Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» працягваюць галадоўку, патрабуюць сустрэчы з Качанавай, Караевым і Лукашэнкам


Галадоўка пратэсту актывістак руху «Маці 328». 14 чэрвеня 2019 году
Галадоўка пратэсту актывістак руху «Маці 328». 14 чэрвеня 2019 году

Трынаццаты дзень у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну працягваецца галадоўка пратэсту трох актывістак руху «Маці 328». Да іх далучылася лідэрка ініцыятывы Ларыса Жыгар.

Тры актывісткі — Алена Кузьміна, Ала Берналь і Людміла Кулініч — пачалі галадоўку 11 чэрвеня, у розныя дні да іх далучаліся яшчэ 5 жанчын, нядаўна да іх далучылася Ларыса Жыгар, кіраўніца ініцыятывы «Маці 328». Актывісткі руху «Маці 328» дамагаюцца большай лібэралізацыі антынаркатычнага артыкулу Крымінальнага кодэксу.

Галадоўніцы напісалі лісты ў адміністрацыю Лукашэнкі і МУС

Кіраўніца ініцыятывы «Маці 328» Ларыса Жыгар паведаміла Свабодзе, што галадае трэці дзень:

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Вырашыла для сябе, што буду галадаць бестэрмінова, пакуль хопіць сілаў. Трэба падтрымаць галадоўніц, каб іхная барацьба не была дарэмнай. У мяне тыя ж патрабаваньні, што ў астатніх — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляд справаў паводле артыкулу 328. Але напярэдадні сваёй я галадоўкі я напісала лісты ў адміністрацыю Лукашэнкі і ў Міністэрства ўнутраных спраў. Прашу тэрміновай сустрэчы, пакуль у мяне яшчэ ёсьць сілы паехаць да іх і размаўляць», — расказала Ларыса Жыгар.

Лідэрка руху «Маці 328» разьлічвае сустрэцца з кіраўніцай прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Качанавай, каб абмеркаваць тое, як будзе ўжывацца новы закон аб папраўках у артыкул 328.

«Нават адвакатам яшчэ незразумела, ці будуць зьмены тычыцца прысудаў, вынесеных раней. Мы прапануем стварыць камісію з прадстаўнікоў парлямэнту, судоў, пракуратуры і з нашым удзелам, каб абмеркаваць усе складаныя пытаньні. А на сустрэчу з новым міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым разьлічваю, каб абмеркаваць практыку ўтрыманьня асуджаных паводле артыкулу 328. Тут у нас таксама шмат пытаньняў, якія з былым міністрам абмеркаваць не ўдалося», — кажа Ларыса Жыгар.

Напярэдадні галадоўкі Ларыса Жыгар размаўляла праз тэлефон з сынам, які адбывае пакараньне. «Кажа, што ў калёніі ўсе ведаюць пра новую галадоўку „Маці 328“ і спадзяюцца, што прынятымі зьменамі ў артыкул дэпутаты не абмяжуюцца», — сказала Ларыса Жыгар.

Да галадоўніц прыяжджалі лекары

Раніцай 24 чэрвеня ў вёску Востраў зноў прыяжджалі мэдыкі для агляду галадоўніц.

Алена Кузьміна
Алена Кузьміна

«Узважылі нас і замералі ціск. Людміла Кулініч страціла 9 кіло, Ала Барэль — 7, у мяне — мінус 6 кіляграмаў. Ціск ва ўсіх нізкі. Зноў прапаноўвалі шпіталізацыю, але мы адмовіліся. Пакуль яшчэ ёсьць сілы, будзем трымацца. З намі на кантакт ніхто з высокага кіраўніцтва так і не выходзіў», — сказала Свабодзе Алена Кузьміна.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»

11 чэрвеня актывісткі руху «Маці 328», дзеці якіх адбываюць пакараньне паводле наркатычнага артыкулу, абвясьцілі галадоўку.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць

  • Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам;
  • Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства;
  • Перагляду спраў па 328-м артыкуле;
  • Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі»:
  • Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы;
  • Амністыі для непаўналетніх;
  • Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу.

13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады.

У красавіку-траўні 2018 годe актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкулу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG