Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэнзін можа падаражаць да 1 даляра за літар, — віцэ-прэм’ер Ляшэнка


Ілюстрацыйнае фота

У сувязі з ростам цэнаў на нафту, якая паступае ў Беларусь, кошты на бэнзін для беларусаў могуць істотна павялічыцца, перадае БелаПАН словы віцэ-прэм’ера Ігара Ляшэнкі.

Цана літру АІ-92 можа дасягнуць 1 даляра, заявіў ён. Цэны на ўзроўні даляру за літар ужо «прысутнічалі пару гадоў таму», дадаў Ляшэнка. Цяпер гэтая цана — 1,57 рубля або 77 цэнтаў.

Рост цэнаў на бэнзін зьвязаны з рэалізацыяй Расеяй падатковага манэўру, растлумачыў Ляшэнка. Цана імпарту нафты ў Беларусь пастаянна падвышаецца, кажа ён, і будзе «штогод расьці на 21,3 даляра за тону». Гэта ў тым ліку адмоўна адаб’ецца на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, якія да таго ж пацярпелі ад паставак няякаснай нафты з Расеі.

«Разам з тым беларускія НПЗ рыхтаваліся і рыхтуюцца працаваць ва ўмовах сусьветных цэнаў на нафту з 2024 года, — адзначыў Ляшэнка. — Натуральна, рынкавыя ўмовы атрыманьня нафты маюць на ўвазе адпаведны ўзровень цэнаў на нафтапрадукты і на ўнутраным рынку».

Ён адзначыў, што ў Расеі прынятыя кампэнсацыі для НПЗ — зваротны акцыз і іншыя меры пры пастаўцы паліва на ўнутраны рынак. Калі Расея працягне прымаць такія захады, будзе існаваць розьніца між расейскімі і беларускімі цэнамі на паліва. Але беларускія цэны ўсё роўна будуць ніжэйшымі за эўрапейскія, мяркуе Ляшэнка.

Цяпер беларускія цэны на бэнзін сапраўды істотна ніжэйшыя за эўрапейскія. Калі 1 літар АІ-95 каштуе ў Беларусі 72 эўрацэнты, то ў Літве — 1,17 эўра, у Польшчы — 1,22 эўра, а ў Латвіі — 1,28 эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG