Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску патрабуюць вызваліць сясьцёр Хачатурʼян, якіх судзяць у Маскве. Відэа


Адзіночны пікет у абарону сясьцёр Хачатурʼян у Томску
Адзіночны пікет у абарону сясьцёр Хачатурʼян у Томску

Сябры беларускіх ініцыятываў «Радыслава» і «Маршыруй, дзетка!» запісалі відэаролік у падтрымку сясьцёр Хачатурʼян, якіх судзяць у Маскве.

Здымкі праходзілі пры падтрымцы «Эўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі» (ECLAB).

​Трох дзяўчат абвінавачваюць у сплянаваным забойстве свойго бацькі. З 19 чэрвеня ў Маскве праходзяць адзіночныя пікеты ў падтрымку сясьцёр. Удзельнікі акцыі ня згодныя з кваліфікацыяй злачынства, яны лічаць, што гэта была абарона і патрабуюць справядлівасьці для ўсіх ахвяраў хатняга гвалту.

Аўтары беларускага роліка заклікаюць зьняць «несправядлівыя абвінавачваньні» зь сясьцёр Хачатурʼян і прыняць у Расеі закон супраць хатняга гвалту.

Таксама аўтары відэароліка заклікаюць распрацаваць і прыняць закон аб процідзеяньні хатняму гвалту ў Беларусі.

«Мы вырашылі выказаць падтрымку такім чынам, бо сытуацыя, якая здарылася зь сёстрамі Хачатурʼян, зьяўляецца наглядным прыкладам таго, як ламаюцца лёсы і жыцьці без прафэсійнай і комплекснай дапамогі агрэсарам і ахвярам хатняга гвалту.

Ні ў Расеі, ні ў Беларусі пакуль што няма закону па супрацьдзеяньні хатняму гвалту, і ўсё, што мы можам, — гэта распаўсюджваць інфармацыю тут, паказваючы рэальныя наступствы бязьдзейнасьці ў такіх выпадках, і працаваць у напрамку вяртаньня да распрацоўкі комплекснага закону ў нашай краіне», — сказала Свабодзе каардынтарка ініцыятывы «Маршыруй, дзетка!» Сьвятлана Гатальская.

Крысьціну, Ангеліну і Марыю Хачатур’ян абвінавачваюць у забойстве свайго бацькі, 57-гадовага бізнэсоўца Міхаіла Хачатур’яна. Яго цела з множнымі нажавымі раненьнямі было знойдзена на лесьвічнай пляцоўцы дома, у якім ён пражываў з дочкамі. Сёстры самі выклікалі паліцыю і прызналі сваю віну.

Родныя, сябры і суседзі сясьцёр Хачатур’ян пацьвярджаюць, што бацька зьбіваў іх і фактычна выкарыстоўваў як рабынь, рэдка выпускаючы з хаты. Пракуратура таксама пацьвердзіла, што сёстры спазналі сэксуальны гвалт з боку Міхаіла Хачатур’яна.

Пікеты і акцыі ў падтрымку сёстраў Хачатур’ян праходзяць у многіх краінах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG