Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня варта хавацца ад «чырвонага монстра»


Калі мне было восем гадоў і я ўпала на ўроку фізкультуры і разьбіла каленку, ніхто з гэтага не сьмяяўся, маю кроў ніхто не называў агіднай, і яе ня трэба было хаваць ад навакольных. Праз чатыры гады у адзін зь дзён мэнструацыі я неяк не пасьпела своечасова зьмяніць пракладку, на джынсах зьявілася невялікая чырвоная пляма, і аказалася, што гэтая кроў зусім іншая — яе трэба саромецца.

З эўфэмізмаў для слова «мэнструацыя» можна стварыць невялікі слоўнік.

«Гэтыя дні», «крытычныя дні», «чырвоны монстар», «сьвяты», «чырвоны дзень календара», «гэтыя справы» — з эўфэмізмаў, якія жанчыны і мужчыны ўжываюць, каб пазьбегнуць страшнага слова «мэнструацыя», можна стварыць невялікі слоўнік. А калі натуральны і здаровы працэс, які рэгулярна перажывае вялізная частка насельніцтва, застаецца табуяванай тэмай нават у разьвітых грамадзтвах, — гэта ня тая сытуацыя, пра якую можна сказаць, што ўсё ў парадку.

У грамадзкай сьвядомасьці ёсьць толькі ПМС — перадмэнструальны сындром, якім так часта тлумачаць любыя нязручныя паводзіны жанчыны. Вось і парадокс: ПМС ёсьць, а мэнструацый няма.

ПМС ёсьць, а мэнструацый няма.

Цяпер адбываецца чарговы жаночы флэшмоб: пад тэгам #PadManChallenge жанчыны расказваюць свае гісторыі, зьвязаныя з табуяваньнем мэнструацый у грамадзтве. Як і любой падобнай акцыяй, гэтым флэшмобам шмат абураюцца. Кажуць, што расказваць такое — гэта сорам, і што нічога акрамя агіды гэтыя аповеды не выклікаюць. Калі вы лічыце так жа, я прапаную вам уявіць, што кожны раз, калі ў вас па нейкай прычыне зьяўляецца насмарк, вы павінны рабіць так, каб пра гэты інтымны працэс ніхто не здагадаўся.

Уявіце, што сурвэткі ніхто ніколі не павінен бачыць: выходзячы ў прыбіральню, каб прачысьціць нос, вы старана хаваеце пачак у кішэні. Уявіце, што ў сябе дома вы ня можаце проста выкідаць сурвэткі ў агульную сьметніцу: спачатку іх трэба схаваць у іншую паперу, а потым засунуць пад іншае сьмецьце так, каб ніхто не заўважыў ні працэсу, ні выніку. Уявіце, што калі цяперашні пачак сурвэтак скончыцца, а вам будзе надта кепска, каб ісьці самастойна набываць новы, брат адмовіцца схадзіць у краму, бо ён жа не нейкі там смаркач.

Параўнаньне, безумоўна, крыху кульгае, бо мэнструацыя — не хвароба. Але жанчыны дагэтуль сутыкаюцца з тым, што гэты натуральны і здаровы працэс ігнаруецца грамадзтвам. Я ня бачыла ў Менску ніводнай прыбіральні, дзе можна было б набыць тампон, пракладку альбо абязбольваючае. Я ня бачыла ніводнай рэклямы жаночых гігіенічных сродкаў, у якіх для імітацыі крыві выкарыстоўвалі б вадкасьць чырвонага колеру.

Дзяўчаты падчас першай мэнструацыі моцна палохаліся і думалі, што яны хутка памруць.

Затое я ведаю шмат гісторый аб тым, як дзяўчаты падчас першай мэнструацыі моцна палохаліся і думалі, што яны хутка памруць, бо не разумелі, што ўвогуле адбываецца. І гэта гісторыі ня толькі старэйшых пакаленьняў, — як мінімум адна мая школьная сяброўка прайшла праз гэты страх. Яе сям’я не была маргінальнай, — проста ніхто не палічыў патрэбным расказаць дзяўчынцы, якіх зьменаў у арганізьме варта чакаць у падлеткавым узросьце. І мне шчыра цікава: на што разьлічваюць такія бацькі: на тое, што дачка «неяк сама» пра ўсё даведаецца ці на тое, што ў яе ніколі не будзе мэнструацый і «нікому не давядзецца перажываць гэтую няёмкасьць».

Я ня ведаю, колькі яшчэ гадоў міне, пакуль «мэнструацыя» перастане быць забароненым словам, а выпадковая працечка ня будзе нагодай тэрмінова кідаць усе справы і бегчы пераапранацца, прыкрываючы пляму на адзенні так, нібыта гэта ня проста кроў, а доказ злачынства. Але я ўпэўнена, што горш ад гэтых зменаў нікому ня стане. Затое жыць жанчынам будзе куды прасьцей.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG