Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 фактаў пра аднаго з самых неадназначных беларускіх крытыкаў ХХ стагодзьдзя


Антон Адамовіч
Антон Адамовіч

26 чэрвеня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэньня аднаго з самых неадназначных беларускіх дзеячоў і яркіх літаратурных крытыкаў Антона Адамовіча.

Мусячы супрацоўнічаць спачатку са сталінскім, потым з гітлераўскім рэжымам, ён захоўваў у душы апазыцыйнасьць ім і непрыманьне любога таталітарызму. Дзе мог, дапамагаў і спрыяў сваім сябрам (пра што з удзячнасьцю згадвала Ніна Глебка). Аўтар шматлікіх артыкулаў пра беларускую літаратуру, унікальных па вастрыні думкі і глыбіні назіраньняў.

1. Яго раздражнялі «ўпадніцкія» вершы Валерыя Маракова

«...Так званае ўпадніцтва, або дэкаданс, пачынае, на жаль, расьцьвітаць у нашай новай паэзіі... у Маракова выпрацоўваецца безнадзейны пэсымізм... Здаецца яму, што і „дзяўчаты з гадамі пагасьлі“, што „больш ня будуць сьмяяцца яны“. У сваёй безнадзейнасьці Маракоў дакочваецца да крайніх межаў... Аўтар, як відаць, адарваны ад жыцьця...»

Антон Адамовіч з бацькамі
Антон Адамовіч з бацькамі

2. Пад нямецкай акупацыяй пачаў пісаць мастацкую прозу

«...я напаў на думку заняцца... мастацкай бэлетрыстыкай, у форме якой лягчэй было вуаляваць... супярэчныя немцам выказваньні. Так, пад псэўдонімам „Д. Забранскі“ я надрукаваў колькі імпрэсіяў, у якіх часам удавалася то правесьці завуаляваную паралель між Гітлерам і Напалеонам, конь якога ўпершыню спатыкнуўся ў Менску пры ягоным паходзе на ўсход (імпрэсія „Менск“), або мімабегам успомніць пра ведамае пабіцьцё немцаў-крыжакаў пад Грунвальдам...»

3. Засмучаўся, што творчасьць Гарэцкага была слаба вядомая чытачу

Антон Адамовіч у старасьці
Антон Адамовіч у старасьці

«Ягонае імя ў нас шырака вядома як імя аўтара ці суаўтара розных практычных слоўнікаў, як імя першага і адзінага пакуль летапісца нашае літаратурнае гісторыі. Але калі толькі заходзіць гутарка аб ім як аб нашым выдатным пісьменьніку, кола вядомасьці значна звужаецца... даходзіць ажно да кур’ёзаў: бывае, што творчасьць Максіма Гарэцкага прыпісваюць расейскаму пісьменьніку Максіму Горкаму...»

4. Лічыў, што камуністычная ідэалёгія ў Беларусі ня мела нацыянальнага гучаньня

«...камуністычная ідэалёгія на Беларусі ніколі не выступала як нацыянальна-беларуская ідэалёгія. І на Ўсходзе, і на Захадзе нават мы заўсёды бачылі прапаганду /.../ маскальскага бальшавізму, варожая беларусам нацыяналістычная форма якога, у залежнасьці ад часу й абставінаў, то крыху залагоджвалася й вуалявалася, найчасьцей з чыста правакацыйнымі мэтамі пры гэтым, то, наадварот, абвастралася й абрушвалася хваляю чужанацыянальнага тэрору. Спробы стварэньня беларускай нацыянальнай ідэалёгіі на камуністычнай аснове, так званага «нацыянал-камунізму», «нацыянал-бальшавізму», здушваліся самымі бальшавікамі ў зародку, кваліфікаваныя як «асабліва небясьпечныя нацыянальныя ўхілы ад генэральнае лініі партыі».

5. Крытыкаваў Дуніна-Марцінкевіча

«З гледзішча сучаснасьці значаньне Марцінкевіча больш колькаснае й палягае ў ягонай літаратурнай плоднасьці: ніхто зь беларускіх пісьменьнікаў ХІХ веку ня даў гэтулькі твораў па-беларуску... якасна ж Марцінкевічава творчасьць стаіць нізка: слабая (можна нават сказаць, ніякая) нацыянальная сьведамасьць, нудная дыдактычнасьць, цяжкі, непрыдатны да асаблівасьцяў беларускае мовы, сьлепа пераняты з польскае сылябічны верш, статычная апісальнасьць, сьлязьлівая сантымэнтальнасьць, прымітыўная цытатная фальклёрнасьць робяць творы ягоныя нецікавымі».

6. Лічыў, што вершаваная тэхніка ў «Новай зямлі» слабая

«...вершаваная тэхніка ў «Новай зямлі» — найслабейшая старана твору. Нат такія апалягеты, як Байкоў, змушаныя былі ўрэшце прызнаць, што «з тэхнічнага боку верш Коласа ўступае вершу Пушкіна, Адама Міцкевіча, і ў рамках беларускай літаратуры вершу Я. Купалы й М. Чарота... Бабарэка адзначае, што „для „Новае зямлі“ характэрна аднатоннасьць і павольнасьць у рытме“».

7. Лічыў, што Янка Купала напісаў «Тутэйшых» у супрацьвагу «Босым на вогнішчы» Міхася Чарота

Антон Адамовіч, другая палова 20-х гг.
Антон Адамовіч, другая палова 20-х гг.

«Паэма „Босыя на вогнішчы“ найперш, як добра адцеміў Карскі, „датыча адлюстраваньня расейскае рэвалюцыі ў жыцьці Беларусі, што гэтым часам колькі разоў пераходзіла ў рукі акупантаў — Немцаў і Палякаў“. Адылі Чарот у сваёй паэме ня толькі „адлюстроўвае расейскую рэвалюцыю ў жыцьці Беларусі“, але й беззасьцярожна прыймае ейную завяршальную бальшавіцкую „кастрычніцкую“ стадыю ды із становішча апошняе рэзка засуджае крывіцкую нацыянальную рэвалюцыю... а ў выніку гэтага — і верных яшчэ ёй паэтаў-адраджэнцаў, проста выклінаючы іх ужо як „супастатаў“... Неўзабаве на Чаротаву паэму адказвае сам Янка Купала сваёй п’есай „Тутэйшыя“, паказваючы ў ёй тую ж „расейскую рэвалюцыю ў жыцьці Беларусі“ як такую ж акупацыю, якімі былі й тыя нямецкая ды польская акупацыі...»

8. Засмучаўся, што крытыкі ня бачылі эстэтычнай сувязі «Раскіданага гнязда» з творамі Гайнэ

«Не зразумеўшы яксьледна жанравае своеасаблівасьці „Раскіданага гнязда“, крытыка не магла трапна адшукаць і сваяцкіх яму твораў у сусьветнай літаратуры... адзін З. Бядуля кінуў быў трапную думку, вяжучы Купалаву п’есу з драматургічнымі спробамі гэткага „лірыка наскрозь“, якім быў Гайнрых Гайнэ, але наступная крытыка, на жаль, зусім занядбала гэтую Бядулеву зацемку...»

9. Лічыў, што Янка Купала, калі пісаў «Тутэйшых», натхняўся Мальерам

«...беспасярэдняя крыніца ўплыву... камэдыя Мальера „Мешчанін у шляхоцтве“, якую Купала якраз і перакладаў тым часам на просьбу менскага беларускага тэатру... Мальераўскі „Мешчанін у шляхоцтве“ наклаў свой адбітак ня толькі на драматургічную тэхніку купалаўскіх „Тутэйшых“, а даў пэўны й не малы штуршок пры стварэньні некаторых вобразаў п’есы, і ня толькі такіх, як выразна мальераўскі фарсавы „настаўнік“ Сьпічыні, але нат і самога цэнтральнага вобразу Мікіты Зноска, гэтага запраўднага, сказаць бы, „тутэйшага“ „мешчаніна“ ў расейскім „благородстве“, гэтак падобнага тут да мальераўскага „мешчаніна ў шляхоцтве“ Журдэна...»

10. У творах беларускіх савецкіх пісьменьнікаў бачыў прыхаваную апазыцыйнасьць

У высылцы. 1930-я гг.
У высылцы. 1930-я гг.

«...Язэп Пушча... у паэме „Цень Консула“... „пераапрануў“ зьявы бальшавіцкага тэрарызму ў вобразы пэрыяду нямецкае акупацыі Беларусі 1918 г., Міхась Зарэцкі... у апавяданьні „Максымалісты“ „пераапрануў“ „партыйцаў“ у „юных піянэраў“, ...Сяргей Астрэйка... у паэме „Бэнгалія“ падаваў сваю родную Беларусь як маскоўскую калёнію ў „вопратцы“ ангельскае калёніі. Асабліва часта практыкавалася „пераапрананьне“ Савецкае Беларусі ў Заходнюю, акупаваную Польшчай. Блізу ўсе вершы, прысьвечаныя Заходняй Беларусі ў Дубоўкі, Пушчы й некаторых іншых, напісаны гэткім спосабам».

11. Не лічыў Янку Маўра значным пісьменьнікам

«У разьдзеле пра літаратуру 20-х гадоў найбольшае месца займае творства Я. Маўра... які ў пэрыяд 20-х гадоў толькі пачынаў спрабаваць свае пісьменьніцкія сілы на полі папулярнай літаратуры для дзяцей-школьнікаў і ў далейшым толькі на гэтым вузкім полі вылучна практыкаваўся й практыкуецца, у агульным-жа гістарычна-літаратурным працэсе нат-прост ніколі й ня браў удзелу».

12. Лічыў Зьмітра Жылуновіча ініцыятарам саветызацыі беларускай літаратуры

«Галоўным дзеячом гэтага этапу, першым ініцыятарам і прапаведнікам саветызацыі беларускай літаратуры... стаўся... Жылуновіч — Цішка Гартны, што даў... цэлы сьцяг... савецкіх рэвалюцыйна-патэтычных вершаў... Нават мова Цішкі Гартнага таго часу анічым бадай ня розьніцца ад „рэфармаванае“ ў 1933 г., русыфікаванае мовы сучаснае беларускае савецкае літаратуры».

13. Казаў, што Бядуля ў гістарычнай аповесьці «Салавей» паказаў беларускія рэаліі 20-х гг.

«...у прыгонным пану Вашамірскім чытач лёгка пазнаваў Крыніцкага, тагачаснага першага сакратара ЦК КП(б)Б; у каталіцкім сьвятару Курачковічу — прафэсара Піотуховіча, аднаго з найбольш бліскучых і апартуністычных марксісцкіх навукоўцаў; у курцу Вольскім — маладнякоўскага паэту Анатоля Вольнага, які намагаўся пралезьці ў кола „прыдворных“ панэгірыстых і одапісцаў; у шляхціцу Завішу — Ігната Шыпілу, рэдактара афіцыёзу „Савецкая Беларусь“... Чытачы разглядалі „Салаўя“ як бліскучы апазыцыйны выпад аўтара й заклік іншых да апазыцыі супроць наступу „пануючае клясы“ на свабоду й незалежнасьць мастацтва».

Антон Адамовіч (другі зьлева) ў гасьцях у Алеся Салаўя. Мэльбурн, 1977 г.
Антон Адамовіч (другі зьлева) ў гасьцях у Алеся Салаўя. Мэльбурн, 1977 г.

14. Лічыў, што верш Купалы «О, так, я пралетар...» — эпіграма на савецкую рэчаіснасьць

«...у эпіграме „О, так“ Купала гіранізаваў над „пралетарскім інтэрнацыяналізмам“ — тым жа „бацькаўшчынагубствам“ беларускіх нацыянал-камуністых дваццатых год, што не маглі ніяк вызбыцца „перажыткаў“ таго ж такі пачуцьця бацькаўшчыны:

Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся.
Адно ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі...»

15. Высока цаніў літаратурную суполку «Узвышша»

«Пасьля Гарэцкага й Карскага Гарунова спадчына год пяць ляжала ў поўным блізу занядбаньні нашаю крытыкаю й літаратураведаю, пакуль яе ня выцягнула на сьвятло й не паставіла ў фокус увагі „Ўзвышша“, найперш і найбольш у асобе... Адама Бабарэкі, які ўпершыню зусім выразна й абгрунтавана ставіць Алеся Гаруна ў адну пару з Максімам Багдановічам».

Сярод сяброў-узвышэнцаў. Адамовіч — трэці зьлева
Сярод сяброў-узвышэнцаў. Адамовіч — трэці зьлева

16. Быў нязгодны, што Антон Луцкевіч «навесіў на Арсеньневу бірку „індывідуалізму“»

«Апалітычнасьць, „неграмадзкасьць“ паэзіі Натальлі Арсеньневай яшчэ больш абходзіла найаўтарытэтнага тымі часамі крытыка-рэцэнзэнта ейнага першага зборніка Антона Навіну... „Арсеньнева перадусім зьяўляецца індывідуалісткай“, — цьвердзіў, падчыркваючы гэтае слова, Навіна, і зноў жа не падаючы ані канкрэтных твораў, ані адпаведных цытатаў...»

17. У канцы 30-х быў вымушаны супрацоўнічаць з савецкімі спэцслужбамі

«Пэрыяд 1937–41 г., калі Адамовіч супрацоўнічаў з савецкімі спэцслужбамі як агент-інфарматар пад мянушкай „Иванов“, застаецца самым цёмным у яго біяграфіі. (Як свайго роду сублімацыю гэтага „інфарматарства“ можна разглядаць налепліваньне самім Адамовічам ярлыкоў „агента“ — Алесю Гародню („„ісьцінна-пралетарскі“ агент ГПУ...“), Анатолю Вольнаму („выразны агент-інфарматар і правакатар“) або Андрэю Александровічу („„палітычны паэта“, які дзейнічаў як агент ГПУ“)».

18. Булгакаў называў яго «ідэолягам беларускай калябарацыі»

«Для менскай інтэлігенцыі замена ў 1941 г. аднаго таталітарнага рэжыму другім, мала менш жорсткім, прывяла да зьменаў у гіерархіі сымбаляў і нарацыяў, але не манеры мысьленьня. У такіх абставінах Адамовічава здольнасьць да інтэлектуальнай мімікрыі прыдалася як найлепей і вывела яго на пазыцыю ідэоляга беларускай калябарацыі. (Да свайго ад’езду ў 1943 у Бэрлін ён быў фактычным рэдактарам тагачаснага менскага афіцыёзу — „Менскай (Беларускай) газэты“)».

Рэдакцыя «Беларускай газэты» і «Голасу вёскі». Сядзяць (зьлева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Натальля Арсеньнева, Аляксей Сянкевіч. Стаяць (зьлева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Менск, сьнежань 1942 г.
Рэдакцыя «Беларускай газэты» і «Голасу вёскі». Сядзяць (зьлева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Натальля Арсеньнева, Аляксей Сянкевіч. Стаяць (зьлева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Менск, сьнежань 1942 г.

19. Падчас Другой усясьветнай вайны браў удзел у падпольным антынямецкім руху

У ягонай «Аўтабіяграфіі» чытаем: «...у гэтым часе я бяру ўдзел... у падпольным антынямецкім руху. У 1942 г. разам зь іншымі... бяру ўдзел у заснаваньні нелегальнае антынямецкае „Беларускае Незалежніцкае Партыі“, па лініі гэтае ж партыі прычыняюся да падрыхтаваньня ліквідацыі нямецкага агента Акінчыца...»

20. Быў вельмі здатны да моваў

«...свабодна валодаю беларускай, расейскай, украінскай, польскай і чытаю на ўсіх іншых славянскіх мовах; з эўрапейскіх моваў — нямецкай, ангельскай... францускай...»

У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы з кнігі Антона Адамовіча «Да гісторыі беларускае літаратуры». Менск, 2005.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG