Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсеў у аўтамабіль і стрэліў з абрэза ў галаву. Пачынаецца суд у справе аб забойстве бізнэсоўца зь Бярэзані


Архіўнае фота СК зь месца здарэньня. 26 верасьня 2016 году

1 ліпеня ў Менскім абласным судзе пачнецца працэс у гучнай справе аб забойстве пад Бярэзаньню вядомага мясцовага прадпрымальніка Сяргея Мяцельскага. На лаве падсудных 41-гадовы Аляксей Сінькевіч, якому выстаўлена абвінавачаньне ў забойстве ды іншых злачынствах. Другі абвінавачаны — 29-гадовы Расціслаў Сьветчыкаў, якога абвінавачваюць у вымаганьні.

Сінькевіч і Сьветчыкаў ужо адбываюць пакараньне за забойства менскага мэнэджэра Андрэя Касяка. Іхныя прысуды — 23 і 24 гады зьняволеньня адпаведна.

Для Сінькевіча гэты працэс можа скончыцца сьмяротным выракам.

Што адбылося:

26 верасьня 2016 году на аўтамабільнай разьвязцы пад Бярэзаньню згарэў дарагі аўтамабіль. У салёне знайшлі абгарэлае цела мясцовага бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага з агнястрэльным раненьнем у галаву.

Галоўнымі ў расьсьледаваньні справы сталі сьведчаньні супрацоўніка МНС, які праяжджаў міма і спыніўся каля падпаленай машыны. Паводле сьведкі, ён бачыў твар забойцы, калі той страляў і ў ягоны бок.

«Злачынца дзейнічаў з халодным сэрцам, з разьлікам і дзёрзка», — апісаў забойства першы намесьнік начальніка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Васіль Галь. Забойства адбывалася ў час пік.

Каб выйсьці на сьлед забойцы, затрымаць яго і сабраць доказы віны, сьледзтву спатрэбіліся яшчэ два гады. У верасьні 2018 году Аляксей Сінькевіч напісаў яўку з павіннай. Пра гэта журналістам стала вядома на адмыслова арганізаваным брыфінгу, дзе расказалі пра дэталі сьледзтва.

Каго забілі:

Сяргей Мяцельскі — бізнэсовец, былы супрацоўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.

Сьледзтва вызначыла, што ў 2011 годзе расходы бізнэсоўца значна перавышалі афіцыйныя прыбыткі. Нібыта ён купляў нерухомасьць і пазычаў іншым людзям буйныя сумы грошай. Называюць нават суму ў 100 тысяч даляраў.

Мяцельскі супрацоўнічаў зь фірмамі і арганізацыямі ў Расеі. Зь імі ж меў справы менскі мэнэджэр Андрэй Касяк, якога забілі праз паўтара месяца пасьля Мяцельскага.

Каго абвінавачваюць:

Аляксей Сінькевіч — «не адзін дзясятак гадоў служыў у спэцпадразьдзяленьні РБ, падрыхтаваны, валодае зброяй», — характарызуе абвінавачанага намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Уладзімер Ціхіня. Сінькевіча характарызуюць як дзёрзкага чалавека з прагай да лідэрства.

Расьціслаў Сьветчыкаў, па матэрыялах сьледзтва, меў часовыя падпрацоўкі, займаўся спортам, працаваў кіроўцам мэнэджэра Андрэя Касяка.

Што вядома пра матыў злачынцаў

Сьветчыкаў у інтарэсах трэцяй асобы меўся спагнаць зь Мяцельскага пазыку ў 400 тысяч даляраў, піша Tut.by.

Выканаўцам меўся быць Сінькевіч, але забойства Мяцельскага не плянавалася. Нібыта Сінькевіч выйшаў за межы дамоўленасьцяў.

Таму Сьветчыкаў абвінавачваецца ў вымагальніцтве, а Сінькевіч — у забойстве, падпале машыны, вымагальніцтве і незаконных дзеяньнях са зброяй.

Справу аб забойстве Сяргея Мяцельскага будуць разглядаць у Менскім абласным судзе. Працэс пачнецца 1 ліпеня аб 11 гадзіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG