Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выбівалі пазыкі зь бізнэсмэна Мяцельскага. Абвінавачаны ў забойстве не прызнае віну

абноўлена

Аляксей Сінькевіч

Былы старшы прапаршчык в/ч 3214 Аляксей Сінькевіч не прызнаў сябе вінаватым у забойстве бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага. Апошняга забілі ў верасьні 2016 году пад Бярэзаньню (Беразіно), а цела спалілі ва ўласным аўтамабілі.

Сінькевіч кажа, што ніколі ня знаў забітага, не вымагаў у яго 440 тысяч даляраў і ніколі ня быў на дарозе, дзе адбылося забойства. Працэс аб забойстве Сяргея Мяцельскага пачаўся 1 ліпеня ў Менскім абласным судзе.

Аляксей Сінькевіч заявіў, што яго агаварыў ягоны знаёмы Расьціслаў Сьветчыкаў. Ён расказаў суду, што спачатку сьледчыя ўгаворвалі яго даць паказаньні на Сьветчыкава як на забойцу.

«Мне казалі, што ён яўна вінаваты, толькі трэба яго даціснуць, каб прызнаўся». Паводле Сінькевіча, гэта яму казаў намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Уладзімер Ціхіня. У абмен на лжывыя паказаньні нібыта яму абяцалі падтрымку.

Расьціслаў Сьветчыкаў
Расьціслаў Сьветчыкаў

Па словах Сінькевіча, спачатку ён адмовіўся, але потым пагадзіўся, калі даведаўся, што Сьветчыкаў ужо паказаў на яго як на забойцу.

«Але думаю, ён таксама невінаваты і яго прымусілі даць такія паказаньні. Мяцельскага, хутчэй за ўсё, забіў нехта зь ягонага круга. Інакш бы чаго той пусьціў незнаёмага ў свой аўтамабіль? Але гэтую справу ўжо ня хочуць расьсьледаваць па-сапраўднаму. Ім трэба было не раскрыць справу, а закрыць яе, бо яна была на кантролі Лукашэнкі, трэба было адрапартаваць».

Аляксей Сінькевіч заявіў суду, што прасіў сьледчых прайсьці праверку на паліграфе, але яму адмовілі, як і Расьціславу Сьветчыкаву. Ён і цяпер гатовы прайсьці такую праверку, каб пацьвердзіць, што не вінаваты ні ў забойстве, ні ў тым, што вымагаў грошы і спаліў аўтамабіль Мяцельскага.

Пачалося са справы мэнэджара Андрэя Касяка

Паводле сьледчых, раскрыць справу аб забойстве бізнэсоўца зь Бярэзані Сяргея Мяцельскага ім удалося пасьля другой справы — аб забойстве менскага мэнэджара Андрэя Касяка. Яно адбылося крыху больш як празь месяц пасьля забойства Мяцельскага.

Высьветлілася, што Андрэя Касяк меў справы зь Сяргеем Мяцельскім і нібыта пазычыў яму 440 тысяч даляраў. Сьледзтва мяркуе, што Андрэй Касяк наняў Сьветчыкава і Сінькевіча, каб вярнуць пазыку. У 2018 годзе суд прызнаў абодвух вінаватымі ў забойстве Андрэя Касяка і асудзіў да 23 і 24 гадоў зьняволеньня адпаведна.

Але Сінькевіч з рашэньнем суду не пагадзіўся і падаў апэляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Падчас чаканьня разгляду скаргі да Сінькевіча, паводле яго, прыходзілі міліцыянты з ГУБАЗіКа і прапаноўвалі ў абмен на супрацоўніцтва паслабленьне пакараньня з 24 да 16 гадоў. Пасьля таго, як Уладзімер Ціхіня нібыта даў яму «слова афіцэра», ён напісаў яўку з павіннай, у якой прызнаў, што атрымаў ад Сьветчыкава замову на забойства бізнэсмэна. Пра тое, што гаворка ідзе пра Мяцельскага, даведаўся пазьней. Гэта было ў кастрычніку 2018 году. Усе далейшыя паказаньні пісаліся пад дыктоўку сьледчых, казаў Сінькевіч. Але ў выніку яго падманулі, а «слова афіцэра» абярнулася новым судом.

Што расказаў пра сябе Аляксей Сінькевіч?

Займаўся пэйнтболам і каля пасёлка Сокал меў пэйнтбольную пляцоўку.

З 1994 да 2006 году служыў у спэцназе, у васковай частцы 3214, у званьні старшага прапаршчыка ў танкавым батальёне.

«Адказваў за побыт і харчаваньне вайскоўцаў, як мама ў сямʼі». Паводле Сінькевіча, навыкамі рукапашнага бою ён не валодаў, меў толькі 3-і юнацкі разрад у стральбе з дробнакалібэрнай вінтоўкі. «Страляў з пісталетаў Макарава, Сьцечкіна, Глюка ды з розных мадыфікацый аўтамата Калашнікава, але ніколі не страляў з паляўнічай стрэльбы.

Паводле сьледзтва, Сяргей Мяцельскі быў застрэлены з абрэза паляўнічага ружжа стрэлам у шыю і правы бок галавы шротам і карцеччу.

Сінькевіч расказаў, што ягоны сын Уладзіслаў перастаў падтрымліваць зь ім кантакты. «Магчыма, пакрыўдзіўся. Яму ў гэтай справе давялося 3 месяцы адбыць у СІЗА», — сказаў суду Аляксей Сінькевіч. Таксама праз гэтую справу ў абвінавачанага нібыта разладзіліся стасункі з братам Васілём.

Аляксею Сінькевічу пагражае сьмяротнае пакараньне. Але на працэс у Менскі абласны суд, дзе яго судзяць, ніхто са сваякоў не прыйшоў.

Сінькевіч сказаў, што ў пачатку 2019 году прыняў іслам. У судзе Аляксей Сінькевіч надзеў на галаву цюбецейку.

Як пазнаёміліся Сьветчыкаў і Сінькевіч

Як кажа Расьціслаў Сьветчыкаў, зь Сінькевічам яны пазнаёміліся ў 2012 годзе ў трэнажорнай залі. Пасябравалі, некалькі разоў сустракаліся, і пры чарговай сустрэчы, па словах Сьветчыкава, Сінькевіч распавёў яму, што, акрамя кіраўніцтва ў пэйнт-клюбе, ён займаецца яшчэ выбіваньнем даўгоў. «Нядаўна аднаму мужыку пракалоў сьпіцай нагу, каб вярнуў доўг», — пахваліўся Сінькевіч.

Пра гэтыя здольнасьці свайго знаёмага Расьціслаў Сьветчыкаў згадаў, калі пачаў працаваць кіроўцам у бізнэсмэна Андрэя Касяка. У адзін зь дзён Сьветчыкаў вазіў свайго шэфа ў аэрапорт на сустрэчу зь «нейкім палкоўнікам ці генэралам ФСБ». Паводле Сьветчыкава, пасьля той сустрэчы Андрэй Касяк сказаў, што патрэбны адмысловец, які можа выбіць доўг з аднаго чалавека, які «вінен гэтым сур’ёзным людзям». Потым ён даведаўся пра суму доўгу — амаль 500 тысяч даляраў. За працу госьці з Расеі абяцалі перадаплату 20 тысяч даляраў, а потым астатняе. Колькі — Сьветчыкаў ня чуў. Але тады Сьветчыкаў і згадаў пра знаёмства з былым спэцназаўцам Сінькевічам.

Паводле паказаньняў Сьветчыкава, у жніўні 2016 году ён двойчы вазіў свайго шэфа Андрэя Касяка ў Беразіно на сустрэчы зь Сяргеем Мяцельскім, які і быў тым чалавекам, што нібыта завінаваціўся расейцам паўмільёна даляраў.

«Яны размаўлялі, і я чуў, як Мяцельскі пярэчыў, што нічога нікому ня вінен», — згадаў Сьветчыкаў. Таксама падсудны згадаў, як нейкая Алена Сьвірская перадавала Андрэю Касяку файл з дакумэнтамі, якія нібыта сьведчылі пра доўг Мяцельскага. Але перамовы Касяка зь Мяцельскім выніку не далі, і тады ён загадаў Сьветчыкаву падключыць да справы Сінькевіча. «Загадаў мне выконваць усе ягоныя даручэньні».

Аляксей Сінькевіч
Аляксей Сінькевіч

Спачатку, паводле Сьветчыкава, Сінькевіч таксама паспрабаваў дамовіцца зь Мяцельскім. Яны прыехалі да бізнэсмэна ў Беразіно, размова адбылася, але скончылася сваркай. Паводле Сьветчыкава, Сінькевіч пагражаў Мяцельскаму, папярэджваў, што можа «згарэць дом ці аўто, можа нешта здарыцца з жонкай ці дзецьмі». Але і гэта не падзейнічала, і 26 верасьня яны зноў раніцай паехалі ў Беразіно.

Сьветчыкаў высадзіў Сінькевіча непадалёк ад дома Мяцельскага, а праз 40 хвілін той вярнуўся.

«Падбег. Куртка навыварат, на галаве шапка, кінуў яе ў торбу, у торбе быў нейкі прадмет. Сказаў мне ехаць, я здаў назад, думаў праехаць міма дома Мяцельскага, але Сінькевіч загадаў ехаць іншай дарогай. Калі мы выехалі за горад, я бачыў, што ўдалечыні гарыць аўтамабіль. Сінькевіч загадаў націснуць газ. Мы пранесьліся міма, з машыны яшчэ ішоў вялікі дым. Я зразумеў адразу, што гэта была „Аўдзі 5“ Мяцельскага. Раней я яе бачыў, калі прыяжджалі да яго з Касяком», — казаў суду Расьціслаў Сьветчыкаў. Ён кажа, што спытаў у Сінькевіча, што адбылося, а той усьміхнуўся: «А як доўг выбіваецца? Сядзі і маўчы».

Далей яны паехалі да Андрэя Касяка.

У чым прызнае сваю віну Расьціслаў Сьветчыкаў?

Ён кажа, што на загад Андрэя Касяка напярэдадні паездкі зь Сінькевічам у Беразіно памяняў нумары на іхнім аўтамабілі. «Каб нас не адсачылі па нумарах». Разумеў, што паездка можа быць зьвязаная зь незаконнай дзейнасьцю, прызнаў Сьветчыкаў.

Калі яны прыехалі да Андрэя Касяка, Сінькевіч перадаў яму фотаапарат са словамі: «Усё сам убачыш». Пасьля гэтага загадаў адвезьці Сінькевіча дамоў і памяняць нумары на аўто.

«Калі я забіраў Касяка дамоў, той быў вельмі незадаволены. На наступны дзень у інтэрнэце я ўбачыў навіну пра тое, што пад Беразіно забілі чалавека. Мне стала ўсё зразумела. Потым Касяк загадаў мне замяніць колы на аўтамабілі. Я так і зрабіў».

Паводле Расьціслава Сьветчыкава, 4 лістапада бізнэсмэн Андрэй Касяк быў забіты. Напярэдадні, паводле Сьветчыкава, Касяк мусіў сустрэцца з Аляксеем Сінькевічам, які патрабаваў «канчаткова зь ім разьлічыцца». Да гэтага Сьветчыкаў чуў, як Касяк расьпякаў Сінькевіча: «Ты чалавека забіў, навошта? Ты адкажаш».

Працэс па справе аб забойстве бізнэсмэна Мяцельскага працягнецца 2 ліпеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG