быў зяцем контр-адмірала Ўладзіміра Бядзерынава, які 13 гадоў узначальваў Вайскова-марскую акадэмію ў Хваёвым Бары ў Ленінградзкай вобласьці. Яшчэ адным загіблым, паводле дадзеных Baza і «Новай газеты», стаў Дзяніс Апарын з пасёлку Аленья Губа ў Мурманскай вобласьці. Як мяркуецца, бацька падводніка Аляксандр Апарын, паводле дадзеных СПАРК, — камандзір часткі 45707 у Пецяргофе, адзначае тэлеканал «Дождж».
  • Бранскі канал «Гарадзкі» паведамляе, што пры пажары загінуў 37-гадовы капітан другога рангу, ураджэнец гораду Почап Зьміцер Салаўёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG