Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь vs Расея. Дзе лепей са здароўем і мэдыцынай


Дзе лепшы ўзровень мэдыцыны, якія захворваньні трапляюцца часьцей і што з гэтага лечаць, а што не. Параўноўваем здароўе ў Расеі і Беларусі.

19 гадоў Беларусь і Расея жывуць у «саюзнай дзяржаве», якая мае свае органы кіраваньня і бюджэт. Свабода глядзіць, чым падобнае і чым розьніцца жыцьцё ў беларусаў і расейцаў у розных сфэрах. Пачнём з мэдыцыны.

Выдаткі на мэдыцыну

Беларусь траціць на мэдыцыну 4,1% ад ВУП, па дадзеных Белстату на 2017 год. У Расеі ў тым жа годзе на мэдыцыну трацілі 3,1% ВУП.

Для параўнаньня, у Швайцарыі на ахову здароўя трацяць 25,2% ВУП, у ЗША — 22,6%.

На што хварэюць

На першым месцы і ў беларускай, і ў расейскай статыстыцы — сардэчна-сасудзістыя захворваньні. Другая прычына сьмяротнасьці — злаякасныя ўтварэньні, па статыстцы Белстату і Расстату. І ў Беларусі, і ў Расеі памірае больш людзей, чым нараджаецца.

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася на 0,16%. У Расеі ж летась насельніцтва скарацілася на 0,06%. То бок сытуацыя ў Расеі трошкі лепшая.

На рак у Беларусі хварэюць часьцей, чым у Расеі, але радзей ад яго паміраюць. Паводле International Agency for Research on Cancer, сьмяротнасьць ад раку ў Беларусі — 109 чалавек на 100 тысяч, у Расеі — 119 на 100 тысяч.

У Беларусі менш хварэюць на ВІЧ. Так, у 2017 годзе на 100 тысяч чалавек прыпадала 26 чалавек зь ВІЧ-інфэкцыяй, у Расеі — 61.

У Беларусі менш хварэюць на расстройства кішэчнага тракту (у пераліку на 100 тысяч насельніцтва), менш пакутуюць ад атручэньняў. Але псыхічных расстройстваў ды алькагольных псыхозаў у Беларусі больш.

Злоўжываньні

У Беларусі кураць менш, чым у Расеі. Па дадзеных Белстату на 2016 у Беларусі кураць 46,6% дарослых мужчын і 8,6% жанчын. У Расеі - 58,3% мужчын і 23,4% жанчын. Падобныя дадзеныя прыводзіць статыстыка УАЗ. Алькаголю ўжываюць таксама менш — па дадзеных Усясьветнай арганізацыі здароўя (УАЗ) гэта 11,2 літра сьпірту ў год на чалавека. У Расеі п’юць, па дадзеных УАЗ, болей — 11,7 літра ў год.​

Роды

Па дадзеных UNICEF, у Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў сьмяротнасьці дзяцей падчас родаў у сьвеце —— памірае 1,5 дзіцяці на 1000 чалавек. У Расеі гэты паказчык значна горшы — 5,3 дзіцяці на 1000 родаў.

Лекары і лякарні

У Беларусі лекараў менш, чым у Расеі, у пераліку на 100 тысяч чалавек. У Расеі на такую колькасьць грамадзянаў прыпадае 47,5 лекара, у Беларусі — 44,3. Затое больш ложкаў у лякарнях: у Беларусі на 100 тысяч іх 84,2, а ў Расеі — 80,5. Сярэдняга мэдыцынскага пэрсаналу ў Расеі менш амаль на траціну, чым у Беларусі, у пераліку на 100 тысяч.

А вось заробак лекараў у Расеі вышэйшы. Па дадзеных парталу russia.trud.com, у траўні лекар у Расеі ў сярэднім зарабляў 790 даляраў, у Беларусі — амаль удвая менш: 405 даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG