Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня «цечка» і ня «гэта». Як размаўляць пра мэнструацыю зь дзяўчынкамі і хлопчыкамі


Ілюстрацыйнае фота

Гэта тэма многім падаецца далікатнай, але яна вартая абмеркаваньня, як і любая іншая, што тычыцца цела, здароўя, успрыняцьця сябе. Гэта мэнструацыя, месячны цыкль кожнай жанчыны. Чаму ня варта гэтага саромецца і на што трэба зьвяртаць увагу? Тлумачаць жанчыны, якія зьнялі ролік «Палюбі сваё цела» на youtube-канале «Разам зь сяброўкамі і коткамі».

Зь кім размаўляем

  • Наста Захарэвіч, 25 гадоў. Журналістка-фрылансерка, блогерка, радыкальная фэміністка. Скончыла філязофскае аддзяленьне БДУ, там жа атрымала ступень магістра. Сябра Беларускай арганізацыі працоўных жанчын.
  • Наталька Мотуз, 33 гады. Грамадзкая актывістка і сябра Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. Скончыла Ўнівэрсытэт Варшаўскі, магістарка філялёгіі. Вядзе тэлеграм-канал пра girlpower рух Беларусі «Прыходзь зь сяброўкай»
  • Ізя Цімашпольская, 29 гадоў. Фатографка, рэтушорка, фэміністка. Скончыла архітэктурны факультэт БНТУ.

Сьцісла пра галоўнае

  • Мотуз: Пра месячныя мне распавяла не маці, а сяброўка, якая назвала іх «цечкай». Праз гэта ў мяне сфармавалася рэзка нэгатыўнае стаўленьне да гэтага працэсу.
  • Захарэвіч: Усе сьпісваць на жаночую агрэсію пры ПМС — частка патрыярхальнага дыскурсу, у якім жанчына — нейкая істота, якой цалкам кіруюць гармоны.
  • Цімашпольская: Пра тое, што ў падлеткавым узросьце праходзіць арганізм хлопчыка і дзяўчынкі, трэба паступова, рознымі словамі гаварыць зь першай клясы.

Чаму тэма мэнструацыі не павінна быць прыхаванай? Чаму пра гэта дагэтуль часта гавораць, панізіўшы голас і не называючы рэчы сваімі імёнамі?

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч: Гэта абсалютна нармальны фізіялягічны працэс, які адбываецца ў абсалютнай большасьці жанчын на працягу многіх гадоў. Вялікая праблема бывае для дзяўчат, у якіх мэнструацыя толькі пачынаецца, калі яны ня ведаюць, што гэта такое. Гэта можа палохаць і выклікаць непрыемныя эмоцыі. І каб зьнізіць спэктар усіх непрыемнасьцяў, важна казаць пра гэта публічна і ў тым ліку і праз такія ролікі.

Наталька Мотуз
Наталька Мотуз

Наталька Мотуз: У публічнай прасторы пра месячныя, пра рэгулы кажуць вельмі мала. Гэтая тэма мне блізкая. Калісьці ў мяне была праблема з мэнструацыяй і я сутыкнулася з бракам інфармацыі на гэтую тэму. Праз гэты ролік мы хацелі зьняць табу. Пра мэнструацыю варта казаць простымі словамі. Гэта звычайны працэс, ён не патрабуе нейкіх навуковых тэрмінаў, усё павінна быць даступна

Ізя Цімашпольская
Ізя Цімашпольская

Ізя Цімашпольская: Гэта рана ці позна адбываецца з кожнай дзяўчынкай. Гэта зьвязана са здароўем ня толькі маладых, але і дарослых жанчын. Вельмі мала інфармацыі пра тое, што калі месячныя суправаджацца болем, то трэба зьвярнуцца да доктара, трэба зрабіць нейкія аналізы. Калі цыкль не рэгулярны, варта прыслухацца да арганізму, які такім чынам спрабуе даць сыгнал. Многія маладыя дзяўчынкі палохаюцца першых месячных, часта мамы не кажуць ім пра гэта. Дзяўчынкам падаецца, што зь імі адбываецца нешта дзіўнае. Сястра маёй знаёмай першыя месяцы проста хавала ніжняй бялізну ў крыві і баялася, што зь ёй адбываецца нешта катастрафічнае страшнае.

Як патлумачыць дзяўчынцы, што гэта такое?

Наста Захарэвіч: Калі дзяўчынка расьце ў сям’і, дзе ёсьць іншыя дарослыя жанчыны (маці, сястра, цётка, бабуля), трэба, каб яны самі не прыхоўвалі гэта, каб пракладкі, тампоны, мэнструальныя чашы не былі схаваныя ў розных шуфлядках. Калі тэма мэнструацыі будзе звычайнай, побытавай у сямʼі, тады нават ня будзе патрэбы ў сурʼёзных размовах, маўляў давай сядзем і пагаворым пра гэта. У мяне ёсьць знаёмы мужчына, які рос з маці і сёстрамі, і які ведаў зь дзяцінства, што такое мэнструацыя, таму што гэта ніколі не хавалася. У ягоным выпадку ў сямʼі было болей інфармацыі, чым часта ёсьць у дзяўчатак у іншых семʼях.

Калі ёсьць патрэба паразмаўляць, то варта пашукаць малюнкі, даведнікі, якіх ёсьць вельмі шмат онлайн на розных мовах. Гэтыя даведнікі могуць і дарослым падказаць, як падабраць правільныя і простыя словы. Калі распавесьці 8-10-гадовай дзяўчынцы пра мэнструацыю навуковымі тэрмінамі, то яна можа кепска гэта зразумець і не суаднесьці з самой сабой. Трэба распавесьці простымі словамі, што з пэўнага ўзросту ў цябе будзе ісьці кроў кожны месяц, і што гэта здаровы працэс. Калі гэта балюча, мы сходзім да доктара, паспрабуем вырашыць праблему. Важна стварыць такую атмасфэру ў сямʼі, калі дзяўчынка зможа расказаць пра свае асьцярогі бяз страху і сораму.

Хто павінен распавесьці дзяўчынцы і хлопчыку пра мэнструацыю? Ці трэба вучыць, як пра гэта расказваць?

Наталька Мотуз: Лепей за бацькоў ніхто не распавядзе пра мэнструацыю. Натуральна, маці будзе лепей арыентавацца ў тэме і адкажа на любыя пытаньні, але і бацька таксама мусіць быць падрыхтаваны да адказу. Варта расказваць пра месячныя як дзяўчынцы, так і хлопчыку, бо адсутнасьць інфармацыі кепска адбіваецца на хлопчыках у тым ліку, якія пасьля дадумваюць і фантазіруюць. Адсутнасьць інфармацыі і неразуменьне працэсу могуць прывесьці да стыгматызацыі. Варта навучаць размовам пра месячныя гінэколягаў і гінэкалягіняў, бо яны найчасьцей будуць камунікаваць зь дзеўчынамі і запытваць іх пра месячныя. Не павінна быць скаванасьці і сарамлівасьці ў гэтай тэме.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Можна ўключыць у працэс навучаньня разбор гігіенічных сродкаў, даступных на рынку, распавесьці, што ёсьць пракладкі, ёсьць тампоны, ёсьць мэнструальныя чашы. Было б добра, каб дзяўчынкі з хлопчыкамі разам у нейкай гульнёвой форме разглядалі гэтыя гігіенічныя сродкі, і тады цікавасьць хлопцаў была б задаволеная і пазьней не прывяла да праблемаў кшталту набыць пачак пракладак для сваёй жонкі ці сяброўкі. Было б добра ў школе ўвесьці абмеркаваньне гэтага пытаньня. На жаль, у нас няма курсаў сэксуальнай асьветы, куды б можна было б уключыць блёк пра мэнструацыю, каб дзеці пра яе даведваліся як мага раней.

Пра полавае жыцьцё і мэнструацыі ў заходніх краінах распавядаюць у школах. Гэта тлумачыцца простай мовай, як гульня і як нешта натуральнае. У беларускіх школах «пра гэта» праходзяць на ўроках біялёгіі ў фармаце, калі гэта выклікае ўсьмешкі вучняў. Што б вы зьмянілі ў сыстэме адукацыі ў гэтай справе?

Ізя Цімашпольская: Я лічу, што пра тое, што ў падлеткавым узросьце праходзіць арганізм хлопчыка і дзяўчынкі, трэба паступова рознымі словамі гаварыць зь першай клясы. Павольна дзяцей уводзіць у тэму, каб ва ўзросьце 9-10 гадоў падвесьці да таго, што такое полавае сталеньне. Ёсьць сэнс для клясных кіраўнікоў праводзіць бацькоўскія сходы, на якіх тлумачыць, што сёлета мы з вашымі дзецьмі будзем гаварыць на такія і такія тэмы, ёсьць такія мэтадычкі, мы разьлічваем, што вы са сваімі дзецьмі больш глыбока ў больш дамашняй і інтымнай атмасфэры абмяркуеце гэта і гэта. Калі ўзьнікаюць пытаньні, давайце абмяркуем, каб уцягнутасьць была з абодвух бакоў

Што б вы зьмянілі ў рэкляме, арганізацыі побыту грамадзкіх месцаў?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Наста Захарэвіч: Вялікі крок можна зрабіць у рэкляме пракладак па тэлевізары — паказваць чырвоную вадкасьць, а не блакітную, каб зрабіць гэта больш натуральным. Адназначна не хапае аўтаматаў са сродкамі гігіены і, магчыма, нават абязбольваючымі таблеткамі ў грамадзкіх прыбіральнях, як у шмат якіх краінах. Адзін ці два такія аўтаматы нядаўна ў Менску зьявіліся, там можна набыць пракладку ці тампон.

Чаго ня трэба саромецца ў пытаньні месячных? Як іх трэба называць?

Ізя Цімашпольская: У пляне месячных увогуле ня варта саромецца. Гэта ёсьць, гэта адбываецца з кожнай жанчынай кожны месяц, і калі ёсьць боль і дыскамфорт, яна павінна пра гэта абсалютна спакойна сказаць. Калі ў яе ўсё добра — цудоўна. Калі ёй трэба купіць тампоны, пракладкі, мэнструальную чашу, ці калі яна працякла, і такое бывае — гэта ўсё ў парадку.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Наталька Мотуз: Пра месячныя мне распавяла не маці, а сяброўка, якая назвала іх «цечкай». Праз гэта ў мяне сфармавалася рэзка нэгатыўнае стаўленьне да працэсу месячных. Пасьля я вельмі пакутавала, таму што не магла знайсьці нікога са сваіх сябровак, каб паразмаўляць пра тое, як гэта адбываецца, таму што гэта ў мяне адбывалася занадта балюча, са стратамі прытомнасьці. Вакол я бачыла толькі тых, у каго ўсё добра, хто абсалютна не адчувае ніякага дыскамфорту. Я хацела б, каб у публічнай прасторы была інфармацыя пра тое, што ты можаш страціць прытомнасьць, што ў цябе можа вельмі моцна балець галава, нават да мігрэні, і ты можаш выклікаць «хуткую», і дактары зробяць укол і на заўтра ты будзеш адчуваць сябе добра.

Упершыню ў публічнай прасторы я пабачыла абмеркаваньне месячных у 2006 годзе, калі мая сяброўка напісала ў Фэйсбуку пра свой нэгатыўны досьвед, як ёй кепска. Тады я зразумела, што я не адна. Я выступаю за тое, каб мы, жанчыны, казалі пра тое, як гэта можа быць, а не глядзелі рэкляму, дзе ў белых нагавіцах жанчыны скачуць на дыскатэцы. У кагосьці гэта можа быць абсалютна іншы досьвед. Калі дзяржава не стварае адпаведных буклетаў і брашураў і спадзяецца на брэнды кшталту Always, трэба, каб мы, беларускія НДА, стваралі такія матэрыялы, як гэта ўжо зрабілі ўкраінкі. Яны апісалі ўвесь працэс прыгожа, з карцінкамі, гэтая інфармацыя ёсьць у сеціве, і кожная дзяўчынка яе можа атрымаць.

Якая тут роля мужчынаў?

Наста Захарэвіч: Адвечны стэрэатып — пра страшны ПМС (перадмэнструальны сындром — РС), які вельмі часта блытаюць уласна з часам месячных. На праўду ёсьць у жанчын гарманальныя цыклі, калі ўзвышаецца ўзровень адных гармонаў, а паніжаецца іншы. Але апошняе, што я чытала па тэме з навуковых дасьледаваньняў, што ўзровень гармону тэстастэрону і яшчэ аднаго гармону ў жанчын падчас ПМС знаходзіцца на такім жа ўзроўні, як у мужчыны звычайна. Гэтая мітычная жаночая страшэнная агрэсія, так любяць апісваць, якія страшныя жанчыны ў ПМС... Аказваецца, што мужчыны біялягічна ўвесь час такія. Няважна, што на самой справе злуе жанчыну, бо любая жаночая агрэсія вельмі лёгка і хутка сьпісваецца на ПМС. І гэта вельмі небясьпечны стэрэатып, бо любую рэакцыю жанчын можна назваць неадэкватнай нібыта праз гармоны.

Пры гэтым зьява ПМС існуе, розныя жанчыны адзначаюць вельмі розныя сымптомы перад месячнымі. У кагосьці гэта перапады настрою, у кагосьці фізычнае самаадчуваньне кепскае, але няма нейкай агульнай формулы. Усе сьпісваць на жаночую агрэсію пры ПМС, гэта ня што іншае, як нежаданьне слухаць жанчыну. Гэта частка патрыярхальнага дыскурсу, у якім жанчына — нейкая істота, якая ня можа сябе кантраляваць, якой цалкам кіруюць гармоны.

Наталька Мотуз: Зьмяніць стаўленьне мужчын і пазбавіцца ад гэтых мітаў можна толькі праз асьвету. Калі пачаць працаваць з хлопчыкамі з пачатковых школы, ім будзе ўсе зразумела пра працэс рэгулаў, і гэтыя міты вельмі хутка зьнікнуць. Я думаю, што яны засталіся толькі ў старэйшага пакаленьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG