Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім»: страты ад падатковага манэўру склалі 130 мільёнаў даляраў за 5 месяцаў


Страты беларускай эканомікі ад расейскага падатковага манэўру ў нафтавай галіне за студзень-травень 2019 году склалі каля 130 мільёнаў даляраў.

Пра гэта паведаміла намесьніца старшыні канцэрну «Белнафтахім» Сьвятлана Гурына ў інтэрвію часопісу «Веснік Белнафтахіма».

У канцэрне «Белнафтахім» разьлічылі наступствы падатковага манэўру да 2024 году. Паводле Гурынай, у 2024 годзе цана на нафту павялічыцца адносна 2018 году на 127,7 даляра за тону (пры каціроўцы 70 даляраў за барэль).

«Да гэтага моманту беларускія НПЗ нічым ня будуць адрозьнівацца ад іншых кантынэнтальных НПЗ як па тэхнічнай аснашчанасьці, так і па цане на нафту, значыць, яны павінны будаваць сваю працу на агульнасусьветных падыходах. На нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах распрацаваныя праграмы па падрыхтоўцы да працы ва ўмовах падатковага манэўру», — сказала Сьвятлана Гурына.

Паводле намесьніцы старшыні «Белнафтахіма», у другім квартале беларускія прадпрыемствы апынуліся ў «надзвычай складанай» фінансавай сытуацыі з прычыны паставак у Беларусь няякаснай расейскай нафты.

Сьвятлана Гурына сказала, што пытаньне аб кампэнсацыі гэтых дадатковых фінансавых выдаткаў арганізацыям канцэрну трэба будзе вырашаць сумесна з расейскімі партнэрамі.

Нядаўна пра неабходнасьць кампэнсацыі Расеяй стратаў ад падатковага манэўру выказаўся ў інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка.

Ён сказаў, што кампэнсацыя патрэбная ў тым ліку таму, што «мы сёлета ўжо істотна паднялі цэны на нафтапрадукты на ўнутраным рынку, але далей рабіць гэта немагчыма».

Паводле амбасадара, дыспарытэт цэнаў на паліва з Расеяй ужо складае 8–10%, дый пакупніцкая здольнасьць не дазваляе падвышаць цэны. Можа пачацца масавы нелегальны ўвоз паліва ў Беларусь з Расеі, а «ў такім выпадку не давядзецца гаварыць і пра адзіны рынак нафтапрадуктаў».

Беларусь страціла на першым этапе падатковага манэўру 3,6 млрд даляраў, да яго завяршэньня страціць яшчэ 8,8–10,6 млрд і пачне пераплачваць Расеі па 3 млрд даляраў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG